Помнік не пасадзіш 16.10.2016 1

Некаторыя пікеты па зборы подпісаў за #нашсцяг адкрыліся са спазьнем на паўгадзіны-гадзіну, але за гэта працавалі даўжэй на гадзіну-дзьве - такая яна, штрафная адпрацоўка па-маладафронтаўску )

Сёньня ў адзін з пераходаў прыйшоў Мікола Статкевіч - перадусім для таго, каб падтрымаць Эдуарда Пальчыса. Спадар Мікола паставіў свой подпіс пад артыкулам "5 прычын, па якіх Украіна пераможа РФ", чым засьведчыў беларускаму судзілішчу: хочаце пасадзіць Эдуарда Пальчыса, садзіце і мяне. Але хто ж пасадзіць Статкевіча? Ён жа помнік, а помнік не пасадзіш. А не пасадзяць Статкевіча, значыцца не пасадзяць і Пальчыса.

Але ты прыходзь 17 кастрычніка пад Менскі гарадзскі суд (з 10 раніцы на Дуніна-Марцінкевіча 1), каб падтрымаць Эдуарда і падпісацца пад адным зь ягоных тэкстаў (чытаць тут http://mfront.net/5-pryczyn-pa-iakich-ukraina-pieramozha-rf…), за якія рэдактара сайта 1863x.com і судзяць. Потым усе подпісы перадаюцца ў "суд" для далучэньня да матэрыялаў крымінальнай справы. Няхай ілжывае судзілішча бачыць, колькі нас, гатовых сесьці на лаву падсудных разам з Эдуардам. А нас ужо больш за 200 (колькі і подпісаў пад артыкулам "5 прычын...") і столькі не пасадзяць. І чым нас больш, тым большая пэўнасьць, што не пасадзяць і Эдуарда Пальчыса.

Фота Pilip Shaurou


Што мы ведаем пра гераізм? 26.09.2016 11

Для моладзевага аб’яднаньня што ўласьціва перадусім? Уласьціва ахвярнасьць, гераізм. "Малады і гарачы", - кажуць у народзе. Сапраўды, дзе тая рэвалюцыя, якую рабіла ня моладзь? Дзе тыя перамены, якія рухаліся пенсіянерамі? Выйсьці на плошчу, узьняць сьцяг, скінуць помнік істукану - за ўсім моладзь.

Але, на жаль, часта так бывае, што гэтым усё і абмяжоўваецца. Як толькі надыходзіць час сістэмнай карпатлівай працы, запал моладзевы кудысьці зьнікае, а потым зьнікае і сама моладзь. Я неяк прыйшоў да высновы, што мо па гэтай прычыне і нарадзілася мудрасьць: "Рэвалюцыю робяць адны, а пладамі яе карыстаюцца іншыя". Каб рэвалюцыю рабіць і яе вынікі ў правільнае рэчышча накіроўваць, трэба апроч сьвяточнага гераізму быць падрыхтаванымі да гераізму штодзённага - цяжкай карпатлівай працы, якая не заўсёды атаясамліваецца з гераізмам, але насамрэч ім і ёсьць.

І вось я рады напаткаць яшчэ двух герояў, прыклад якіх пераконвае: ёсьць каму ў Беларусі ўладкоўваць плады рэвалюцыі. 23 верасьня ў свой дзень народзінаў Мікіта Наглін прыйшоў з працы і вырашыў сьвяточна адсьвяткаваць народзіны - пайшоў у пераход зьбіраць подпісы за #нашсцяг 26 верасьня Арцём Леўчанка вярнуўся з вучобы і прыняў валявое рашэньне адсьвяткаваць дваццацігадовы юбілей - пайшоў у пераход зьбіраць подпісы і атрымаў у якасьці падарунка свой першы мусарскі пратакол. Мяркую, гэта з шэрагу тых падарункаў, якія перадвызначаюць жыцьцё.

Дык што мы ведаем пра сапраўдны гераізм? Гераізм, гэта калі Siarhei Palcheuski едзе пад Ветку капаць акопы, а потым стаіць вечарамі ў пераходзе і зьбірае па 40 подпісаў у гадзіну за сьвяты наш бел-чырвона-белы сьцяг. Гераізм, гэта калі маладафронтаўцы ў свой дзень народзінаў прыходзяць з працы ці вучобы і ідуць у пераход, каб хоць і пад пагрозай перасьледу, але тлумачыць моладзі, што наш сапраўдны сымбаль - гэта не бесаўскі чырвона-зялёны, а хрысьціянскі бел-чырвона-белы сьцяг. І мы пэўныя, што дзякуючы такім героям сьцяг вернецца, што перамены прыдуць, што плады рэвалюцыі будзе каму накіроўваць у правільнае рэчышча.

Што мы ведаем пра гераізм? Але ён ёсьць. Дык далучайся, будзь героем і ты!



Страницы: 1
Читать другие новости

Зьміцер Дашкевіч