Дзень Волі ў гіпермоле

Дзень Волі ў гіпермоле

Хоць бы адзін сказаў: “Мо лепей зусім нічога не рабіць?” Не з прычыны стомленасці ад спрачэк сказаў бы, а з той, што адна трасца: шэсце па праспекце ці музыкі ля Опернага тэатра.

Для “свядомага кола”, гэтых вечных палітычных тынэйджараў, Дзень Волі ёсць адным з мацнейшых эратычных перажыванняў. Дужа любяць яны смакаваць падзеі 25 сакавіка 1918 году, калі нараджэнне Беларусі абвесцілі, а нарадзіць яе не здолелі. Такой бяды, здаецца, пазней усё адно якая-ніякая Беларусь з’явілася, з 1991-га дык і незалежнай стала, прычым у межах значна большых, чымся ў 1918-м.

Мяркую, збольшага нелюбоў да ўсяго “савецкага” з боку адраджэнцаў і прыязнае стаўленне да гэтага ж “савецкага” ранняга Лукашэнкі надавалі даце 25 сакавіка палітычную моц. Сёння ж, калі Лукашэнка да сваёй ідэнтыфікацыі “праваслаўнага атэіста” дадаў “рускамоўнага беларускага нацыяналіста” і пра незалежнасць краіны згадвае нават падчас каментавання працы Белгідрамета, у Дня Волі няма палітычнага джала. Альбо яно ёсць вельмі слабое, ніхто не адчувае яго дотыку.

Улады, абраўшы шлях на прыватызацыю пэўнай часткі нацыяналізму, не забываліся і на адміністрацыйна-паліцэйскія сродкі “заспакаення” апазіцыі. Таму сёння яны і могуць прапаноўваць пляцоўку ля Опернага тэатра для святкавання: маўляў, хочаце спяваць беларускія песні і нешта дэклараваць пра незалежнасць – калі ласка, вось вам месца. У шырокага ж кола грамадства скура тоўстая – ніякія спевы і выступы “25.03” яго палітычную свядомасць не абудзяць, нават калі дзея будзе транслявацца ўсімі незалежнымі СМІ ды папулярнымі блогерамі.

Каб тыя ж самыя людзі, што звярнуліся ў Мінгарвыканкам з нагоды 25-га сакавіка, папрасілі пляцоўку для дэманстрацыі беларускасці/беларушчыны ў другі дзень, сталічныя чыноўнікі, мяркую, не былі б супраць: “Нам усё роўна, калі Вайцюшкевіч з Вольскім спяваць будуць: 25 сакавіка ці 8 красавіка”

Спадар Статкевіч з яго патрабаваннем, каб абавязкова было шэсце (якое не стане шматлюдным), не тое што прайграе маладзейшым, “крэатыўным і прасунутым”, калегам, а падкрэслівае аульную нямогласць Дня Волі як з’явы. Спявай, мітынгуй, хадзі па праспекце – любы рух выключна для цябе самога і такіх, як ты, тых, каго ўжо не трэба агітаваць. У праекце “25 сакавіка” для грамадства няма захапляльнай ідэі пераўтварэння жыцця. Без такой ідэі масавыя канцэрты, мітынгі і шэсці магчымыя, калі за іх арганізацію бяруцца ўлады. Вось стануць “чыстыя” нацыяналісты кіраваць краінай, тады і "прывучаць" беларусаў да святкавання 25 сакавіка, як Лукашэнка прывучыў да 3 ліпеня.

Калі ж любоў да Дня Волі з нацыяналістычнага сэрца не выгнаць, то з гэтай любоўю трэба сунуцца туды, дзе мінчукі і госці сталіцы нядзеляй (сёлета 25-га сакавіка прыпадае якраз на нядзелю) час бавяць – у гіпермол. У такіх будынках заўсёды ёсць вялікая пляцоўка, там можна паставіць гукаўзмацняльную апаратуру. Вайцюшкевічу, калі яму заплацяць, няма розніцы, дзе спяваць: ля тэатра ці ў гіпермоле. А я не заплацяць – тым больш няма розніцы (у гіпермоле яшчэ і цяплей). Таксама застануцца з прыбыткам іншыя хлопцы і дзяўчаты, дзядзечкі і цётачкі, якія зарабляюць грошы на беларушчыне (сама арганізацыя мерапрыемства плюс продаж розных тавараў з нацыянальнай сімволікай і такім самым зместам).

І не трэба пераймацца наконт колькасці ўдзельнікаў: народ, што ходзіць па крамах, пачуўшы спевы, спыніцца і паслухае. СМІ і блогеры зробяць цудоўныя рэпартажы ды стрымы, бо атрымаюць магчымасць чапляцца да “простых беларусаў”. А гіпермолу дадатковыя некалькі сотняў пакупнікоў і падзяка ад Мінгарвыканкама (прыватна-дзяржаўнае партнёрства ў дзеянні).

25 сакавіка: Дзень яднанне дробнабуржуазнай, спажывецкай свядомасці беларускай нацыі са свядомасцю нацыянал-дэмакратычнай меншасці.

А спадар Статкевіч, як ён упісваецца ў мерапрыемства?

Спадар Статкевіч са сваім тузінам адэптаў будзе мець магчымасць хадзіць вакол будынка гіпермола, на паркоўцы каля яго і на чысцюткай беларускай мове гучна казаць: “Liberté! Égalité! Fraternité!”
28.02.18 20:36

Игорь Драко