АКТУАЛЬНЫЕ ТЕМЫ: Коронавирус Олимпиада Единый кандидат оппозиции Выборы-2020 Беларусь-Россия Убийство Павла Шеремета
Стратэгія на выбары: дзеля пратэсту або яднання?

Стратэгія на выбары: дзеля пратэсту або яднання?

У межах апазіцыйнай кааліцыі, якая праз народнае галасаванне (праймерыз) выбірае адзінага кандыдата на прэзідэнцкую выбарчую кампанію-2020, абмяркоўваем стратэгію дзеянняў.

Плошча па-старому

Адзін з прапанаваных варыянтаў, які ўжо часткова апублічніўся ў прэсе, грунтуецца на ўсемагчымых ультыматумах і пратэстах. Прычым паміж ультыматумамі, якія мяркуецца высунуць, і пратэстамі як наступствамі ў выпадку ігнаравання ўльтыматумаў часам бракуе логікі. Жыццё паказала, што ўсе пытанні, якія з’яўляюцца важнымі для апазіцыі, але не знаходзяць водгуку ў шырокіх масаў, не здольныя мабілізаваць вялікую колькасць удзельнікаў пратэстаў. А самае галоўнае - такі падыход выглядае пужалкай для беларусаў, якія хочуць пераменаў, але не ангажаваныя ў актыўнае палітычнае жыццё.

Бо за перамены выступаюць з рознымі матывацыямі. Камусьці перадусім не хапае дэмакратыі, і ён гатовы змагацца за яе нават адзіночным пікетам, а некаму - дабрабыту, дзеля якога ён гатовы выступіць супраць Лукашэнкі пакуль што толькі у форме бяспечнага пратэстнага галасавання на выбарах. Пакуль што, бо бачыць малаколькаснасць вулічных пратэстаў і рэпрэсіўныя наступствы.

Што прапануе “ультыматыўна-вулічны план”? Перадусім патрабаваць няўдзелу Лукашэнкі ў выбарах і звальнення Ярмошынай. Калі патрабаванне не задавольваецца, то апазіцыя мае заклікаць да пастаянных пратэстаў адразу пасля абвяшчэння выбарчай кампаніі. Калі будуць рэпрэсіі і не зарэгіструюць адзінага кандыдата (подпісы за яго чамусьці павінны збірацца нягледзячы на невыкананне ўльтыматуму пра няўдзел Лукашэнкі), то тады - байкот. Калі выбары будуць сфальсіфікаваныя, то выстаўляецца чарговае патрабаванне-ультыматум - ужо пра адстаўку Лукашэнкі… То бок, гэта план, які апазіцыя ў розных варыяцыях з 2001 года спрабавала беспаспяхова рэалізаваць.

Плошча па-новаму

Я прапаную іншы план - “Зробім самі”. Яго задача - прадэманстраваць альтэрнатыву, якая кансалідуе прыхільнікаў пераменаў, і натхніць на супольныя масавыя дзеянні дзеля змены ўлады. Ключавым этапам з’яўляецца дэманстрацыяй салідарнай большасці праз арганізацыю масавай Плошчы напярэдадні галасавання.
Плошчы, якая павінна стаць інструментам ціску на ўсе элементы-вінцікі ўладнай машыны, якія маюць дачыненне да фальсіфікацыі выбараў, а пры патрэбе, натхніць людзей і на пратэст пасля выбараў.

Але! Прынцыповы момант: вулічныя акцыі павінны арганізоўвацца толькі пасля рэгістрацыі адзінага кандыдата ад апазіцыі!
Тады іх можна будзе ладзіць легальна ў межах агітацыйнай кампаніі. Каб не падстаўляць людзей пад бессэнсоўныя затрыманні ці штрафы. Толькі так можна далучыць да апазіцыі вялікую колькасць беларусаў, якія хочуць змены ўлады. У адваротным выпадку - пратэставаць супраць Лукашэнкі і патрабаваць сумленных выбараў выйдуць некалькі сотняў, хай і мужных, апазіцыянераў. І іх будзе нават меней, чымсьці падчас снежаньскіх акцый за незалежнасць.

Дый толькі дзякуючы прыцягненню новых людзей мы зможам сапраўды падрыхтаваць патрэбную вялікую колькасць назіральнікаў за падлікам галасоў ці валанцёраў, якія дапамогуць назіральнікам. Гаворка пра татальнае назіранне, калі на кожным выбарчым участку 10-20 ці нават больш чалавек будуць патрабаваць ад сябраў выбарчых камісій дзейнічаць паводле выбарчага заканадаўства і паказваць кожны бюлетэнь для галасавання.

У сваю чаргу толькі масавая Плошча напярэдадні галасавання ды істотная колькасць назіральнікаў і валанцёраў стануць ілюстрацыяй рашучага настрою беларусаў на змену ўлады і глебай для запуску сапраўды масавых паслявыбарчых пратэстаў і страйкаў у тым выпадку, калі ўлады чарговым разам скрадуць у кансалідаванага грамадства надзею на перамены.

21.02.20 14:19

Юрий Губаревич