Маскаль прыехаў у калонію 16.01.2017 3

На ўваходзе ў ст. метро Купалаўскую/Кастрычніцкую працуе чорнавалосая пані з Ташкента. Пераехаўшы шмат год таму ў Беларусь, яна неяк зацікавілася беларускай гісторыяй і мовай. У той час, калі самі беларусы кажуць "мне проще по-русски", пані з Ташкента перайшла на мову Скарыны і Купалы ды ў пераходах вітае пасажыраў па-беларуску. І вось сёньня нейкі маскаль, які прыехаў па сваіх справах у калонію Расеі, напісаў на яе скаргу за зварот да яго па-беларуску.

Заклікаю ўсіх неабыякавых прыходзіць у пераход, што вядзе да ст. метро Купалаўская і Кастрычніцкая, прасіць кнігу скаргаў і прапановаў і пісаць падзяку супрацоўнікам метрапалітэна за выкарыстаньне беларускае мовы. Як высьветліла Наша Ніва, імя пані Людміла Майстрэнка, калі спаткаеце яе - падзякуйце асабіста. Зробім гэта, калі мы, усё ж, не калонія.


PS Наша Ніва паразмаўляла з гэтай Людмілай Майстрэнка і высьветліла некаторыя акалічнасьці http://nn.by/?c=ar&i=183796



Дапаможам акадэмікам і вучоным! 24.12.2016

Пасьля паўмесяца чаканьня нарэшце пайшлі з Марай у Мінкульт і вырвалі ў іх адказ на зварот 10,5 тысяч грамадзянаў з настойваньнем надаць бел-чырвона-беламу сьцягу статус гістарычнай каштоўнасьці.

Мара ля помніка Скарыну, што стаіць унутры будынка Мінкульта

З аднаго боку, зьдзіўляе глупасьць фармулёвак. Так Мінкульт піша: "У прадстаўленай у міністэрства культуры прапанове не ўтрымліваецца дакумантальнага абгрунтаваньня і поўнай, дакладнай і якаснай фіксацыі графічнымі сродкамі элемента, якому прапануецца надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці". Гэта выходзіць што, я павінен падняць з архіваў дакуманталную фіксацыю сьцяга, які з 91-га па 95-ты гады быў дзяржаўным, ці гэта павінен зрабіць Мінкульт? Бо інакш для чаго мы з падаткаў фінансуем гэту структуру дармаедаў?

 Адказ Мінкульта на зварот 10,5 тысяч грамадзянаў

Далей утрымліваецца цытата з ліста Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, згодна зь якім "для падрыхтоўкі навуковага абгрунтаваньня адзначанай калектыўнай прапановы грамадзян неабходна правесьці грунтоўнае навуковае дасьледаваньне з мэтай выяўленьня арыгінальных архіўных дакумантаў і матэрыялаў, што патрабуе працяглай працы вучоных і адпаведных фінансавых выдаткаў". Цікава, ім самім ня сьмешна? Для таго, каб знайсьці фотку Лукашэнкі, дзе ён прысягаў пад бел-чырвона-белым сьцягам, акадэмікам трэба правесьці "грунтоўнае навуковае дасьледаваньне"! Што ж, мы ім дапаможам, вышлю ім тую самую фотку - няхай зьбіраюць вучоных і дасьледуюць.

Прысяга Лукашэнкі пад бел-чырвона-белым сьцягам

З другога боку, апроч бздуры ёсьць і станоўчы момант: "Па зьвестках прадстаўнікоў акадэміі выкананьне гэтай работы будзе ажыцьцяўляцца з улікам выдаткаваньня сродкаў на навуковыя дасьледаваньні ў новым фінансавым годзе".

 Адказ Мінкульта на зварот 10,5 тысяч грамадзянаў

Сябры, у 2016 годзе мы ўсе разам добра папрацавалі на тое, каб пашырыць грамаду патрыётаў нашага сапраўднага сьцяга. Дык дапаможам акадэмікам і вучоным зрабіць 2017 год - год 500-годзьдзя беларускай Бібліі Скарыны, таксама і годам бел-чырвона-белага сьцяга!

Заклікаем усіх патрыётаў у навагоднюю ноч выходзіць пад бел-чырвона-белым сьцягам на галоўныя вуліцы нашых гарадоў! У Менску чакаем усіх змагароў і змагарак а 23:45 на пл. Кастуся Каліноўскага! Зробім разам Беларусь бел-чырвона-белай!


Прусакі Жука і жукі Давыдзькі 30.10.2016 2

Нічога не паробіш з тым, што ў галовах многіх людзей поўзае безьліч казурак.

- У яго поўна прусакоў у галаве, – тлумачыць адзін неадэкватныя дзеяньні кагосьці.

- У яго адны жукі ў галаве, – апісвае другі вар’яцкія заявы іншага.

Калі такія індывідумы трапляюцца па адной асобіне, гэта яшчэ паўбяды – іх можна абмінуць. Калі дзівосьнікі зьбіваюцца ў кучу – гэта ўжо перашкаджае жыць. У выпадку ж, як падуладныя казуркам асобіны займаюць галоўныя пасады ў краіне – становіцца пакутліва балюча за змарнаваныя 22 гады. На варя’ятаў, канешне, можна было б не зьвяртаць увагі, але казуркавая залежнасьць перадаецца ня толькі БэТэшна-палавым шляхам, але і паветрана-кропельным – і таму ёй трэба супрацьстаць з усёй адказнасьцю. Дык паспрабуем класыфікаваць казурак, якія палезьлі ў вушы электарату пасьля таго, як мы зь некалькімі сябрамі сабралі за месяц і падалі ў Мінкульт больш за 10 тысяч подпісаў за бел-чырвона-белы сьцяг.

Больш за ўсё насьмяшылі прусакі кіраўніка Белты Дзьмітрыя Жука, якія адмарозілі наступнае: “Хачу вярнуцца да подпісаў. Хлопцы, якія падпісаліся, можа, вы яшчэ і свае пашпартныя дадзеныя сказалі? Дык за кагосьці крэдыт заплаціце. Не сьпяшайцеся падпісвацца”.

Чаму ў прусакоў узьнікаюць такія хворыя асацыяцыі? Бо Жукі прывыклі, што пасьля кожнай выбарчай кампаніі за Лукашэнку – ўвесь народ расплачваецца па ягоных крэдытах. Мы ж ніякіх грошаў і крэдытаў не бярэм ані ў Сані, ані ў любых донараў – мы жывем і рэалізуем маладафронтаўскую дзейнасьць толькі за свае грошы, толькі за ўнёскі сябраў арганізацыі. У адрозьненьні, дарэчы, ад Жукоў, якія чым хіба ня круцяць перад Расеяй ці МВФам – абы толькі ўрваць з чужой кішэні. А нумары пашпартоў, дарэчы, мы не перапісвалі - толькі адрас і кантакты, каб можна было праверыць подпіс чалавека.

Жукі ж кіраўніка БТРК Генадзя Давыдзькі спачатку распавялі нам свае дзіцячыя фобіі: “Фармальна подпісы збіраліся для перадачы ў Мінкультуры. /…/ Хутчэй за ўсё, гэтая папяровая армія патрэбна была, каб затым тыкаць дзесяццю тысячамі подпісаў у твар еўрачыноўнікам”.

Тлумачу рупару прапаганды: подпісы і фармальна, і фактычна – ужо ў Мінкульце. Адносна ж еўрачыноўнікаў, дык я мяркую, што сёньняшнія Давыдзькі зь імі сустракаюцца ў наццаць разоў часьцей, чым маладафронтаўцы. Напрыклад я і прыгадаць не магу, калі я ці нехта з МФ сустракаўся з еўрачынавенствам (у сёньняшнім палітычным гандлі нам такія сустрэчы і не цікавы нават), а вось як вынікае з Давыдзькаўскіх жа СМІ, рознага плану прапагандысты і клеркі дыктатара з такіх сустрэчаў не вылазяць. Таму калі хто і тыкае чым перад еўрачыноўнікамі, дык гэта толькі Давыдзькі.

Далей жукі Давыдзькі пайшлі ў наступ і вырашылі нам хоць здалёк, але ж прыгразіць: “Нехта падпісваўся за вельмі прыгожае спалучэньне: белы, чырвоны і белы – прыгожы сьцяг. /…/ Сярод падпісантаў мог бы быць і я, і Павал Ізотавіч /…/ Але цягам месяца незарэгістраваныя маладафронтаўцы парушалі крымінальны кодэкс – артыкул 193 п.1, да двух гадоў /…/ Чаму іх не пасадзілі?! /…/ Баяцца?”

Давыдзьку, як кіраўніку белпрапаганды, трэба навучыцца правільнасьці фармулёвак. Маладафронтаўцаў ня проста “баяцца” саджаць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, але маладафронтаўцы адваявалі сабе гэтае права – чхаць на артыкул КК РБ 193.1 і дзейнічаць. Нагадаю прапагандысту, што Малады Фронт некалькі разоў спрабаваў у Беларусі зарэгістравацца, але шматразова атрымоўваў адмовы. У 2006-ым жа годзе пачаўся крымінальны перасьлед: дзясяткі актывістаў пад справамі, судзілішчы ў Менску, Салігорску, Нясьвіжы, Жлобіне, Полацку, Баранавічах – усё гэта не прымусіла нас самараспусьціцца і сыстэма адступіла.

Непаважаны спадар Давыдзька, мы адваявалі сабе права быць і дзейнічаць на сваёй зямлі – і як бы вы ня пыжыліся, у вас і вашай сыстэмы кішка танка ў нас гэтае права забраць. Бо ўсё чым вы моцныя, дык толькі прусакамі вашымі і жукамі. Але і тых мы хутка вытравім з нашай зямлі.


Апошні шанец 19.10.2016 1

Артыстка некалькіх тэатраў і маці пяці дзяцей Ганна Харланчук пакінула ўсё (на 15 хв), каб прыйсьці і падпісацца за бел-чырвона-белы сьвяты#нашсцяг А што зрабіў/зрабіла дзеля вяртаньня нацыянальнай сымболікі ты?!

19 кастрычніка - апошні дзень па зборы подпісаў за бел-чырвона-белы сьцяг і адначасна пад артыкулам Джона Сільвера "5 прычын, па якіх Украіна пераможа РФ". Хто ня мае тэхніянай магчымасьці паставіць фізычны подпіс, стаўце электронны подпіс тутhttps://petitions.by/petitions/312

А сёньня, у апошні падпісны дзень, ты маеш апошні шанец падпісацца на наступных пікетах:

1. Выхад з метро пл. Якуба Коласа – з 12:00 да 20:00
2. Выхад з метро пл. Незалежнасьці ў бок вакзала – з 14:00 да 20:00
3. Выхад з метро Купалаўская/Кастрычніцкая ў бок універсама “Цэнтральны” – з 14:00 да 22:00
4. Выхад з метро Інстытут Культуры ў бок чыгункі і Дома быту – з 14:00 да 20:00
5. Выхад з метро Малінаўка ў бок гіпермаркета “Прастор” - з 17:00 да 21:00


Помнік не пасадзіш 16.10.2016 1

Некаторыя пікеты па зборы подпісаў за #нашсцяг адкрыліся са спазьнем на паўгадзіны-гадзіну, але за гэта працавалі даўжэй на гадзіну-дзьве - такая яна, штрафная адпрацоўка па-маладафронтаўску )

Сёньня ў адзін з пераходаў прыйшоў Мікола Статкевіч - перадусім для таго, каб падтрымаць Эдуарда Пальчыса. Спадар Мікола паставіў свой подпіс пад артыкулам "5 прычын, па якіх Украіна пераможа РФ", чым засьведчыў беларускаму судзілішчу: хочаце пасадзіць Эдуарда Пальчыса, садзіце і мяне. Але хто ж пасадзіць Статкевіча? Ён жа помнік, а помнік не пасадзіш. А не пасадзяць Статкевіча, значыцца не пасадзяць і Пальчыса.

Але ты прыходзь 17 кастрычніка пад Менскі гарадзскі суд (з 10 раніцы на Дуніна-Марцінкевіча 1), каб падтрымаць Эдуарда і падпісацца пад адным зь ягоных тэкстаў (чытаць тут http://mfront.net/5-pryczyn-pa-iakich-ukraina-pieramozha-rf…), за якія рэдактара сайта 1863x.com і судзяць. Потым усе подпісы перадаюцца ў "суд" для далучэньня да матэрыялаў крымінальнай справы. Няхай ілжывае судзілішча бачыць, колькі нас, гатовых сесьці на лаву падсудных разам з Эдуардам. А нас ужо больш за 200 (колькі і подпісаў пад артыкулам "5 прычын...") і столькі не пасадзяць. І чым нас больш, тым большая пэўнасьць, што не пасадзяць і Эдуарда Пальчыса.

Фота Pilip Shaurou


100 герояў 13.10.2016

Не зусім вытрымоўваючы расклад, але выставілі сёньня пяць пікетаў па зборы подпісаў за #нашсцяг і пад артыкулам Jhon Silver5 прычын, па якіх Украіна пераможа РФ”. Мною за пяць гадзін збораў сабрана 210 подпісаў, зь якіх 45 – пад артыкулам Джона. Гэта пры тым, што я кожнаму падпісанту выразна тлумачыў, што сваім подпісам кожны сьведчыць айчыннаму судзілішчу: “Судзіце Эдуарда Пальчыса, судзіце і ўсіх нас”. Агулам сёньня пад артыкулам “5 прычын…” сабрана ля 100 подпісаў. Беларусы, калі іх папрасіць, гэта героі! Такім чынам, сёньня маем 100 герояў, якія гатовы разам з Эдуардам Пальчысам сесьці на лаву падсудных.

Дзякуй незалежным СМІ і сацыяльным сеткам за распасюд інфармацыі аб ініцыятыве – многія прыходзілі падпісацца менавіта за Эдуарда Пальчыса, бо прачыталі пра гэта ў адкрытых крыніцах. Хто жадае падтрымаць Эдуарда і паставіць свой подпіс пад артыкулам “5 прычын…”, можаце зрабіць гэта заўтра а 9 ранку ля Менскага гарадзкога суда (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1). А 10-ай гадзіне пачынаецца сам “суд” над Эдуардам, на якім адвакат будзе прасіць далучыць да матэрыялаў крымінальнай справы нашы попісы.

Таксама збор подпісаў за бел-чырвона-белы сьцяг і пад Эдуардавым артыкулам будзе адбывацца з 12:00 да 20:00 на двух пікетах: выхад з метро Якуба Коласа ў бок “Камароўкі” і выхад з метро Купалаўская/Кастрычніцкая ў бок універсама “Цэнтральны”. Хто ня можа выйсьці з дому, падпісваем электронную петыцыю за сьцяг тут https://petitions.by/petitions/312

Судзіце і ўсіх нас! 13.10.2016 3

Працягваецца збор подпісаў за бел-чырвона-белы сьцяг, але з сёньняшняга дня на кожным пікеце пачынаецца збор подпісаў пад артыкулам Джона Сільвера “5 прычын, па якіх Украіна пераможа РФ”. Дадзены артыкул – адзін з 9, якія беларскі “суд” прызнаў экстрэмісцкімі, што і інкрымінуецца Эдуарду Пальчысу ў віну.Мы абралі гэты артыкул для падпісаньня, бо, па-першае, ён самы лаканічны, а па-другое, менавіта за супрацьстаяньне расейскай агрэсіі ва Ўкраіне Эдуард Пальчыс і быў заманены ў Расею і там арыштаваны.

Плянуецца, што перад пачаткам суда адвакат Эдуарда будзе хадатайнічаць да “суда” далучыць падпісаны іншымі людзьмі артыкул “5 прычын…” да матэрыялаў крымінальнай справы. Прапануем усім жадаючым паставіць свой подпіс пад гэтым тэкстам, каб тым самым засьведчыць беларуска-расейскаму судзілішчу: сёньня кожны з нас – Jhon Silver, калі судзіце за гэты артыкул Эдуарда Пальчыса – судзіце ўсіх нас.

Вашай увазе пералік пікетаў 13 кастрычніка, на якіх вы можаце паставіць свой подпіс за #нашсцяг і адначасна пад артыкулам Джона Сільвера “5 прычын, па якіх Україна пераможа РФ”.

1. Выхад з метро Купалаўская/Кастрычніцкая ў бок універсама “Цэнтральны” (з 14:00 да 21:00).

2. Выхад з метро пл. Якуба Коласа ў бок Камароўскага рынка (з 14:00 да 20:00).

3. Выхад з метро пл. Незалежнасьці ў бок вакзала і ст. Дружная (з 14:00 да 20:00).

4. Выхад з метро Інстытут Культуры ў бок дома быта і чыгуначнай станцыі (з 15:00 да 20:00).

5. Выхад з метро Каменная горка ў бок крамы “Мацерык” (з 17:00 да 21:00).


Пры неабходнасьці ,час працы пікетаў удакладняйце па нумары +375 44 755 69 90

Наш сьцяг і самы вялікі воін Сьвятла 11.10.2016 3

Народ наш беларускі вельмі трапны на вызначэньні і афарызмы. Вось вы толькі паслухайце, як мастакі слова тлумачаць нацыянальныя сымбалі Беларусі.

Падыходзіць падпісвацца група маладзёнаў па год 17 кожнаму.

- Так, канешне, падпішу! – рашуча гаворыць адзін і бярэ бланк.

- Цікава, а чым вам наш сьцяг не падабаецца? – недаўменна запытвае іншы.

- Бо наш – гэта ня наш, – імгненна парыруе падпісант і пачынае запісваць свае дадзеныя.

Падпісвацца падыходзяць тата з маленькім сынам.

- Што гэта? – пытае трохгадовае дзіця.

- Сынок, гэта самы вялікі воін сьвятла! – рашуча тлумачыць бацька сыну і зьвяртаючыся да мяне гаворыць: – “Воіны сьвятла” – самы любімы ягоны сьпеў.

Полк гісторыкаў б’ецца над паходжаньнем сьцяга і армія патрыётаў агітуе за “Пагоню”. Але самае галонае, што нам трэба ведаць пра сьцягі – яно, як усё Божае стварэньне, адначасна і самае лагічнае: #нашсцяг – гэта бел-чырвона-белы, а той, што быццам бы наш – ня наш. І самае праўдзівае, што нам трэба тлумачыць пра “Пагоню” гэта тое, што яе ўвасабляе самы вялікі воін сьвятла. Таго Сьвятла, за якое мы і змагаемся.

Ты яшчэ не падпісаўся за той сьцяг, які сапраўды наш? Дык ня сьпі ў шапку, бо час кароткі! Кожны вечар апроч сьвятой нядзелі ў пераходзе з Купалаўскай/Кастрычніцкай у бок універсама “Цэнтральны”. Хто ня можа выйсьці з дому – электронная петыцыя тут https://petitions.by/petitions/312


На фота: Бацька Ўладзімер і сын Даніла ля выявы самага вялікага воіна Сьвятла.

На офісе ГП праверце! 10.10.2016 3

Дажджлівым кастрычніцкім вечарам у пераход да станцыі метро Купалаўская/Кастрычніцкая спусьціўся непрыкметны на першы позірк маладжавы спадар. Толькі хітры агменчык за шклом акуляраў мог выдаваць, што спадар чымсьці адметны з людзкога тлуму, які напаўняе гэты шумны пераход. Спадар падышоў да пікету па зборы подпісаў за бел-чырвона-белы сьцяг і хітрынка ў вачох зьмянілася на зьдзіўленьне. Я заўважыў, як кроплі празрыстай вадкасьці пацяклі па ягоных шчоках – ці тое кроплі дажджу, ці тое кроплі пакаяньня.

- Сябры, дайце і я падпішуся за #нашсцяг, - пасьля пранізьлівага маўчаньня працягнуў спадар рукі да нацыянальных сымбаляў.

- А ці варты ты таго, каб паставіць свой подпіс за бел-чырвона-белы сьцяг? – спытаў строгі голас патрыёта.

- Браточкі, я ўсё ўсьвядоміў, я больш ніколі ня буду ранейшым двудушнікам – я выракаюся чырвона-зялёнай нечысьці, якая стаіць у мяне ў офісе і сёньня ж вынясу яе туды, дзе яна і мусіць быць – на сьметнік гісторыі! – Выгукнуў спадар у адзіным парыве і ўзмаліў, – толькі дазвольце падпісацца за бел-чырвона-белы сьцяг!

Спадару дазволілі падпісацца і сфоткацца нават ля сьвятых нашых нацыянальных сымбаляў. І спадар радасны, як нібы акрылённы выпырхнуў зь пераходу. Паляцеў, відаць, выносіць з офісу свайго злачынную чырвона-зялёную сталінска-лукашэнкаўскую нечысьць. Хто бывае на офісе “Гавары праўду” – праверце, ці сапраўды зрабіў спадар тое, у чым сьлёзна кляўся?



Учынак сумленнага гамельчука 08.10.2016 1

Затрымаўшыся ў Гомлі на другі дзень вырашыў узьняць сьцяг і выйсьці пазьбіраць подпісы за наш нацыянальны сымбаль. Гамельчукі, гэта цудоўныя патрыёты нашай Бацькаўшчыны – трыццаць подпісаў за гадзіну, прам пасярод горада гукаюць “Жыве Беларусь!”, а на разьвітаньне кажуць: “Да сустрэчы на Brutto!” Але найбольш уразіў адзін падпісант з “капустай” на вопратцы.

- Во, - кажу я сябру з фотаапаратам, - фоткай, гэта будзе кадар дня! З капустай і тое за бел-чырвона-белы сьцяг!
- Ды гэта нам выдалі такую форму, - выбачаючыся пахітаў галавой хлопец.

Пасьля ён стаіць на прыпынку і чакае аўтобуса. І я падумаў: не, такога так проста адпускаць нельга.

- Паслухай, сябар, - кажу я яму, - трымай сьцяг, давай цябе сфоткаем пад нашым сьвятым сымбалем!
- Так, давай, - радасна адказвае той, - але з “капустай” сорамна, - і глянуў ён на мяне сумным такім позіркам. – Можа я здыму?

Я аж зьніякавеў, бо як раз з “капустай”-та і хацеў яго сфоткаць: глядзіце, маўляў, людзі – і “капуста” за #нашсцяг! Але просты шчыры беларус разумее, што нешта ня тое было б у такой сітуацыі, калі ты з савецкім сымбалем бярэш у рукі сымбаль сьвяты. І таму кажа: “сорамна”. Потым Уладзіслаў скінуў кофту і мы сфокталіся.

Я сам мяркую, што гэта вельмі станоўча, калі беларусы ад чырвона-зялёнага сьцяга і “капусты” навяртаюцца да бел-чырвона-белага і “Пагоні”; непрымальны адваротны рух, калі патрыёты нацыянальных сымбаляў галосяць: "мы ўсе ўмесьце" і цягнуць з багны савецка-лукашэнкаўскую нечысьць. І я разважаю: калі з капустай узьняць бел-чырвона-белы сьцяг – гэта для нармальнага чалавека сорамна, то на колькі сорамна павінна быць тым, якія да бел-чырвона-белага хочуць далучыць чырвона-зялёны і да “Пагоні” “капусту”?

Учынак гэтага простага сумленнага гамельчука яшчэ раз нагадвае нам аб тым, што ня можа нічога быць супольнага ў сьвятла зь цемраю, у праўды з хлусьнёю, у сьвятых нацыянальных сымбаляў са злачынынмі савецкімі.


Што мы ведаем пра гераізм? 26.09.2016 11

Для моладзевага аб’яднаньня што ўласьціва перадусім? Уласьціва ахвярнасьць, гераізм. "Малады і гарачы", - кажуць у народзе. Сапраўды, дзе тая рэвалюцыя, якую рабіла ня моладзь? Дзе тыя перамены, якія рухаліся пенсіянерамі? Выйсьці на плошчу, узьняць сьцяг, скінуць помнік істукану - за ўсім моладзь.

Але, на жаль, часта так бывае, што гэтым усё і абмяжоўваецца. Як толькі надыходзіць час сістэмнай карпатлівай працы, запал моладзевы кудысьці зьнікае, а потым зьнікае і сама моладзь. Я неяк прыйшоў да высновы, што мо па гэтай прычыне і нарадзілася мудрасьць: "Рэвалюцыю робяць адны, а пладамі яе карыстаюцца іншыя". Каб рэвалюцыю рабіць і яе вынікі ў правільнае рэчышча накіроўваць, трэба апроч сьвяточнага гераізму быць падрыхтаванымі да гераізму штодзённага - цяжкай карпатлівай працы, якая не заўсёды атаясамліваецца з гераізмам, але насамрэч ім і ёсьць.

І вось я рады напаткаць яшчэ двух герояў, прыклад якіх пераконвае: ёсьць каму ў Беларусі ўладкоўваць плады рэвалюцыі. 23 верасьня ў свой дзень народзінаў Мікіта Наглін прыйшоў з працы і вырашыў сьвяточна адсьвяткаваць народзіны - пайшоў у пераход зьбіраць подпісы за #нашсцяг 26 верасьня Арцём Леўчанка вярнуўся з вучобы і прыняў валявое рашэньне адсьвяткаваць дваццацігадовы юбілей - пайшоў у пераход зьбіраць подпісы і атрымаў у якасьці падарунка свой першы мусарскі пратакол. Мяркую, гэта з шэрагу тых падарункаў, якія перадвызначаюць жыцьцё.

Дык што мы ведаем пра сапраўдны гераізм? Гераізм, гэта калі Siarhei Palcheuski едзе пад Ветку капаць акопы, а потым стаіць вечарамі ў пераходзе і зьбірае па 40 подпісаў у гадзіну за сьвяты наш бел-чырвона-белы сьцяг. Гераізм, гэта калі маладафронтаўцы ў свой дзень народзінаў прыходзяць з працы ці вучобы і ідуць у пераход, каб хоць і пад пагрозай перасьледу, але тлумачыць моладзі, што наш сапраўдны сымбаль - гэта не бесаўскі чырвона-зялёны, а хрысьціянскі бел-чырвона-белы сьцяг. І мы пэўныя, што дзякуючы такім героям сьцяг вернецца, што перамены прыдуць, што плады рэвалюцыі будзе каму накіроўваць у правільнае рэчышча.

Што мы ведаем пра гераізм? Але ён ёсьць. Дык далучайся, будзь героем і ты!



Страницы: 1
Читать другие новости

Зьміцер Дашкевіч