АКТУАЛЬНЫЕ ТЕМЫ: Протесты Репрессии Всебелорусское собрание Итоги Конституционная реформа Павел Шеремет Эпидемия
Парада Лукашэнкі, якую варта паслухаць

Парада Лукашэнкі, якую варта паслухаць

За два дзясяткі гадоў Лукашэнка абвёў вакол пальца значную частку грамадства.  Многія беларусы пачалі верыць у кожнае ягонае слова, у кожны сказ, нават калі канец пярэчыць пачатку. Цяпер ён узяўся за тых, хто яшчэ думае сам,  а не з дапамогай прапаганды. За тых, хто здольны адрозніць акупацыю Крыма ад “воссоедіненія русскіх земель”, імперскую экспансію ад “цівілізаціі русского міра”.

У Адама Міцкевіча ёсць паэма пра ліцьвінскага хлапчука Альфу, якога выкраў і выхаваў крыжацкі магістр. Хлопец скараецца і становіцца рыцарам Конрадам Валенродам, верным свайму ордэну і магістру. Але ўнутры ў яго б’ецца сапраўднае ліцьвінскае сэрца і яно прагне помсты. Валенрод – гэта сінонім ваўка ў авечай скуры. Ён грае ролю лаяльнага рыцара, а насамрэч ідзе на падман, на ўсемагчымыя маральныя паскудствы, нават здраджвае “радзіме”, а ўсё дзеля дзеля таго, каб нанесці ворагу смяротны ўдар.

Прымераць на сабе маску Конрада Валенрода спрабуе апошнім часам Аляксандр Лукашэнка. І чым менш часу застаецца да прэзідэнцкіх выбараў, тым лепш бачна, што гэта становіцца яго фішкай падчас выбарчай кампаніі, якую ён даўно распачаў і эфектна праводзіць.

У Лукашэнкі ёсць палітычная інтуіцыя. Адчуўшы ў грамадстве попыт на антыімперскасць і страх перад Расеяй, ён спраўна падсілкоўвае чаканні вялікай часткі беларусаў. Але адзінае, што яго цікавіць насамрэч – гэта ён сам.

Гэты вірус дайшоў і да людзей, ад якіх я найменш чакаў словаў “ну, малайчына, Бацька, во дае”. Маўляў, столькі гадоў спраўна даіў “усходняга брата”, абяцаў увайсці ў саюз, кляўся, што крыжам ляжа пад натаўскія танкі, калі тыя пойдуць на Крэмль, а тут раптам такое. Удар нажом у спіну. І “бандэраўцаў” падтрымаў, і “Наваросію” не прызнаў, троліць Пуціна тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі, абяцае другую Фінляндыю. І за родную мову яму сэрца баліць, Быкава і Караткевіча ўзгадвае.

Дайшло да маразму, калі людзі, якія не раз уласным целам адчулі моц міліцэйскай дубінкі за адстойванне права выбару, кажуць сёння: “Уяві сабе, што будзе, калі Саннікаў, Статкевіч альбо Мілінкевіч прыйдуць да ўлады і пачнуць уводзіць беларускую мову. Пуцін жа адразу на нас нападзе. Во дзе будзе”.

А гэтае “будзе” ўжо даўно пачалося і паспяхова ідзе наперад. Для гэтага не трэба было высылаць у Беларусь дыверсантаў, перадаваць ім зброю і актывізоўваць “пятую калону”. Руская школа, руская прапаганда, руская культура паціху робяць тое, што ў іншай сітуацыі робяць танкі і Букі. Дадайце да гэтага кактэйлю эканамічную залежнасць, Дамову аб калектыўнай бяспецы,расейскія ваенныя аб’екты, Мытныя і Еўразійскія звязы і адсутнасць мяжы на ўсходзе. Усё гэта спадчына апошніх 20 гадоў. Дык з якога перапуду чалавек, які паслядоўна увесь гэты час праводзіць такую палітыку, раптам мае ператварыцца ў ратаўніка ад наступстваў сваёй жа палітыкі?

Ужо каторы месяц мяне не пакідае пачуццё дэжа вю. 10 гадоў таму я чуў прагнозы, што Лукашэнка прыйдзе да татальнай беларусізацыі. У краіне няма аніводнага ВНУ на беларускай мове, беларускамоўныя школы ў вёсках дажываюць свой век, а ў гарадах імі і не пахла. У 2010 годзе я чуў, што выбарчая праграма Лукашэнкі – найлепшая. Дзе сёння тыя аналітыкі і эксперты, дзе іх ацэнка зробленага за пяцігодку? Чаго там толькі не было! І еўрапейскі ўзровень жыцця, і развіццё прыватнай уласнасці, заробкі, якія дазволяць за 5 гадоў набыць жыллё, і ўмацаванне нацыянальнай валюты, зніжэнне падаткаў, прыбытковая сельская гаспадарка і г.д.

Але адзін сказ з праграмы Лукашэнкі 2010 года хочацца вышыць залатымі ніткамі: “В преддверии выборов прошу вас только об одном: не судите по словам - судите по делам!” Лепшы заклік зняць ружовыя акуляры цяжка ўявіць. Нават Конрад Валенрод нэрвова курыць на ўзбочыне.

24.10.14 13:01
Внимание! Материалы в разделе «Блоги» отражают исключительно точку зрения автора. Точка зрения редакции «Белорусского партизана» может не совпадать с точкой зрения автора. Редакция не модерирует и следовательно, не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации и выполняет исключительно роль носителя.

Дзмітры Гурневіч