Калі ты (ня) панк 14.09.2016 3

Зьбіраўся пайсьці ў цырульню, а Наста кажа: “Ня сьмей, ідзі да Вінаградава!” Выбіраўся я мо зь месяц і добра так ужо зарос, калі дабраўся да майстра. Майстар ацаніў ступень запушчанасьці кліента і прапанаваў дызайнерскі ход. Іншаму б я не дазволіў і настойваў бы на сваёй звычайнай кароткай стрыжцы “бокс/паўбокс”. Але калі твая галава ў руках сапраўднага мастака, ты можаш дазволіць сабе і яму экспромт ) Што з гэтага выйшла, вы можаце бачыць на фота ) Я не зачосваўся так гадоў пад дваццаць, але супраць мастацтва не папрэш! Я нават паабяцаў вытрымаць гэты свой новы імідж да нашай супольнай акцыі 19 верасьня. Але ўвогуле я хацеў сказаць не аб гэтым.

Я аб тым думаю, што мы заслаба салідарны адно з адным. Павал Вінаградаў у няпростых зьнешніх умовах наладжавае сваю справу. Актывіст, чые дзёрзкія акцыі выклікалі ўвагу тысяч, адрозьніваецца ад многіх былых і сёньняшніх апазыцыйнераў тым, што працягвае грамадзкую дзейнасьць і сам, сваёю працаю імкнецца сябе забясьпечваць. І ці ломіцца ганак ягонай хаты ад ахвочых пастрыгчыся ў першакласнага спецыяліста і нястомнага змагара? Не, на жаль ня ломіцца. Што гэта, калі ня хіба нашай пасыянарнай часткі прыхільнікаў пераменаў? Дык можа і ў гэтым нашым няўменьні ці нежаданьні адзін аднаго падтрымоўваць таксама адна з прычын панаваньня дваццаць год рэжысёра з хітрым зачосам?

Трэба выпраўляцца, сябры і сяброўкі. Я вось выправіўся і вельмі застаўся задаволены вынікам. На разьвітаньне з майстрам сунуў яму купюру, хаця той і аднекваўся. Але ў нас у пратэстантаў (можа і ў іншых канфэсіях таксама) ёсьць такая форма “я цябе дабраслаўляю” – гаворыць чалавек, калі жадае даць табе грошы. Каб ён проста даваў, ты б адмовіўся. А калі табе кажуць “я цябе дабраслаўляю” – адмовіцца ўжо няможна. Павал Вінаградаў ня мае сваёй зарэгістравальнай цырульні, ён нікому не выстаўляе коштаў і, як кажа сам, калі стрыжэ кагосьці, робіць гэта для душы. Што гэта, калі не дабраславеньне сваёй працай іншага? Дык і ты, калі пастрыжэшся ў вядомага змагара Паўла Вінаградава, не забудзься дабраславіць яго. Ня трэба называць нейкія кошты, кожны сам ведае, колькі каштуе ягоная галава – дай гэтую суму Паўлу і скажы “я цябе дабраслаўляю!” А той пакіне яе ці на разьвіцьцё сваёй сядзібы “1863”, ці на свае змагарскія справы, ці кветак цудоўнай жонцы набудзе – гэта ягоныя праблемы.

19 верасьня а 19:00 ты можаш запісацца на стрыжку да вядомага мастака і змагара Паўла Вінаградава на плошчы Каліноўскага пад час акцыі “Праспэкст нацыянальнага сьцягу”. Прыходзь на сьвяткаваньне 25-годзьдзя бел-чырвона-белага сьцяга: уздымі нацыянальны сьцяг і праяві сваю салідарнасьць са змагаром Паўлам Вінаградавым, а потым пастрыжыся ў яго і праяві салідарнасьць з цырульнікам Паўлам Вінаградавым! І гэта, калі ты ня панк, рабі так кожны квартал! ) А калі панк – запісвайся ўжо зараз!


Падтрымаць палітвязьня – гэта падтрымаць Хрыста 26.06.2016 2

Многія пакаленьні людзей і ў многіх народах змагаліся за праўду. Некаторым удалося дачакацца пераможных вынікаў сваёй самаахвярнасьці, але большасьць, на жаль, перамогі Праўды убачыць не магла. Паўстае пытаньне: а для чаго тады яны ўвогуле ішлі супраць хлусьні і ўзурпатараў? Ішлі, безумоўна, дзеля іншых людзей і наступных пакаленьняў. Але гэта ня ўсё. Сам Ісус Хрыстос сьведчыць, што змагары за праўду маюць самую вялікую ўзнагароду гэтага сьвету – Валадарства Нябёснае. У Нагорнай казаньні Ён гаворыць:

“Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Валадарства Нябёснае” (Паводле Мацьвея 5:10).

І вось тут паўстае пытаньне ўжо да нас: як мы падтрымоўваем тых, хто знаходзіцца на самым пярэднім фронце барацьбы за праўду – на вайне, на барыкадах ці ў вязьніцы? У нашых умовах гаворка пакуль што пра тых, хто несправядліва ўвязьнены, хто за праўду пазбаўлены свабоды.

Падтрымка кожнага, хто церпіць за праўду ад уладумаючых – адзін з частых напамінаў Бібліі. Апостал Павал піша: “Памятайце вязьняў, як бы і вы зь імі былі ў кайданах, і пакутнікаў, бо і самі вы ў целе” (Да Габрэяў 13:3).

У іншым месцы Хрыстос гаворыць такую прыпавесьць:

“Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе сьвятыя анёлы зь Ім, тады сядзе на троне славы Сваёй, і зьбяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў; і паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў — леваруч.

Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго:“Прыйдзеце, дабраславёныя Айца Майго, прымеце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэньня сьвету: бо быў галодны Я, і вы далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне”.

Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: “Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі? альбо сасьмяглага і напаілі? калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі? альбо голага і адзелі? калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да цябе?”

І Цар скажа ім у адказ: “Праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне”.

Тады скажа і тым, якія леваруч ад Яго: “Ідзеце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, угатаваны д'яблу і анёлам ягоным: бо быў галодны Я, вы не далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы не напаілі Мяне; быў падарожны, і не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне”

Тады і яны скажуць яму ў адказ: “Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасьмяглага, альбо падарожнага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і не паслужылі Табе?”

Тады скажа ім у адказ: “Праўду кажу вам: як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, дык не зрабілі Мне”.

І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ў жыцьцё вечнае” (Паводле Мацьвея 25:31-46).

Давайце ня будзем абыякавымі назіральнікамі, давайце падтрымоўваць гнаных за праўду – палітвязьняў. Тым больш, каб праявіць сваю падтрымку пакуль што ня трэба і асаблівай ахвярнасьці – дастаткова проста ўзяць асадку ў рукі ды напісаць палітвязьню цёплыя словы салідарнасьці. Сёньня, у сьвяточны нядзельны дзень, дашліце паштоўку Эдурду Пальчысу, іншым палітвязьням. Хто ведае, можа гэтым самым мы дапамагаем ня толькі арыштанту, але і Самому Хрысту?

Адрэса для ліставаньня: 222160, Мінская вобл., г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, турма №8. Пальчысу Эдуарду Аляксандравічу


Страницы: 1
Читать другие новости

Зьміцер Дашкевіч