Сапраўдны падарунак для каханай 20.10.2016 1

Што дорыць кахаючы муж каханай жоначцы на гадавіну вясельля? Правільна! – белыя ружы і подпіс за бел-чырвона-белы сьвяты #нашсцяг! Так і зрабіў Яўген, сьвяткуючы разам з прыгажуняй Дар'яй (Dasha Lomonovskaya) трэцюю гадавіну шлюбу. І сымбалічна, што подпіс гэтай пары стаўся апошнім у месяцовай падпісной кампаніі - калі закаханыя дораць каханым подпіс за бел-чырвона-белы сьцяг, дык у нас вялікая будучыня )



Як вы ведаеце, сабрана за 10 тысяч подпісаў. І з гэтых 10 тысяч каля 9 тысяч сабрала шэсьць чалавек. А каб подпісы зьбірала 60 чалавек? А каб 600? Было б добра, каб сярод мільёнаў прыхільнікаў пераменаў было б хоць 600 чалавек, якія здольны ня толькі гаварыць, але і рабіць. Мяркую, мы да гэтага прыдзем. Бо і цяпер я думаў, што буду адзін зьбіраць тысячу, а нас сталася шасьцёх і мы сабрала пад дзесяць тысяч. Сябры, гуртуйцеся і рабіце справу – сёньня для гэтага ёсьць мажлівасьць!

Цяпер жа подпісы будуць правярацца, згартоўвацца ў адзін стос і чысла каля 26 мы іх панясём у Мінкульт. Калі вы па нейкіх прычынах ня здолелі падпісацца, а бліжэйшымі днямі ў вас маюцца значныя сямейныя сьвяты, да 26 кастрычніка вы можаце дамовіцца пра персанальную сустрэчу з адным з галоўных зборшчыкаў (сярод якіх Мікіта Наглін,Арцём Леўчанка, Siarhei Palcheuski, Раман Ганчароў, Pavel Prakapovich) – і зрабіць каханаму ці каханай сапраўдны падарунак, як тое зрабіў Яўген. Таксама да 22 кастрычніка працуе збор подпісаў пад электроннай петыцыяй https://petitions.by/petitions/312


Апошні шанец 19.10.2016 1

Артыстка некалькіх тэатраў і маці пяці дзяцей Ганна Харланчук пакінула ўсё (на 15 хв), каб прыйсьці і падпісацца за бел-чырвона-белы сьвяты#нашсцяг А што зрабіў/зрабіла дзеля вяртаньня нацыянальнай сымболікі ты?!

19 кастрычніка - апошні дзень па зборы подпісаў за бел-чырвона-белы сьцяг і адначасна пад артыкулам Джона Сільвера "5 прычын, па якіх Украіна пераможа РФ". Хто ня мае тэхніянай магчымасьці паставіць фізычны подпіс, стаўце электронны подпіс тутhttps://petitions.by/petitions/312

А сёньня, у апошні падпісны дзень, ты маеш апошні шанец падпісацца на наступных пікетах:

1. Выхад з метро пл. Якуба Коласа – з 12:00 да 20:00
2. Выхад з метро пл. Незалежнасьці ў бок вакзала – з 14:00 да 20:00
3. Выхад з метро Купалаўская/Кастрычніцкая ў бок універсама “Цэнтральны” – з 14:00 да 22:00
4. Выхад з метро Інстытут Культуры ў бок чыгункі і Дома быту – з 14:00 да 20:00
5. Выхад з метро Малінаўка ў бок гіпермаркета “Прастор” - з 17:00 да 21:00


Помнік не пасадзіш 16.10.2016 1

Некаторыя пікеты па зборы подпісаў за #нашсцяг адкрыліся са спазьнем на паўгадзіны-гадзіну, але за гэта працавалі даўжэй на гадзіну-дзьве - такая яна, штрафная адпрацоўка па-маладафронтаўску )

Сёньня ў адзін з пераходаў прыйшоў Мікола Статкевіч - перадусім для таго, каб падтрымаць Эдуарда Пальчыса. Спадар Мікола паставіў свой подпіс пад артыкулам "5 прычын, па якіх Украіна пераможа РФ", чым засьведчыў беларускаму судзілішчу: хочаце пасадзіць Эдуарда Пальчыса, садзіце і мяне. Але хто ж пасадзіць Статкевіча? Ён жа помнік, а помнік не пасадзіш. А не пасадзяць Статкевіча, значыцца не пасадзяць і Пальчыса.

Але ты прыходзь 17 кастрычніка пад Менскі гарадзскі суд (з 10 раніцы на Дуніна-Марцінкевіча 1), каб падтрымаць Эдуарда і падпісацца пад адным зь ягоных тэкстаў (чытаць тут http://mfront.net/5-pryczyn-pa-iakich-ukraina-pieramozha-rf…), за якія рэдактара сайта 1863x.com і судзяць. Потым усе подпісы перадаюцца ў "суд" для далучэньня да матэрыялаў крымінальнай справы. Няхай ілжывае судзілішча бачыць, колькі нас, гатовых сесьці на лаву падсудных разам з Эдуардам. А нас ужо больш за 200 (колькі і подпісаў пад артыкулам "5 прычын...") і столькі не пасадзяць. І чым нас больш, тым большая пэўнасьць, што не пасадзяць і Эдуарда Пальчыса.

Фота Pilip Shaurou


100 герояў 13.10.2016

Не зусім вытрымоўваючы расклад, але выставілі сёньня пяць пікетаў па зборы подпісаў за #нашсцяг і пад артыкулам Jhon Silver5 прычын, па якіх Украіна пераможа РФ”. Мною за пяць гадзін збораў сабрана 210 подпісаў, зь якіх 45 – пад артыкулам Джона. Гэта пры тым, што я кожнаму падпісанту выразна тлумачыў, што сваім подпісам кожны сьведчыць айчыннаму судзілішчу: “Судзіце Эдуарда Пальчыса, судзіце і ўсіх нас”. Агулам сёньня пад артыкулам “5 прычын…” сабрана ля 100 подпісаў. Беларусы, калі іх папрасіць, гэта героі! Такім чынам, сёньня маем 100 герояў, якія гатовы разам з Эдуардам Пальчысам сесьці на лаву падсудных.

Дзякуй незалежным СМІ і сацыяльным сеткам за распасюд інфармацыі аб ініцыятыве – многія прыходзілі падпісацца менавіта за Эдуарда Пальчыса, бо прачыталі пра гэта ў адкрытых крыніцах. Хто жадае падтрымаць Эдуарда і паставіць свой подпіс пад артыкулам “5 прычын…”, можаце зрабіць гэта заўтра а 9 ранку ля Менскага гарадзкога суда (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1). А 10-ай гадзіне пачынаецца сам “суд” над Эдуардам, на якім адвакат будзе прасіць далучыць да матэрыялаў крымінальнай справы нашы попісы.

Таксама збор подпісаў за бел-чырвона-белы сьцяг і пад Эдуардавым артыкулам будзе адбывацца з 12:00 да 20:00 на двух пікетах: выхад з метро Якуба Коласа ў бок “Камароўкі” і выхад з метро Купалаўская/Кастрычніцкая ў бок універсама “Цэнтральны”. Хто ня можа выйсьці з дому, падпісваем электронную петыцыю за сьцяг тут https://petitions.by/petitions/312

Судзіце і ўсіх нас! 13.10.2016 3

Працягваецца збор подпісаў за бел-чырвона-белы сьцяг, але з сёньняшняга дня на кожным пікеце пачынаецца збор подпісаў пад артыкулам Джона Сільвера “5 прычын, па якіх Украіна пераможа РФ”. Дадзены артыкул – адзін з 9, якія беларскі “суд” прызнаў экстрэмісцкімі, што і інкрымінуецца Эдуарду Пальчысу ў віну.Мы абралі гэты артыкул для падпісаньня, бо, па-першае, ён самы лаканічны, а па-другое, менавіта за супрацьстаяньне расейскай агрэсіі ва Ўкраіне Эдуард Пальчыс і быў заманены ў Расею і там арыштаваны.

Плянуецца, што перад пачаткам суда адвакат Эдуарда будзе хадатайнічаць да “суда” далучыць падпісаны іншымі людзьмі артыкул “5 прычын…” да матэрыялаў крымінальнай справы. Прапануем усім жадаючым паставіць свой подпіс пад гэтым тэкстам, каб тым самым засьведчыць беларуска-расейскаму судзілішчу: сёньня кожны з нас – Jhon Silver, калі судзіце за гэты артыкул Эдуарда Пальчыса – судзіце ўсіх нас.

Вашай увазе пералік пікетаў 13 кастрычніка, на якіх вы можаце паставіць свой подпіс за #нашсцяг і адначасна пад артыкулам Джона Сільвера “5 прычын, па якіх Україна пераможа РФ”.

1. Выхад з метро Купалаўская/Кастрычніцкая ў бок універсама “Цэнтральны” (з 14:00 да 21:00).

2. Выхад з метро пл. Якуба Коласа ў бок Камароўскага рынка (з 14:00 да 20:00).

3. Выхад з метро пл. Незалежнасьці ў бок вакзала і ст. Дружная (з 14:00 да 20:00).

4. Выхад з метро Інстытут Культуры ў бок дома быта і чыгуначнай станцыі (з 15:00 да 20:00).

5. Выхад з метро Каменная горка ў бок крамы “Мацерык” (з 17:00 да 21:00).


Пры неабходнасьці ,час працы пікетаў удакладняйце па нумары +375 44 755 69 90

Наш сьцяг і самы вялікі воін Сьвятла 11.10.2016 3

Народ наш беларускі вельмі трапны на вызначэньні і афарызмы. Вось вы толькі паслухайце, як мастакі слова тлумачаць нацыянальныя сымбалі Беларусі.

Падыходзіць падпісвацца група маладзёнаў па год 17 кожнаму.

- Так, канешне, падпішу! – рашуча гаворыць адзін і бярэ бланк.

- Цікава, а чым вам наш сьцяг не падабаецца? – недаўменна запытвае іншы.

- Бо наш – гэта ня наш, – імгненна парыруе падпісант і пачынае запісваць свае дадзеныя.

Падпісвацца падыходзяць тата з маленькім сынам.

- Што гэта? – пытае трохгадовае дзіця.

- Сынок, гэта самы вялікі воін сьвятла! – рашуча тлумачыць бацька сыну і зьвяртаючыся да мяне гаворыць: – “Воіны сьвятла” – самы любімы ягоны сьпеў.

Полк гісторыкаў б’ецца над паходжаньнем сьцяга і армія патрыётаў агітуе за “Пагоню”. Але самае галонае, што нам трэба ведаць пра сьцягі – яно, як усё Божае стварэньне, адначасна і самае лагічнае: #нашсцяг – гэта бел-чырвона-белы, а той, што быццам бы наш – ня наш. І самае праўдзівае, што нам трэба тлумачыць пра “Пагоню” гэта тое, што яе ўвасабляе самы вялікі воін сьвятла. Таго Сьвятла, за якое мы і змагаемся.

Ты яшчэ не падпісаўся за той сьцяг, які сапраўды наш? Дык ня сьпі ў шапку, бо час кароткі! Кожны вечар апроч сьвятой нядзелі ў пераходзе з Купалаўскай/Кастрычніцкай у бок універсама “Цэнтральны”. Хто ня можа выйсьці з дому – электронная петыцыя тут https://petitions.by/petitions/312


На фота: Бацька Ўладзімер і сын Даніла ля выявы самага вялікага воіна Сьвятла.

На офісе ГП праверце! 10.10.2016 3

Дажджлівым кастрычніцкім вечарам у пераход да станцыі метро Купалаўская/Кастрычніцкая спусьціўся непрыкметны на першы позірк маладжавы спадар. Толькі хітры агменчык за шклом акуляраў мог выдаваць, што спадар чымсьці адметны з людзкога тлуму, які напаўняе гэты шумны пераход. Спадар падышоў да пікету па зборы подпісаў за бел-чырвона-белы сьцяг і хітрынка ў вачох зьмянілася на зьдзіўленьне. Я заўважыў, як кроплі празрыстай вадкасьці пацяклі па ягоных шчоках – ці тое кроплі дажджу, ці тое кроплі пакаяньня.

- Сябры, дайце і я падпішуся за #нашсцяг, - пасьля пранізьлівага маўчаньня працягнуў спадар рукі да нацыянальных сымбаляў.

- А ці варты ты таго, каб паставіць свой подпіс за бел-чырвона-белы сьцяг? – спытаў строгі голас патрыёта.

- Браточкі, я ўсё ўсьвядоміў, я больш ніколі ня буду ранейшым двудушнікам – я выракаюся чырвона-зялёнай нечысьці, якая стаіць у мяне ў офісе і сёньня ж вынясу яе туды, дзе яна і мусіць быць – на сьметнік гісторыі! – Выгукнуў спадар у адзіным парыве і ўзмаліў, – толькі дазвольце падпісацца за бел-чырвона-белы сьцяг!

Спадару дазволілі падпісацца і сфоткацца нават ля сьвятых нашых нацыянальных сымбаляў. І спадар радасны, як нібы акрылённы выпырхнуў зь пераходу. Паляцеў, відаць, выносіць з офісу свайго злачынную чырвона-зялёную сталінска-лукашэнкаўскую нечысьць. Хто бывае на офісе “Гавары праўду” – праверце, ці сапраўды зрабіў спадар тое, у чым сьлёзна кляўся?



Учынак сумленнага гамельчука 08.10.2016 1

Затрымаўшыся ў Гомлі на другі дзень вырашыў узьняць сьцяг і выйсьці пазьбіраць подпісы за наш нацыянальны сымбаль. Гамельчукі, гэта цудоўныя патрыёты нашай Бацькаўшчыны – трыццаць подпісаў за гадзіну, прам пасярод горада гукаюць “Жыве Беларусь!”, а на разьвітаньне кажуць: “Да сустрэчы на Brutto!” Але найбольш уразіў адзін падпісант з “капустай” на вопратцы.

- Во, - кажу я сябру з фотаапаратам, - фоткай, гэта будзе кадар дня! З капустай і тое за бел-чырвона-белы сьцяг!
- Ды гэта нам выдалі такую форму, - выбачаючыся пахітаў галавой хлопец.

Пасьля ён стаіць на прыпынку і чакае аўтобуса. І я падумаў: не, такога так проста адпускаць нельга.

- Паслухай, сябар, - кажу я яму, - трымай сьцяг, давай цябе сфоткаем пад нашым сьвятым сымбалем!
- Так, давай, - радасна адказвае той, - але з “капустай” сорамна, - і глянуў ён на мяне сумным такім позіркам. – Можа я здыму?

Я аж зьніякавеў, бо як раз з “капустай”-та і хацеў яго сфоткаць: глядзіце, маўляў, людзі – і “капуста” за #нашсцяг! Але просты шчыры беларус разумее, што нешта ня тое было б у такой сітуацыі, калі ты з савецкім сымбалем бярэш у рукі сымбаль сьвяты. І таму кажа: “сорамна”. Потым Уладзіслаў скінуў кофту і мы сфокталіся.

Я сам мяркую, што гэта вельмі станоўча, калі беларусы ад чырвона-зялёнага сьцяга і “капусты” навяртаюцца да бел-чырвона-белага і “Пагоні”; непрымальны адваротны рух, калі патрыёты нацыянальных сымбаляў галосяць: "мы ўсе ўмесьце" і цягнуць з багны савецка-лукашэнкаўскую нечысьць. І я разважаю: калі з капустай узьняць бел-чырвона-белы сьцяг – гэта для нармальнага чалавека сорамна, то на колькі сорамна павінна быць тым, якія да бел-чырвона-белага хочуць далучыць чырвона-зялёны і да “Пагоні” “капусту”?

Учынак гэтага простага сумленнага гамельчука яшчэ раз нагадвае нам аб тым, што ня можа нічога быць супольнага ў сьвятла зь цемраю, у праўды з хлусьнёю, у сьвятых нацыянальных сымбаляў са злачынынмі савецкімі.


Шоу будзе 06.10.2016 1

А 10 ранку 14 кастрычніка ў Менскім гарадзкім судзе над Эдуардам Пальчысам пачнецца ілжывы закрыты працэс, пра які ягоная жонка Вікторыя напісала: “Шоу ня будзе”. Хаця я мяркую, што беларускае дзяржава робіць усё мажлівае, каб шоу было – мы толькі павінны ініцыятыву гэтую падтрымаць.

Закрытым судом мяне судзілі ў 2006-ым годзе. Гэта быў суд ці не па адзіным палітычным артыкуле ў нашай краіне – 193.1 альбо “дзейнасьць ад імя незарэгістраванай у Беларусі арганізацыі”. Суд, як цяпер памятаю, быў вясёлы – пад вокнамі скандавала дэманстрацыя, а судзьдзя з пракурорам з вока на вока пераконвалі мяне, які я небясьпечны для Бацькаўшчыны індывідум. Я шчэ ня быў такі дасьведчаны ў крымінальных разборках і на паседжаньні нешта спрабаваў судзьдзі даказваць: у апошнім слове зачытваў Біблію, заклікаў да сумленьня і розуму. Пракурор “учитывая социальную опасность преступника” з двух мажлівых гадоў прасіў даць мне два.

І пастанова суда, памятаецца, была ня менш фіерычная. Так у адным абзацы пералічвалася віна: “дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”, якая ставіць за мэту выхаваньне маладога пакаленьня беларусаў на падмурку нацыянальнай ідэі і хрысьціянскіх прынцыпаў”, а ў другім абзацы робіцца выснова: “учитывая социальную опасность преступника и личность абвиняемого – полтора года”. Хоць ніхто і не задумаўся, што “лічнасьць” у мяне да 2006 года была вельмі нават прыстойная – я па 12 гадзін працаваў на рынку і ў вольны ад працы час арганізоўваў мірныя акцыі, пасьля якіх мяне мірна насілі ў аўтазак. Але, якое гэта было шоу – нічога не ўлічылі!

Жарты жартамі, але калі разважаць лагічна, то і цяпер цяжка разабрацца, для чаго тады рэжым спрабаваў учыніць такую зачыстку з ганебнымі судзілішчамі па ўсёй краіне. Але лагічна ў карнай сыстэме ніхто не разважае. Разважаюць адной адзінай сваёй рэпрэсіўнай зьвілінай: задушыць, зьнішчыць, спыніць любое іншадумства. Яны думалі, што закрыюць мяне і дзейнасьць Маладога Фронту тут жа пасыплецца.

І хоць мяне закрылі ў самай праверанай зоне – шклоўскай, рэжым паймеў адваротны вынік – Малады Фронт быў на адным са сваіх уздымаў. Нягледзячы на дзясяткі крымінальных справаў “за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі” моладзь працягвала працу, а цягам суду нада мною і іншымі маладафронтаўцамі паўтары тысячы чалавек паставілі свой подпіс пад заявай: “Я – маладафронтавец”, чым кожны падпісант сьведчыў: судзіце гэтых – судзіце і ўсіх нас.

Гледзячы на ўсё гэта карная сыстэма задумалася і назаўжды спыніла прымяненьне ў дачыненьні да грамадзка-палітычных актывістаў артыкула 193.1, які, дэ-факта, знаходзіцца цяпер пад негалосным мараторыем. І ўсё гэта дзякуючы самаахвярнасьці маладафронтаўцаў і тых, хто праявіў салідарнасьць пад час судоў.

Сёньня ж рэжым спрабуе спыніць тых, хто на галоўным фронце барацьбы – інфармацыйным. І гэта ня дзіва, бо ня намі ж, а самім жыцьцём даказана: “хто валодае інфармацыяй, той валодае сьветам”. Эдуард Пальчыс вельмі добра валодаў інфармацыяй, так добра, што форумныя боты пераконвалі адзін аднаго, што 1863х.com – гэта праект дзярждэпа, а на імя Джон Сільвер працуе адмысловы адзьдзел ЦРУ. Калі я запытваў Эдуарда, як той усё гэта пасьпявае, той адказваў: “Жонка варыць есьці, а я пішу”. Я быў перакананы, што гэта жарт і далей не распытваў. Цяпер жа я сапраўды ведаю, што так і было – Эдуард пісаў па вечарох, калі Вікторыя гатавала вячэру. І вось на аднаго чалавека, які прымусіў трымцець усе спэцслужбы цэлай “пятай імпэрыі, што падымаецца з кален”, уся імпэрыя і абрынулася. Да расправы над таленавітым публіцыстам далучылі правераную на адсутнасьць праўды карную судовую сыстэму Беларусі.

Мясцовая рэжым і шызеючая імпэрыя перакананы, што раздушаць Эдуарда, не пакінуўшы ад ягонай дзейнасьці і сьледу. Але ўсе мы, тыя, хто застаўся на волі павінны дамагчыся адваротнага выніку – Эдуардава слова павінна загучаць яшчэ галосьней, ягоныя артыкулы павінны перачытваць мільёны ва ўсіх кутках былой імпэрыі зла, ягоны сайт 1863х.com павінен трашчаць ад наплыву ахвочых напіцца праўды!

Давайце 14 кастрычніка а 10 ранку падыдзем да Менскага гарадзкога судзілішча (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1) і дапаможам рэжыму зрабіць шоу, якое яны так доўга рыхтавалі, але паказаць, чамусьці, хочуць аднаму толькі Эдуарду. Мы ж павінны паказаць яго ўсяму сьвету. На шоу мы пачнем збор подпісаў пад адным з артыкулаў Джона Сільвера, пад якім кожны ахвочы зможа паставіць сваё імя і прозьвішча, тым самым засьведчыўшы: кожны з нас – Джон Сільвер, хочаце пасадзіць – садзіце ўсіх. Яны захацелі шоу? Шоу будзе!


http://1863x.com/must-go-on/

Самы дарагі подпіс 02.10.2016 1

Подпісы зьбіраліся сёньня вельмі добра і бадзёра. Толькі ў мяне за гадзін шэсьць працы каля 250 подпісаў – па 40 подпісаў за гадзіну. Зборшчыкаў было сёньня ад трох да шасьці ў розны перыяд часу і агулам подпісаў ля універсама “Цэнтральны” сабрана блізу тысячы. Радуе, што многія заслужаныя і вядомыя людзі прыйшлі падпісацца за #нашсцяг І ёсьць сярод гэтых подпісаў самы дарагі для нас сёньня.

Ветэран Другой сусьветнай вайны Сурын Мікалай павольна ішоў да бел-чырвона-белага пікета па ходніках праспэкта, параўняўся, выпрастаўся і папрасіў падпісны аркуш. 91-гадовы партызан адмыслова для гэтай місіі апрануў усе баявыя ўзнагароды, а на разьвітаньне ўзьняў над Менскам бел-чырвона-белы сьцяг. Ён выглядаў велічна – нават воўчая зграя не асьмелілася кінуцца да яго і скласьці пратакол.

Паны і паненкі, людзі добрага веку і моладзь, партызаны ХХ стагодзьдзя і змагары ХХІ – усе разам за бел-чырвона-белы сьцяг! Дык жыве Беларусь і будзе жыць!



Страницы: Пред. 1 2 3 4 5 ... 7 След.
Читать другие новости