Шоу будзе 06.10.2016 1

А 10 ранку 14 кастрычніка ў Менскім гарадзкім судзе над Эдуардам Пальчысам пачнецца ілжывы закрыты працэс, пра які ягоная жонка Вікторыя напісала: “Шоу ня будзе”. Хаця я мяркую, што беларускае дзяржава робіць усё мажлівае, каб шоу было – мы толькі павінны ініцыятыву гэтую падтрымаць.

Закрытым судом мяне судзілі ў 2006-ым годзе. Гэта быў суд ці не па адзіным палітычным артыкуле ў нашай краіне – 193.1 альбо “дзейнасьць ад імя незарэгістраванай у Беларусі арганізацыі”. Суд, як цяпер памятаю, быў вясёлы – пад вокнамі скандавала дэманстрацыя, а судзьдзя з пракурорам з вока на вока пераконвалі мяне, які я небясьпечны для Бацькаўшчыны індывідум. Я шчэ ня быў такі дасьведчаны ў крымінальных разборках і на паседжаньні нешта спрабаваў судзьдзі даказваць: у апошнім слове зачытваў Біблію, заклікаў да сумленьня і розуму. Пракурор “учитывая социальную опасность преступника” з двух мажлівых гадоў прасіў даць мне два.

І пастанова суда, памятаецца, была ня менш фіерычная. Так у адным абзацы пералічвалася віна: “дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”, якая ставіць за мэту выхаваньне маладога пакаленьня беларусаў на падмурку нацыянальнай ідэі і хрысьціянскіх прынцыпаў”, а ў другім абзацы робіцца выснова: “учитывая социальную опасность преступника и личность абвиняемого – полтора года”. Хоць ніхто і не задумаўся, што “лічнасьць” у мяне да 2006 года была вельмі нават прыстойная – я па 12 гадзін працаваў на рынку і ў вольны ад працы час арганізоўваў мірныя акцыі, пасьля якіх мяне мірна насілі ў аўтазак. Але, якое гэта было шоу – нічога не ўлічылі!

Жарты жартамі, але калі разважаць лагічна, то і цяпер цяжка разабрацца, для чаго тады рэжым спрабаваў учыніць такую зачыстку з ганебнымі судзілішчамі па ўсёй краіне. Але лагічна ў карнай сыстэме ніхто не разважае. Разважаюць адной адзінай сваёй рэпрэсіўнай зьвілінай: задушыць, зьнішчыць, спыніць любое іншадумства. Яны думалі, што закрыюць мяне і дзейнасьць Маладога Фронту тут жа пасыплецца.

І хоць мяне закрылі ў самай праверанай зоне – шклоўскай, рэжым паймеў адваротны вынік – Малады Фронт быў на адным са сваіх уздымаў. Нягледзячы на дзясяткі крымінальных справаў “за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі” моладзь працягвала працу, а цягам суду нада мною і іншымі маладафронтаўцамі паўтары тысячы чалавек паставілі свой подпіс пад заявай: “Я – маладафронтавец”, чым кожны падпісант сьведчыў: судзіце гэтых – судзіце і ўсіх нас.

Гледзячы на ўсё гэта карная сыстэма задумалася і назаўжды спыніла прымяненьне ў дачыненьні да грамадзка-палітычных актывістаў артыкула 193.1, які, дэ-факта, знаходзіцца цяпер пад негалосным мараторыем. І ўсё гэта дзякуючы самаахвярнасьці маладафронтаўцаў і тых, хто праявіў салідарнасьць пад час судоў.

Сёньня ж рэжым спрабуе спыніць тых, хто на галоўным фронце барацьбы – інфармацыйным. І гэта ня дзіва, бо ня намі ж, а самім жыцьцём даказана: “хто валодае інфармацыяй, той валодае сьветам”. Эдуард Пальчыс вельмі добра валодаў інфармацыяй, так добра, што форумныя боты пераконвалі адзін аднаго, што 1863х.com – гэта праект дзярждэпа, а на імя Джон Сільвер працуе адмысловы адзьдзел ЦРУ. Калі я запытваў Эдуарда, як той усё гэта пасьпявае, той адказваў: “Жонка варыць есьці, а я пішу”. Я быў перакананы, што гэта жарт і далей не распытваў. Цяпер жа я сапраўды ведаю, што так і было – Эдуард пісаў па вечарох, калі Вікторыя гатавала вячэру. І вось на аднаго чалавека, які прымусіў трымцець усе спэцслужбы цэлай “пятай імпэрыі, што падымаецца з кален”, уся імпэрыя і абрынулася. Да расправы над таленавітым публіцыстам далучылі правераную на адсутнасьць праўды карную судовую сыстэму Беларусі.

Мясцовая рэжым і шызеючая імпэрыя перакананы, што раздушаць Эдуарда, не пакінуўшы ад ягонай дзейнасьці і сьледу. Але ўсе мы, тыя, хто застаўся на волі павінны дамагчыся адваротнага выніку – Эдуардава слова павінна загучаць яшчэ галосьней, ягоныя артыкулы павінны перачытваць мільёны ва ўсіх кутках былой імпэрыі зла, ягоны сайт 1863х.com павінен трашчаць ад наплыву ахвочых напіцца праўды!

Давайце 14 кастрычніка а 10 ранку падыдзем да Менскага гарадзкога судзілішча (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1) і дапаможам рэжыму зрабіць шоу, якое яны так доўга рыхтавалі, але паказаць, чамусьці, хочуць аднаму толькі Эдуарду. Мы ж павінны паказаць яго ўсяму сьвету. На шоу мы пачнем збор подпісаў пад адным з артыкулаў Джона Сільвера, пад якім кожны ахвочы зможа паставіць сваё імя і прозьвішча, тым самым засьведчыўшы: кожны з нас – Джон Сільвер, хочаце пасадзіць – садзіце ўсіх. Яны захацелі шоу? Шоу будзе!


http://1863x.com/must-go-on/

1283 км чакаюць! 12.09.2016 5

Заклікаю ўсіх прызначэнцаў у саніну палатку спыніць бясчынства і знайсьці ўправу на веткаўскіх лясьнікоў і лясьнічых! 220 руб і 50 кап за два акопы для стральбы лежачы - гэта рабунак сярод бела дня! Калі з кожнага партызана драць па 110 руб і 25 кап (55уа!) за акоп, то ці не прафукаем мы краіну, палаткаўцы?

Зрэшты, нашыя два акопы пад Веткай ўжо аплочаны і застаюцца за Маладым Фронтам. Калі якія партызанскія групоўкі гатовы выкупіць сабе па пару месцаў для стральбы, 1283 км беларуска-расейскай мяжы чакаюць сваіх партызанаў!



“Гэта Я забраў у яго Мой Сьцяг” 14.05.2016 2

Я ня вельмі памятаю рэфэрэндум 1995 года, мне было тады 13 год. Мае бацькі – умераная савецкая інтэлігенцыя: на выбарах 1994 года галасавалі за Шушкевіча, беларускую мову ведалі і на ёй працавалі ў СМІ, але дома на мове мы ніколі не размаўлялі. Я б вырас звычайным апалітычным і расейскамоўным чалавекам. Так было б, каб не 14 траўня 1995 года.

Я зусім ня памятаю той дзень. Але я памятаю непаразуменьне, якое жыло ўва мне: як нацыя можа выракацца свайго сьцяга, свайго герба, сваёй мовы? Ня ведаю чаму, але ў мяне было менавіта такое разуменьне, што сьцяг проста адмяняецца. І я памятаю свае дзіцячыя сьлёзы й сьлёзы некаторых сваіх сяброў, калі мы даведаліся, што нацыя выраклася сьцяга, герба, мовы.

Канешне, мы тады проста ня ведалі пра ўсё тое бясчынства, якое тварылася пры прызначэньні рэфэрэндума й яго правядзеньні. Мы ня ведалі ні пра зьбіцьцё дэпутатаў парламента проста ў самім парламанце; мы не маглі падумаць, што галасаваньне можна фальсіфікаваць; а такога панятку, як адміністрацыйны рэсурс, ня чулі ўвогуле.

Але менавіта тыя дзіцячыя сьлёзы па разадраным на даху адміністрацыі Лукашэнкі Бел-Чырвона-Белым сьцягу й прывялі мяне праз шэсьць год у “Малады Фронт”. Менавіта “рэфэрэндум”, а па сутнасьці – дзяржаўны пераварот, 1995 года прывёў мяне да Беларушчыны.

І я часта думаў: навошта так адбылося, навошта ў нас забралі сьцяг і вырвалі гісторыю? І як нам заўсёды мроілася, каб Бел-Чырвона-Белы сьцяг застаўся і быў нават пры Лукашэнку: каб пад ім мы маглі бяз сораму хадзіць на стадыёны, каб пад ім хоць і павольна, але фармавалася нацыянальная сьвядомасьць.

Аднак, пасьля анэксіі Расеяй Крыма я пачаў задумвацца. Пачаў, бо ў асяродзьдзі некаторых патрыётаў Беларусі ўсплыла і пачала набіраць моц думка пра тое, што “супраць Масквы хоць з чортам лысым”.

І ўявіце сабе, што было б, каб чорт лысы меў нацыянальную палатніну сваім сымбалем ва ўмовах, калі ён прымярае на сябе крымскую кашулю, калі Госпад сутыкае яго лбом з маскоўскім злодзеем? Перакананы, што большасьць патрыётаў плюнулі б на ўсялякія ўмоўнасьці і пайшлі ў батальёны Лукашэнкі ў ягоным супрацьстаяньні ці тое з заходнім лібералізмам, ці тое ўсходнім імперыялізмам.

Пры раскладзе ж, калі чорт лысы ўзьняў над сабою выразна бесаўскія сымбалі, – чырвоную зорку і чырвона-зялёны сьцяг, – стаць на ягоны бок можа толькі той, хто канчаткова прадаў душу сваю Бацьку хлусьні. Тут ужо не прыкрыешся ніякімі дзяржаўнымі інтарэсамі, ніякім клопатам пра незалежнасьць.

І вось ня так даўно адна прарочая жанчына сказала мне ісьціну, да якой я пачаў быў прыходзіць сам, але тут яна была выказана так проста й прама, што мяне аж скаланула. “Ісус Хрыстос сказаў мне ў яве, – гаворыць яна, – не турбуйцеся й ня плачце, гэта Я забраў у яго Сьцяг , бо як ты сабе можаш уявіць каб мярзотныя справы яго рабіліся б пад Маім Сьцягам?” Як ток прайшоў па маіх жылах, я ўявіў сабе ўсю глыбіню і мудрасьць Госпадаву, Які гаворыць: “Гэта Я забраў у яго Мой Сьцяг”.

Насамрэч, падумайце сабе: зьбіцьцё дэпутатаў, дзяржаўны пераварот, забойствы палітычных апанентаў – і ўсё гэта пад Бел-Чырвона-Белым сьцягам, “Пагоняй” і на беларускай мове? Уявіце сабе ільсьняныя лычы самазадаволеных БРСМаўцаў, якія пад Бел-Чырвона-Белым сьцягам, з хлебам і сольлю, з “калі ласка” і “дзякуй” сустракаюць пасланцаў цемры – “Начных ваўкоў”. Уявіць проста не-маг-чы-ма! Таму ўся нечысьць, якія робяцца на нашай зямлі вось ужо трэці дзясятак год – усё пад чырвона-зялёным сьцягам і на расейскай мове.

І калі над гэтым разважыць, сапраўды становіцца зразумела, чаму Госпад гаворыць: “Не турбуйцеся і ня плачце, бо гэта Я забраў у яго Мой Сьцяг”. Нехта верыць у Госпада і Ягоныя адкрыцьці, нехта не, але згадзіцеся, на колькі такі стан рэчаў лагічны і ў вышэйшай ступені справядлівы! Ды на колькі гэта ўвогуле мяняе ацэнку тых ці іншых падзеяў – дзіцячыя сьлёзы крыўды становяцца сьлязьмі радасьці! Бо калі Госпад забраў Cьвятыя Cымбалі ў ліхадзея, то ён іх дасьць у рукі тым, хто ёсьць верны і справядлівы. Ён верне Бел-Чырвона-Белы сьцяг тым, хто прагне ўзьняць яго над Беларусьсю.

Давайце ўздымем Сьцяг разам – 14 траўня, у 21-ую гадавіну рэфэрэндума а 12 гадзіне на плошчы Кастуся Каліноўскага. Зробім гэта на знак таго, што рана ці позна, але Бел-Чырвона-Белы сьцяг і герб “Пагоня” стануцца ізноў дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі!

Давыдзька пра Малады Фронт: "У мяне няма сумніву, што гэтыя хлопцы любяць радзіму!" 01.12.2015 4

У які гэта час было, каб кіраўнік Белдзяржтэлерадыёкампаніі заяўляў па БТ пра Малады Фронт: "У мяне няма сумніву, што гэтыя хлопцы любяць радзіму! Яны любяць Беларусь так жа, як многія дзяржчыноўнікі". Што ж, акрываўлены Данбас пачынае прыпякаць нават нашых: яны разумеюць, што апроч учорашніх "ворагаў народа" іхнюю радзіму (а значыцца і іх саміх) ніхто не абароніць.

Па дзяржаўным тэлебачаньні ня першы раз узгадваюць ініцыятывы МФ. Не ўпершыню асуджаюць апазіцыйную дзейнасьць. Цяпер важна іншае: агучаны праблема патэнцыйнай абароны і небяспека незаконных трэнінгаў з выкарыстаньнем зброі, акцэнтавана дзяржаўная бяздзейнасьць на гэтым полі.Варта аддаць належнае, абмеркаваньне не было прасякнута татальнай дзяржаўнай прапагандаю. Вядома, рэдактары называлі маладафронаўскую дзейнасць нядобрым словам, казалі пра юнацкі максімалізм, не забыліся абзываць «бандэраўцамі», калі ўзгадалібанэр на Дзень Волі 2014 г. (насамрэч, на расцяжцы былі тры беларускія героі ды два украінскія між імі, Сцяпан Бандэра быў толькі адным зь іх).

Усё гэта не было чымсьці новым.  Нечакана было пачуць вялікае зерне ісціны ў словах рэдактароў дзяржаўных выданьняў на дзяржаўным ТБ.Рэдактар СБ Павел Якубовіч рапавёў вынікі журналісціх раследваньняў датычна распарадку дня аднаго з «казачых» летнікаў. Апроч стандартных для вайскова-патрыятычных збораў рэчаў — зборка/разборка аўтамата, навыкі першай дапамогі, марш-брасок ды іншых, па сутнасьці неабходных для фізічнага выхаваньня рэчаў — у раскладзе апынуліся досыць дзіўныя пункты, нкшталт «Утрыманьне лясвічнай пляцоўкі пры захопе шасціпавярховага будынку».
Мы таксама падзяляем непаразуменьне Паўла Ізотавіча тым фактам, калі вайсковыя летнікі ў Беларусі праводзіць мясцовы іерэй або замежныя кубанскія ці яшчэ якія кацапскія казакі. Вельмі дзіўна і небясьпечна, калі за такія справы ў нас бяруцца людзі, што ня маюць дачыненьня да Беларусі ці нейкія энтузыясты.
Ішла гутарка пра падзел грамадзтва, канфрантацыю супрацьлеглых моладзевых плыняў. Рэдактар штодзёньніка «Аргументы і Факты» Ігар Сакалоў зьвярнуў увагу, што ў грамадзтва і дзяржавы зараз не хапае мэханізмаў, рычагоў, каб займацца вайскова-патрыятычным выхаваньнем моладзі.

Уразілі словы  Генадзя Давыдзькі. «У мяне няма сумневаў, што гэтыя хлопцы любяць Радзіму» — павольна акцэнтавана прамоўленая фраза пра маладафронтаўцаў ад старшыні Белтэлерадыёкампаніі вельмі расчуліла нас. — «Яны любяць Беларусь так жа, як многія дзярж. чыноўнікі». Мы таксама лічым, што, нажаль, ня ўсе чыноўнікі моцна любяць Беларусь. У любым разе, пагодзімся з Генадзем Браніслававічам, што «мерацца любоўю заўжды цяжка».


Так на БТ абмеркавалі ініцыятыву стварэньня клюбу «Ваяр»http://mfront.net/bt-vajar.html

“Ня кідайце пэрлаў перад сьвіньнямі” 17.11.2015 14

Некаторыя мудрацы гэтага сьвету абурыліся сэнсавасьцю маладафронтаўскага пратэста на мерапрыемстве Старыкава (напрыклад, Андрэй Дзмітрыеў: "Какой итог похода к Старикову? (И смысл)"). Я падумаў абурыцца насустрач, але ўсё ж зразумеў, што гэта глупства. Бо праблема ж ня ў тым, што нехта за расейскі сьвет, а нехта супраць (супраць, быццам бы, усе бакі дыскусіі).
Прыблема ў тым, што сам панятак сэнсу для розных людзей палягае ў розным. Для адных сэнс – гэта тое, што ты заробіш, паймееш цяпер ці на пэрспэктыву. Для іншых сэнс – гэта паспрабаваць застацца сумленным чалавекам, узвысіўшы свой голас супраць хлусьні.
Што, трэба было нешта ідэолагу расейскай вайны даказваць? Ну дык чаго вы не прышлі і не даказвалі? А я лічу, што даказваць ня толькі ня трэба было, але у дадзеным выпадку – бяссэнсоўна і небясьпечна.
Менавіта таму ў адным з месцаў Бібліі Ісус Хрыстос заклікае нас: “Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разадралі вас” (Эвангельле паводле Мацьвея 7:6).
Уявіце сабе: Сам Госпад вызначае пэўную катэгорыю людзей за сьвіньняў, якім забаронена кідаць пад капыты словы мудрасьці. Забаронена нешта даказваць і ў чымсьці пераконваць. Бо сьвіньні ня толькі пасьмяюцца над праўдаю, але яшчэ ап’янеўшы ад радасьці затаптанай у гной ісьціны, разьдзяруць кідаючага.
Асноўны сэнс у супрацьстаяньні са сьвіньнёй  можа быць толькі адзін – гнаць з панадворку. Са зладзеем, які ледзе ў тваю хату даказваць, што хата не твая, а ваша агульная дыскусія можа быць толькі адна: “Чамадан, вакзал, Расея!”
І гэта трэба сказаць. Коратка, ёміста і зразумела. Ня больш, ня менш. Бо калі больш, ты пачнеш кідаць сабакам сьвятое і пэрлы сьвіньням. Калі менш, сьвіньня падумае, што яна ў сябе дома.
Калі ўвогуле прамаўчаць – не дазволіць сумленьне. Бо мы ведаем з чаго пачынаюцца ўсе зладзействы ў гэтым сьвеце – з тых хто маўчыць і ўстрымоўваецца. Дык ня будзем кідаць пэрлаў перад сьвіньнямі, але спакойна і цьвёрда ім скажам: “Чамадан, вакзал, Расея!”

Ня бойцеся тых, што забіваюць цела 29.10.2015 12

Гісторыя са зьбіццём і сьмерцю пасьля яе гея Пішчэўскага ўскалыхнула пасіянарную частку грамадзтва. Асабіста мяне ўразілі два аспекты.
Першы аспект палягае ў тым, што забойства чалавека беларуская дзяржава ацаніла ў 2 гады і 8 месяцаў. Катаючыся па турмах часта даводзілася сустракаць зэкаў, што маталі за рознага кшталту бойкі. Магу сказаць пэўна, што менш 7 – 10 гадоў забойца Пішчэўскага не павінен быў атрымаць.
Гэта можна параўнаць хаця б з той крыміналкай, па якой апошні раз саджалі мяне з Эдуардам Лобавым. Эдуард выхапіў 4 гады бяз права на амністыю за нейкі там удар па галаве, ад якога ў пацярпелага не было нават кароткатэрміновага, нават лёгкага расстройства здароўя. Тут жа чалавек у коме, яму выдаляюць частку мозга, ляжыць у рэанімацыі і не прыходзіць у пратомнасьць, а абвінавачаны атрымоўвае нейкія там 2,8. Бесспрэчна, што гэтым прысудам судовая сістэма і ўся дзяржава маякуе ўсім астатнім: душыце іх, больш па пары гадоў даваць ня будзем.
Другі аспект майго зьдзіўленьня зьвязаны з тым, як вядомы ЛГБТ-актывіст Сяргей Адросенка адрэагаваў на сьмерць свайго сябра. Сяргей напісаў у сваім ФБ і пра малітвы, і пра спачын душы, і пра Бога. Кажуць праўду, калі гавораць, што перад абліччам сьмерці атэістаў няма. Ды толькі мяне цікавіць, да якога Бога маліўся Сяргей? Бог юдаізма гамасэксуалізм асуджае. Бог Мухамада гамасэксуалізм асуджае. Бог Бібліі – Старога і Новага Запаветаў – таксама мы ведаем што гаворыць пра грэх садоміі (адмысловы артыкул на гэту тэму: "Новый Завет, гомосексуалисты – и ничего лишнего").
Так, у лібералаў я і ўвесь Малады Фронт носім найменьне гамафобаў. Сам я ня ведаю, што ўкладваецца ў гэтае значэньне, але гавораць, што мы геяў ненавідзім, бо іх асуджаем і супраць іх радыкальнымі словамі выступаем. Гэта не зусім так. Ці нават, правільней, гэта зусім ня так.Уся справа ў тым, што ў сучасным сьвеце згубілі сэнс паняткі любоў і суд, паблыталіся паміж сабою, што ажно немагчыма разабраць, што ёсьць што. Я паспрабую патлумаць на прыкладзе.
Калі ты бачыш наркамана/алкаголіка і кіруючыся сучасным паняткам “любові” яму пастаянна падкідваеш на дозу, то ты хто? Паводле майго меркаваньне ты саўдзельнік злачынства, бо дапамагаеш чалавеку сябе забіваць. Але калі та скажаш: дружа, так рабіць нельга, адумайся, пакайся – ты чалавека спрабуеш выратаваць. Хаця нехта і заявіць, што ты нецярпімы наркафоб ці алкафоб.
То бок, любоў як раз і праяўляецца ў тым, што ты заклікаеш чалавека адумацца, каб ён выратаваў і цела сваё і душу. Калі я асуджаю грэх гамасэксуалізма і ягоную публічнуюю прапаганду, я спрабую камусьці дапамагчы зразумець, што плод граха ёсьць сьмерць (Ліст Якуба 1:15).І баяцца трэба не цялеснага забойцы (бо ўсе мы рана ці позна, але паміраем), а таго, хто падманам забівае душу – Сатану. Пра гэта Ісус Хрыстос сьведчыць:
“Кажу ж бо вам, сябрам Маім: ня бойцеся тых, што забіваюць цела і потым ня могуць нічога болей зрабіць; а скажу вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, пасьля забойства, можа ўкінуць у геену; праўда, кажу вам, таго бойцеся” (Лукі 12:4-5).
Таму малітва за гамасэксуаліста можа быць толькі адна: малітва за ягонае пакаяньне ў грэху садоміі і такім чынам выратаваньне душы. Можна толькі спадзявацца, што сам Міхась Пішчэўскі такой малітвай за сябе памаліўся. Думаю дзеля таго Госпад і даваў яму гэта час на бальнічным ложку.

ШТО ВЕК НАСТУПНЫ НАМ РЫХТУЕ? 18.11.2010

Цягам вось ужо 17 год Праваслаўны атэіст выхоўвае ня толькі Віцю, Дзіму й Міколку, але і двухмільённы корпус беларускае моладзі. Ідэалягічныя наглядчыкі растаўленыя паўсюль: у школах, ПТУ і ўніверах. Але наколькі выніковае гэта выхаваньне для рэжыму й што за прадукт выходзіць з-пад ідэалягічнае кавадлы?
Читать дальше...
Страницы: 1
Читать другие новости

Зьміцер Дашкевіч