Падазроная мода РПЦ 11.11.2015 7

У нашай Налібацкай пушчы - не нацпарк, але калі амаль 10 гадоў таму там узяліся будаваць царкву, то мясцовыя людзі хадзілі з разяўленымі ратамі. Праваслаўных у нас з 500 чалавек мо з дзясятак набярэцца. Усе яны каторы год ходзяць у касцёл.

Нават пасля адкрыцця царквы яны працягваюць туды хадзіць. Спачатку старэйшыя людзі абураліся, але потым змірыліся. Бо ніхто не мог дапетрыць, навошта у каталіцкай вёсцы царква. Яна ў нас стаіць у цэнтры вёскі. Пра яе існаванне нагадвае толькі гук званоў, бо людзей каля яе не пабачыш.

У царкве служаць два папы, якім купілі "эксклюзіўны" на нашыя ўмовы дом і дзялянку былога старшыні калгаса. І гэтыя папы, відаць, адзіныя наведнікі царквы.

Калі Юрый Жыгамонт здымаў у Налібаках свае "Падарожжы дыленатна", то ксёндз дазволіў яму здымаць у касцёле, але папы катэгарычна адмовіліся пускаць яго ў царкву. Раз у нас у гасцях была жончына бабуля, яна праваслаўная. Пайшла на малебен, пацалавала клямку і вярнулася.

Я за тое, каб у нас у вёсцы пабудавалі нават кірху, філармонію, планетарый і консульства Аргентыны. Але праходзячы каля іх, я буду чухаць патыліцу і думаць пра тое, што іх інвестары хацелі гэтым сказаць.


На адным танцоле 08.11.2015 1

Vitali Tsyhankou з якім мы, як выявілася, скакалі на адным танцполе падчас канцэрту Крамбамбулі, але так і не перасякліся, даў сёння добры адказ на пытанне: чаму на мітынгі выходзіць значна менш людзей, чым на такі канцэрт Крамбамбулі?

- Калі людзі адчуюць патрэбу, неабходнасць, перспектыву, сэнс, і галоўнае – надзею, то яны выйдуць.

Усё слушна. Патрэбу і неабходнасць адчувае шмат хто. Праблема з надзеяй і перспектывай. Гэту дэпрэсіўнасць можа зламаць толькі рэальнае зразуменне, колькі побач ёсць людзей, такіх як ты. Кажу гэта як чалавек, які бачыць сітуацыю, у тым ліку, і з боку. Людзі часта перакананыя, што ў сваіх гарадах, вёсках, дамах, вуліцах – яны адзіныя, хто мае такія погляды, а таму і маўчаць, каб лішні раз не ўляпацца ў спрэчку ці нават сварку. І гэтае адчуванне самоты параджае дэпрэсію.

Пару прыкладаў. Першыя чатыры са школьных гадоў. Аднаго разу я папрасіў у настаўніка даць пачытаць кніжку Яна Баршчэўскага. На першай жа старонцы подпіс “такому і такому ад абласной арганізацыі БНФ”. А чалавек ані разу за цэлыя гады не даў такога намёка. Слухаю дома “Свабоду”. Да бабулі заходзіць суседка: - “О, дык і ты Свабоду слухаеш”. Ідуць па сваёй вёсцы і бачу, што ў паштовай скрыні на плоце “Народная воля”. Разгаварыўся так з адным аднавяскоўцам, а ён, аказваецца, яшчэ з 90-ых разам з жонкай у БНФ. Быццам бы гаворыш з людзьмі на вуліцы пра кароў, сабак, сена, і не ведаеш, што агульных тэмаў у вас значна больш. І гэта давала свой плён. У 10-ым класе мы з сябрамі з вёскі зладзілі канцэрт НРМ у Стоўбцах. Шмат хто мне казаў, што гэта мёртвы нумар. Першыя хвіліны размовы з кіраўніцтвам ДК не давалі надзеі, але потым “дзьве душы” зразумелі, што яны вяшчаюць на той самай хвалі і ўсё атрымалася. 300 чалавек трэслася праз тыдзень на адзіным у нашым раённым цэнтры канцэрце НРМ у гісторыі.

Гартаю летась альбом “Менская вясна-1996” і бачу ў спісе затрыманых бацькавага аднакласніка, рабочага завода, які часам прыязджае да бацькоў у госці і хоць бы раз загаварыў на гэтыя тэмы. Памятаю, як на Белсат прыйшоў ліст з маёй вёскі, дзе людзі скардзіліся на карупцыю ў адным дзяржпрадпрыемстве і прасілі памагчы. Гляджу подпісы і не магу паверыць, што гэтыя людзі, якіх я, здавалася б, ведаю “як аблупленых”, пішуць такі ліст і яшчэ падпісваюцца ўласнымі імёнамі.

Заходжу летам у госці да знаёмых – на каміне “Пагоня”. А яны на маё здзіўленне кажуць: дык вунь і ў суседа “Пагоня”. Іду ў тую хату, а там “Пагоня” на палову дзвярэй.

Іду месяц таму па вёсцы, спыняе адзін дзядзька. Распытвае пра выбары, што я думаю і г.д. Не хачу спрачацца і стараюся размаўляць пра надвор’е, а ён тут раптам пачынае чытаць міні-лекцыю на тэму “Чаму Лукашэнку трэба на пенсію”. У гэты ж дзень увечары да бацькоў звоніць незнаёмая мне кабета, якая 15 хв., ледзь не плачучы, распавядае пра сваё жыццё, пра рэпрэсаваную камуністамі сям’ю, пра сённяшні маразм і просіць перадаць дзякуй усім журналістам Белсата (дарэчы, пры нагодзе перадаю). Пасля таго, як я завёў блог па лакальнай гісторыі, да мяне пачалі пісаць землякі. Пішуць па-беларуску. Запрашаюць у госці. Пішуць нават тыя, каго я найменш падазраваў не толькі ў цікавасці да гісторыі, але і да чытання ўвогуле. Таксама і яны, жывучы побач, думаюць, што навокал жывуць людзі, якім нічога не трэба, апрача чаркі, шкваркі і іншамаркі. Гэта ўбівае ў галовы ўлада і шмат хто з нас прыняў гэту хлусню за праўду.

Я ведаю шмат умоўных Іванаў Шылаў, якія працуюць аграномамі, настаўнікамі, інжынерамі, рабочымі на заводах і г.д. Людзі ціхенька робяць сваю справу, не хочуць асабліва высоўвацца, бо лічаць, што яны такія адны.

Зразумела, што паміж разумець і дзейнічаць - яшчэ вялікі адрэзак дарогі. Але яны ўжо прынамсі стаяць на адным танцоле і скачуць пад тую самую музыку. Бяда, што ніяк не могуць перасячыся.

Ці можна быць беларусам і габрэем адначасова? Нават трэба! 06.11.2015 7

Падчас дыскусій у Твітарах і Фэйсбуках з вялікім здзіўленнем адкрыў, што некаторыя прагрэсіўныя людзі слова нацыя і народ усё яшчэ атаясамліваюць з канкрэтным этнасам. Кажаш "беларуская нацыя" і пачынаюцца з'едлівыя каментары пра таталітарызм. Гаворыш "культурнае адзінства нацыі" і гэта пачынаюць успрымаюць, як прапанову замерваць сківіцу, праводзіць тэст на блікітнасць вачэй, мяккасць С і цьвёрднасць Ч.

Гэты выраз пра культурнае адзінства належыць, дарэчы, таму самаму чалавеку, які нядаўна напісаў у артыкуле пра беларускіх татараў, цытую - "беларускія татары - гэта найлепшыя беларусы". У час яго палітычнага ўзлёту ў 1990-ыя гады ягонае атачэнне складалася, у тым ліку, і з украінцаў, расейцаў, габрэяў і палякаў. Але я наўмысна не называю прозвішча, бо тут не пра гэту асобу, а пра выразы і значэнні.

Значэнне нацыі, як нечага этнічнага, для Беларусі было неактуальнае нават 100 гадоў таму, а гэта значыць, што па-сутнасці ніколі. Бо сам праект Беларусь развівалі беларусы, габрэі, палякі, рускія, татары і г.д. Але ўсе гэтыя людзі прымалі ўдзел менавіта ў праекце пад назвай "Беларусь". Рускія, як адзін з заснавальнікаў нашага тэатра Міровіч, вучылі беларускую мову і самі заахвочвалі гэта рабіць іншых, у тым ліку і беларусаў. Серб Пічэта развіваў нашу навуку. Палякаў розныя чарнасоценцы ўвогуле абвінавачваюць, што гэта яны стаяць за "беларускай аванцюрай". Габрэі для нашай культуры зрабілі, бадай, не менш, чым самі беларусы. Татары, як мы ўжо ведаеш, гэта самыя лепшыя беларусы. І гэтак было шмат дзе. Ісландыю заснаваў нарвежац, але самі ісландцы цяпер называюць яго ісландцам, хаця ўсе ведаюць адкуль ён прыплыў.

Вядома, ёсць палякі, габрэі і іншыя ў Беларусі, і яны хочуць захоўваць сваю адметнасць. І задача дзяржавы дапамагчы ім у гэтым, бо інакш яны рэальна будуць чакаць "сваіх танкаў". А задача нац. меншасцяў быць лаяльнымі да сваёй дзяржавы і атаясамліваць сябе з ёй. Вунь новая канадская міністр працы - этнічная ўкраінка. І што, яна не канадка таксама? Алеся Кіпель, якая працуе ў МУС ЗША, яна беларуска. І што, яна не амерыканка таксама? Захоўваючы сваю ўнікальнасць гэтыя людзі не ставяць падзелу на "мы" і "яны".

У нарвежцаў ёсць выдатны нацыянальны лозунг "Усё для Нарвегіі". І лаяльнасць гэтаму лозунгу, як мне падаецца, і ёсць маркерам прыналежнасці да нарвежскага народа.

Цяпер яшчэ модна дзяліць нацыянальны патрыятызм і грамадзянскі, так званы сучасны. Нацыянальны - павага да гісторыі, культуры, каранёў і г.д. Сучасныя (грамадзянскі) - плаціць падаткі, сумленна працаваць, этычна паводзіць сябе ў дачыненні да іншых, прыбіраць какашкі сабакі, якая наваліла на тратуры. Маўляў, от ёсць старыя кансерватыўныя патрыёты,хай водзяць свае карагоды і спяваюць народныя песні, а ёсць сучасныя патрыёты. Не ведаю, як адно пярэчыць другому. Не разумею, ці чалавек, які ходзіць на Дзяды не можа прыбраць пасля сабачкі, ці заплаціь падатак, не гыркаць на іншага і наадварот.

З нацыяй тое ж самае. Кітайцы альбо габрэі ў ЗША кладуць руку на сэрца і спяваюць амерыканскі гімн, адзначаюць Дзень падзякі, ходзяць у амерыканскія школы, глядзяць Super Bowl, носяць майкі з амерыканскім сцягам, на Алімпіядзе заўзеюць за амерыканскую зборную. І думаю, што заўзеюць за Амерыку не толькі ў спорце. Хочаш - не хочаш, а супольныя каардынаты мусяць быць. Гучыць непаліткарэнта, але гісторыя гэта пацьвярджае. Калі іх няма, то карабель зробіць тое, што сказаў некалі Пуцін і будзе "Дамбас".



Беларускія Дзяды ў Варшаве 01.11.2015 1

Варшаўскія могілкі Павонзкі - гэта галоўная некраполія польскай сталіцы. Там пахаваныя дзяржаўныя дзеячы, вайскоўцы, навукоўцы, пісьменікі, акторы і духоўныя асобы, якіх палякі называюць сваім нацыянальным скарбам. Сярод гэтых сотняў пахаванняў ёсць і магілы людзей, якія нарадзіліся на тэрыторыі сённяшняй Беларусі. Наша краіна была для іх не толькі месцам нараджэння, там яны фармаваліся, як асобы, а наша культура аказала на іх вялізны ўплыў. Гэтых людзей ушаноўвалі на Дзяды варшаўскія беларусы.
 

Больш паўсотні нашых суродзічаў прыйшлі на Беларускія Дзяды. Пасля 12 гадзіны яны рушылі з месца збору калонай пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

   

Павонзкам больш за 200 гадоў. Гэта больш, чым проста могілкі. Гэта нацыянальная некраполія. Штогод на Дзяды Павонзкі наведваюць дзясяткі тысяч людзей. Адтуль вядуць жывы эфір тэлеканалы і радыёстанцыі. Час ад часу на сцежках можна сустрэць вядомых польскіх дзеячоў культуры са скарбонкамі. Яны збіраюць грошы на аднаўленне старых помнікаў. Гэтай традыцыі ўжо больш за 40 гадоў. Кожны год на аднаўленне Павонзка яны збіраюць дзясяткі тысяч злотых.


Першы прыпынак нашага шэсця - магіла кампазітара Станіслава Манюшкі, ураджэнца фальварка Убель пад Менскам. У Польшчы Манюшку называюць бацькам нацыянальнай оперы. Гэта праўда. Але вялікі ўплыў Манюшка зрабіў і на беларускую вакальную культуру. Дарэчы, у многіх сваіх твораў за аснову Манюшка браў беларускіх фальклор.


Маладосць кампазітара прайшла ў Менску. Толькі маючы 18 гадоў ён паехаў у Берлін. Тым ня менш, нацыянальная прыналежнасць Манюшкі не перастае быць тэмай спрэчак. Мінаючы наш міні-мітынг, спадар сярэдніх гадоў, пазнаўшы беларускі сцяг, прамовіў у наш бок: "Але Манюшка то был поляк, он не был Бялорусінэм".


Пра жыццёвы шлях і творчы даробак славутых ураджэнцаў Беларусі нам распавядае Зянон Пазьняк. Кандыдат мастацтвазнаўства ведае, бадай, усё пра Манюшку. Каля магілы кампазітара ён прамаўляе 20 хвілін. Затым людзі моляцца, запальваюць знічы і нашае шэсце ушыць далей.


Ідзем да магілы нарачонай Кастуся Каліноўскага Марыі Ямант.


Зянон Пазьняк распавядае, што Ямант пазнаёмілася з Каліноўскім за пару гадоў да паўстання. Калі паўстанне пачалося, яна імгненна да яго далучаецца. Дарэчы, менавіта ёй наш нацыянальны герой прысвяціў свой верш "Марыська чарнаброва, галубка мая".


Пасля паўстання Ямант з сям'ёй выслалі ў Сібір. Пасля ссылкі, у 1874 годзе, яна выехала ў Варшаву. На яе магіла напісанае прозвішча Дмахоўска. У Варшаве яна ажанілася з былым паўстанцам Войцехам Дмахоўскім. Памерла наша гераіня ў 1908 годзе.


Беларускія акцэнты на Павонзках - на кожным кроку. Побач з магілай Марыі Ямант бачу пахаванне роду Незабітоўскіх. А побач пара старэйшых гадоў запальвае знічыю Падыходжу, пытаю, ці гэта выпадкова не той Незабітоўскі, што перад вайной меў фальварак пад Івянцом. Спадарыня ківае галавой: -Так, ён з іншай галіны нашага роду. Тлумачу пані і пану, што іх продак у 1930-ыя гады зафундава у мясцовасці Хатава ў Налібацкай пушчы цудоўны касцёл і меў вялізную рыбную гаспадарку, спіртзавод, якія давалі працу ўсёй ваколіцы. Але час ісці далей.


У гэты дзень мала каторае пахаванне не мае запаленага зніча. У палякаў ёсць цудоўная традыцыя. Калі на Дзяды яны бачаць магілу, на якой не паліцца зніч і бачна, што за ёй няма каму сачыць, то яны прыпыняюцца там, прыбіраюць лісце, запальваюць свечку і моляцца.


А нашае шэсце, тым часам, ідзе далей. У цэнтральнай частцы могілак пахаваны ўраджэнец Наваградчыны - Ян Булгак.


На надмагіллі Булгака напісана, што ён з'яўляецца бацькам польскай фатаграфіі. Нарадзіўся Булгак у 1876 годзе ў фальварку Асташын пад Наваградкам. У 2004 годзе выдавецтва "Беларусь" выдала кнігу яго ўспамінаў у перакладзе на беларускую "Край дзіцячых гадоў". У гэтым шыкоўным выданні з фотаздымкамі Булгак распавядае не толькі пра гісторыю сваёй сям'і. Гэта кніга пра Наваградчыну, дзе вялікая ўвага надаецца беларусам і беларускай культуры, якая для Булгака была сваёй.


Затым варшаўскія беларусы наведалі магілы пісьменнікаў Адама Плуга і Вінцэнта Каратынскага, кампазітара Мечыслава Карловіча, музыкі Чэслава Немэна, этнографа Міхала Федароўскага, аўтара чатырохтомнага збору беларускага фальклору. Прыемнай неспадзяванкай стала сустрэча на Павонзках экс-прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскана. Ён пазнаў беларускія сцягі і Зянона Пазьняка. Пасля фотаздымкаў на памяць Камароўскі пайшоў сваёй дарогай (чальцы яго сям'і, родам, дарэчы, з Віленшчыны, пахаваныя на Павонзках), а беларусы пайшлі сваёй сцежкай.


Каб наведаць Павонзкі, запаліць знічы, памаліцца альбо проста пашпацыраваць па месцы, дзе пахаваная эліта эліт суседняй Польшчы, можна і не чакаючы наступных Дзядоў. Трапіць на Павонзкі з Цэнтальнага вакзала трамваем можна за 15 хвілін. А даведацца пра месцы пахаванняў ураджэнцаў Беларусі можна дзякуючы арганізатарам Беларусіх Дзядоў, ініцыятыве Беларуская нацыянальна памяць.

‪Палонафобія‬ ‪i ‎палонафілія‬ ‪ 27.10.2015 5

Ёсць два памылковыя погляды беларусаў на Польшчу.

Погляд нумар 1: Палякі з дрыжачамі рукамі штодня прагладаюць сайты і газеты з надзеяй дазнацца, што там у беларусаў і як ім памагчы, каб суседзі хутчэй пазбавіліся аўтарытарызму, далучыліся да ЕС, НАТО.

Погляд нумар 2: Палякі з дрыжачымі рукамі штодня праглядаюць сайты і газеты з надзеяй хутчэй дазначацца, ці вярнулася Гародня ў склад Польшчы-маткі і ці пад Ракавам аднавілі памежныя слупы з польскім арлом.

Абодва яны памылковыя. Як у кожным нармальным грамадстве, сярод палякаў ёсць разумныя, дурныя, вар'яты, і тыя, каму ўсё да лямпачкі. Таму маляванне настрояў у Польшчы адносна Беларусі і беларусаў адным колерам - страшэнна прымітыўнае.

Як і амаль кожны ўрад на свеце, польскі ўрад дбае найперш пра сваіх грамадзян, пра іх камфорт і бяспеку. Звяно ў гэтым ланцужку: незалежная і прадказальныя Беларусь, не варожая Польшчы. На гэтую мэту Польшча штогод выдаткоўвае са свайго бюджэту мільёны, якія б магла выдаткаваць на іншыя патрэбы, якіх у краіне хапае. Дзякуючы гэтым грошам рэалізуюцца сацыяльныя, медычныя, адукацыйныя праграмы ў Беларусі і для беларусаў у Польшчы. Дзякуючы, між іншым, гэтым грошам беларусы маюць незалежныя СМІ, кніжкі, часопісы і газеты на беларускай мове, часта не падазраючы пра гэта. У беларускіх пісьменнікаў і мастакоў, дзякуючы гэтай падтрымцы, ёсць магчымасць пісаць, маляваць. Дзякуючы падтрымцы палякаў, беларусы могуць аплаціць штрафы за "лаянку" і "спраўленне патрэбы ў грамадскім месцы".

Польшча магла б прыкінуцца шлангам і паводзіць сябе, як Данія альбо Фінляндыя: не заўважаць Беларусь. Можна нават на хвіліну ўявіць, што замест Польшчы на мапе з'яўляецца дзірка. Многія, пэўна, выдахнуць з палёгкай: ну, цяпер, гэтыя курвы хоць Гародню не забяруць у нас і Агінскі з Міцкевічам на 100% будуць нашыя. А ёсць іншы момант: хто ў свеце будзе здольны замяніць, хай сабе далёка не дасканалую, Польшчу, тое, што яна робіць для таго, каб беларусы заставліся беларусамі, а не рускімі са знакам якасці?

Калі Польшча заслугоўвае крытыку, давайце яе крытыкаваць. Але давайце таксама проста трымаць за яе кулакі, калі тут і цяпер нам з ёй па дарозе.


Самая касавая польская аўтарка - беларуска 21.07.2015 2

Катажыну Бонду называюць «каралевай польскага дэтэктыву». Усе яе кнігі сталі на польскім кніжным рынку бэстсэлерамі й прадаюцца сотнямі тысяч асобнікаў.


У інтэрвію «Польскаму радыё» Бонда распавядае пра вучобу ў беларускім ліцэі, пра ўсьведамленьне сябе беларускай, пра сямейную трагедыю пасьляваенных гадоў і пра сваю апошнюю кнігу, сюжэт якой разгортваецца на Падляшшы.






У Налібаках адзначылі Дзень мястэчка (фота) 28.06.2015

27 чэрвеня налібачане адсвяткавалі Дзень мястэчка. Урачыстасці пачаліся раніцай святочнай імшой у касцёле Ўнебаўзяцца Найсвяцейшай Марыі Панны, а завершыліся дыскатэкай у мясцовым Доме культуры раніцай наступнага дня. Глядзіце фотасправаздачу святкавання.
Читать дальше...

Падзяка Нямцову ад КГБ 02.03.2015 2

Гэту гісторыю мне аднойчы распавёў прыяцель Барыса Нямцова. Не верыць гэтаму чалавеку я не маю падставаў.
Читать дальше...

У працяг дыскусіі пра пятую калону ў Беларусі 25.02.2015 2

Алесь Чайчыц у апошніх допісах на сайтах Радыё “Свабода” і "Белпартызана"і “Нашай Нівы” сцьвярджае, што карыстанне дапамогай вонкавых сілаў дзеля абароны сваіх інтарэсаў ва ўмовах “калі беларусы адсутнічаюць як адзіны скаардынаваны цэнтар сілы” мае больш мінусаў, чым плюсаў. Маўляў, ёсць Белсат, радыё “Рацыя”, шэраг іншых СМІ, якія карыстаюцца польскай дапамогай. Нібыта і нясуць яны беларускае слова, і глыток свабоднай інфармацыі, але шкоды ад іх можа быць яшчэ больш, паколькі ў будучыні яны стануцца маральнымі даўжнікамі польскай дзяржавы, а можа і цалкам “прадажнымі” ёй.
Читать дальше...

Беларус, які прыдумаў рускую інфармацыйную вайну 19.02.2015 6

Яшчэ да пачатку рускай вайны супраць Украіны мне ў рукі трапіў інфармацыйны зборнік “Безопасность” расейскага Фонда нацыянальнай і міжнароднай бяспекі. Шукаць гэта бюлетэнь у сеціве дарэмна. “Безопасность” - гэта закрытае выданне. Яго заснавальнікам і галоўным рэдактарам быў генерал-маёр Леанід Шаршнёў, які памёр у Маскве ў студзені 2014 года.  
Читать дальше...
Страницы: Пред. 1 2 3 4 5 След.
Читать другие новости