Пяць аргумантаў за бел-чырвона-белы сьцяг 30.09.2016 2

1. Бел-чырвона-белы сьцяг – гэта сьцяг нашай гісторыі, які мае шматсотгадовую спадчыну. У тым ліку пад ім абвяшчалася незалежнасьць у 1918 і пад ім незалежнасьць аднаўлялася ў 1991 годзе, калі нацыянальны сьцяг беларусаў стаўся дзяржаўным і быў такім цягам чатырох год. Дык ці ня ганьба гэта нашай дзяржавы, што за бел-чырвона-белы сьцяг дагэтуль складаюцца пратаколы, у якіх пішуць віну чалавека: размахваў бел-чырвона-белым сьцягам, які зьяўляецца незарэгістраванай сымболікай?

2. Бел-чырвона-белы сьцяг – гэта сьцяг нашай будучыні, які бяспрэчна адновіцца як дзяржаўны сымбаль Беларусі. Калі нехта ў гэтым сумняецца, дык узгадайце, што ў канцы 80-ых – пачатку 90-ых бел-чырвона-белы сьцяг узьняўся з 70-гадовага нябыту, калі пра яго існаваньне ведалі толькі гісторыкі. Цяпер жа, у адрозьненьні ад 90-ых, мільёны беларусаў памятаюць бел-чырвона-белы сьцяг, яго любяць і захоўваюць яму вернасьць у сваіх сэрцах.

3. Бел-чырвона-белы сьцяг – гэта сьцяг нашай перамогі, якую мы вельмі хутка ўбачым. Ну скажыце, за кім у рэшце рэшт застанецца перамога: за неадэкватным дыктатарам, які рукамі сваіх псоў драў бел-чырвона-белы сьцяг, ці за Васілём Быкавым, Нілам Гілевічам, Ларысай Геніюш, Генадзем Бураўкіным, Рыгорам Барадуліным, Максімам Танкам і многімі, многімі іншыя – усімі тымі, хто йшоў пад бел-чырвона-белым сьцягам – за кім будзе перамога?

4. Бел-чырвона-белы сьцяг – гэта сьцяг адзінай праўды, пра якую Хрыстос гаворыць: “Я – шлях, праўда і жыцьцё” (Яна 14:6). Аб гэтым сьведчыць хрысьціянскае паходжаньне нашага нацыянальнага сьцяга. Узгадайма перамогу над маскавітамі пад Воршай, якая адбылася 8 верасьня 1514 года пад сьцягамі сьвятога Юр’я, - чырвоны крыж на белай тканіне, - які і стаўся прататыпам бел-чырвона-белага сьцяга. Узгадайма сымбаль уваскрасеньня Хрыста – бел-чырвона-белую стужку, якая аздабляе адзеньне хрысьціянскіх сьвятароў.

5. Бел-чырвона-белы сьцяг – гэта сьцяг сьвятой чысьціні, якую ніхто і ніколі ня здолее запляміць. Хаця мы і ведаем спробы зьмяшаць бел-чырвона-белы сьцяг з брудам злачыннай ідэі нацызма, але ўсё гэта высмактана з пальца. Да прыкладу паглядзіце на падобную гісторыю. Пасьля патопа Бог паабяцаў Ною, што больш ніякая душа ня будзе зьнічшана патопам і ў якасьці сьведчаньня аб гэтым запавеце даў вясёлку: “І будзе вясёлка ў воблаку, і Я ўбачу яе, і ўспомню запавет вечны паміж Богам і паміж усякаю душою жывою ў кожнай плоці, якая на зямлі” (Быцьцё 9:16). Але ж мы ведаем, што сёньня многія людзі бяруць на ўзбраеньне вясёлку як сымбаль распусты. Дык што рабіць Богу, адмовіцца ад вясёлкі па гэтай прычыне? Натуральна, не! Вясёлка застаецца для Бога і любога біблійнага чалавека сымбалем запавету паміж Творцам і людзьмі. Дык што, з-за таго, што бел-чырвона-белы сьцяг маглі выкарыстоўваць у сваіх мэтах камуністы ці фашысты, нам адмовіцца ад яго? Натуральна, не!

Таму бел-чырвона-белы сьцяг быў, ёсьць і будзе для нас

                     напамінам нашай слаўнай гісторыі,

                                    сьветачам нашай вялікай будучыні,

                                                     доказам нашай хуткай перамогі,

                                                                      сьведчаньнем Хрыстовай праўды,

                                                                                            сымбалем сьвятой чысьціні –

               сьцягам, які неўзабаве зноў станецца дзяржаўным сьцягам Беларусі!



Дык прыходзь 1 кастрычніка а 12 гадзіне да універсама "Цэнтральны" і падпісвайся за #нашсцяг Хто ня можа хадзіць - электронная петыцыя тут


Што мы ведаем пра гераізм? 26.09.2016 11

Для моладзевага аб’яднаньня што ўласьціва перадусім? Уласьціва ахвярнасьць, гераізм. "Малады і гарачы", - кажуць у народзе. Сапраўды, дзе тая рэвалюцыя, якую рабіла ня моладзь? Дзе тыя перамены, якія рухаліся пенсіянерамі? Выйсьці на плошчу, узьняць сьцяг, скінуць помнік істукану - за ўсім моладзь.

Але, на жаль, часта так бывае, што гэтым усё і абмяжоўваецца. Як толькі надыходзіць час сістэмнай карпатлівай працы, запал моладзевы кудысьці зьнікае, а потым зьнікае і сама моладзь. Я неяк прыйшоў да высновы, што мо па гэтай прычыне і нарадзілася мудрасьць: "Рэвалюцыю робяць адны, а пладамі яе карыстаюцца іншыя". Каб рэвалюцыю рабіць і яе вынікі ў правільнае рэчышча накіроўваць, трэба апроч сьвяточнага гераізму быць падрыхтаванымі да гераізму штодзённага - цяжкай карпатлівай працы, якая не заўсёды атаясамліваецца з гераізмам, але насамрэч ім і ёсьць.

І вось я рады напаткаць яшчэ двух герояў, прыклад якіх пераконвае: ёсьць каму ў Беларусі ўладкоўваць плады рэвалюцыі. 23 верасьня ў свой дзень народзінаў Мікіта Наглін прыйшоў з працы і вырашыў сьвяточна адсьвяткаваць народзіны - пайшоў у пераход зьбіраць подпісы за #нашсцяг 26 верасьня Арцём Леўчанка вярнуўся з вучобы і прыняў валявое рашэньне адсьвяткаваць дваццацігадовы юбілей - пайшоў у пераход зьбіраць подпісы і атрымаў у якасьці падарунка свой першы мусарскі пратакол. Мяркую, гэта з шэрагу тых падарункаў, якія перадвызначаюць жыцьцё.

Дык што мы ведаем пра сапраўдны гераізм? Гераізм, гэта калі Siarhei Palcheuski едзе пад Ветку капаць акопы, а потым стаіць вечарамі ў пераходзе і зьбірае па 40 подпісаў у гадзіну за сьвяты наш бел-чырвона-белы сьцяг. Гераізм, гэта калі маладафронтаўцы ў свой дзень народзінаў прыходзяць з працы ці вучобы і ідуць у пераход, каб хоць і пад пагрозай перасьледу, але тлумачыць моладзі, што наш сапраўдны сымбаль - гэта не бесаўскі чырвона-зялёны, а хрысьціянскі бел-чырвона-белы сьцяг. І мы пэўныя, што дзякуючы такім героям сьцяг вернецца, што перамены прыдуць, што плады рэвалюцыі будзе каму накіроўваць у правільнае рэчышча.

Што мы ведаем пра гераізм? Але ён ёсьць. Дык далучайся, будзь героем і ты!



Самы круты беларус 22.09.2016 4

Сёньня зьбіралі подпісы пад аховаю – праваахоўнік бдзеў усе тры гадзіны нашага пікету. Пэрыядычна падыходзілі амапаўцы – фоткалі, званілі начальству і надзьмутыя сыходзілі. “Рыбяты, - кажу я ім, - трэба прывыкнуць, што каманды “фас” ня будзе доўга – пакуль газ ня пусьцяць па трубах. А газу ў Арды і на саміх хутка ня будзе. Таму глядзіце, каб увогуле дачакацца той каманды. Прывыкайце, мы тут надоўга!” Пасьміхаюцца, хітаюць галовамі, ідуць далей.

Таму сёньня мы нават размножыліся на два пікеты: адзін на выхадзе з метро Купалаўская/Кастрычніцкая, другі – на вакзале. Пікеты нашы будуць штодзённыя (апроч нядзелі), па вечарох падыходзьце і падпісвайцеся!

Подпісы зьбіраюцца добра, з такой прыблізна хуткасьцю, як і 6 год таму я зьбіраў за мову – па 20 штук за гадзіну, кожныя 3 хвіліны па подпісу. Сёньня подпіс паставіў Андрусь Такінданг, які дзякуючы АНТэшнай праграме пра мову быў апазнаны нашым наглядчыкам. “Вось, лепшыя людзі нашай Бацькаўшчыны – за бел-чырвона-белы сьцяг! – сказаў я наглядаючаму, як Андрусь сышоў. – Такінданг – самы цёмны і самы круты беларус у сьвеце!” “Так-так”, - выдыхае ахоўнік уражана.

Адваявалі “Пагоню”, адваюем і бел-чырвона-белы сьцяг – пераконваюся я. Хаця некаму здаецца, што яно неяк само сабой успышка зазьзяла: тысячы патрыётаў уздымаюць на стадыёнах “Пагоню” і гукаюць “Верым, можам, пераможам!” Але ці ведае хто, што гэта маладафронтаўская крычалка, прыдуманая Паўлам Севярынцам у 2006-ым? Дзесяць год таму гэта крычалі толькі маладафронтаўцы, а цяпер гукаюць стадыёны.

Працэс ідзе, цягнік рушыць, хаця нехта і ня вельмі разумее для чаго. Вось шаноўны адзін сябар піша: “Подпісаў мы ўжо сабралі тысячу, іх больш зьбіраць няма сэнсу”. Сябры, ды нават каб мы сто тысяч подпісаў сабралі – і іх мала было б, а ня тое, што тысячы. Дзесяць, дзесяць мільёнаў подпісаў нам трэба за сьцяг наш бел-чырвона-белы, вось тады і можна будзе сказаць: усё, хопіць подпісаў за сьцяг, давайце зьбіраць за мову! )

А цяпер, калі ты просіш непаўнагадовых падпісацца за бел-чырвона-белы сьцяг, ведаеце, што яны кажуць праз аднаго? Яны кажуць: “А што гэта такое?” Яны ведаюць толькі сталінскі чырвона-зялёны. Ты ім тлумачыш, распавядаеш – і моладзь натхнёна ставіць подпіс у падтрымку нацыянальнага сымбаля. А вы кажаце, тысячы подпісаў дастаткова. Дзесяць, дзесяць мільёнаў подпісаў нам трэба! І толькі тады, калі ўсе беларусы стануць такімі ж крутымі, як самы цёмны і самы круты беларус Андрусь Такінданг – толькі тады мы супакоімся! #нашсцяг



Калі ты (ня) панк 14.09.2016 3

Зьбіраўся пайсьці ў цырульню, а Наста кажа: “Ня сьмей, ідзі да Вінаградава!” Выбіраўся я мо зь месяц і добра так ужо зарос, калі дабраўся да майстра. Майстар ацаніў ступень запушчанасьці кліента і прапанаваў дызайнерскі ход. Іншаму б я не дазволіў і настойваў бы на сваёй звычайнай кароткай стрыжцы “бокс/паўбокс”. Але калі твая галава ў руках сапраўднага мастака, ты можаш дазволіць сабе і яму экспромт ) Што з гэтага выйшла, вы можаце бачыць на фота ) Я не зачосваўся так гадоў пад дваццаць, але супраць мастацтва не папрэш! Я нават паабяцаў вытрымаць гэты свой новы імідж да нашай супольнай акцыі 19 верасьня. Але ўвогуле я хацеў сказаць не аб гэтым.

Я аб тым думаю, што мы заслаба салідарны адно з адным. Павал Вінаградаў у няпростых зьнешніх умовах наладжавае сваю справу. Актывіст, чые дзёрзкія акцыі выклікалі ўвагу тысяч, адрозьніваецца ад многіх былых і сёньняшніх апазыцыйнераў тым, што працягвае грамадзкую дзейнасьць і сам, сваёю працаю імкнецца сябе забясьпечваць. І ці ломіцца ганак ягонай хаты ад ахвочых пастрыгчыся ў першакласнага спецыяліста і нястомнага змагара? Не, на жаль ня ломіцца. Што гэта, калі ня хіба нашай пасыянарнай часткі прыхільнікаў пераменаў? Дык можа і ў гэтым нашым няўменьні ці нежаданьні адзін аднаго падтрымоўваць таксама адна з прычын панаваньня дваццаць год рэжысёра з хітрым зачосам?

Трэба выпраўляцца, сябры і сяброўкі. Я вось выправіўся і вельмі застаўся задаволены вынікам. На разьвітаньне з майстрам сунуў яму купюру, хаця той і аднекваўся. Але ў нас у пратэстантаў (можа і ў іншых канфэсіях таксама) ёсьць такая форма “я цябе дабраслаўляю” – гаворыць чалавек, калі жадае даць табе грошы. Каб ён проста даваў, ты б адмовіўся. А калі табе кажуць “я цябе дабраслаўляю” – адмовіцца ўжо няможна. Павал Вінаградаў ня мае сваёй зарэгістравальнай цырульні, ён нікому не выстаўляе коштаў і, як кажа сам, калі стрыжэ кагосьці, робіць гэта для душы. Што гэта, калі не дабраславеньне сваёй працай іншага? Дык і ты, калі пастрыжэшся ў вядомага змагара Паўла Вінаградава, не забудзься дабраславіць яго. Ня трэба называць нейкія кошты, кожны сам ведае, колькі каштуе ягоная галава – дай гэтую суму Паўлу і скажы “я цябе дабраслаўляю!” А той пакіне яе ці на разьвіцьцё сваёй сядзібы “1863”, ці на свае змагарскія справы, ці кветак цудоўнай жонцы набудзе – гэта ягоныя праблемы.

19 верасьня а 19:00 ты можаш запісацца на стрыжку да вядомага мастака і змагара Паўла Вінаградава на плошчы Каліноўскага пад час акцыі “Праспэкст нацыянальнага сьцягу”. Прыходзь на сьвяткаваньне 25-годзьдзя бел-чырвона-белага сьцяга: уздымі нацыянальны сьцяг і праяві сваю салідарнасьць са змагаром Паўлам Вінаградавым, а потым пастрыжыся ў яго і праяві салідарнасьць з цырульнікам Паўлам Вінаградавым! І гэта, калі ты ня панк, рабі так кожны квартал! ) А калі панк – запісвайся ўжо зараз!


1283 км чакаюць! 12.09.2016 5

Заклікаю ўсіх прызначэнцаў у саніну палатку спыніць бясчынства і знайсьці ўправу на веткаўскіх лясьнікоў і лясьнічых! 220 руб і 50 кап за два акопы для стральбы лежачы - гэта рабунак сярод бела дня! Калі з кожнага партызана драць па 110 руб і 25 кап (55уа!) за акоп, то ці не прафукаем мы краіну, палаткаўцы?

Зрэшты, нашыя два акопы пад Веткай ўжо аплочаны і застаюцца за Маладым Фронтам. Калі якія партызанскія групоўкі гатовы выкупіць сабе па пару месцаў для стральбы, 1283 км беларуска-расейскай мяжы чакаюць сваіх партызанаў!



Ветка – надзейны бастыён Беларушчыны 08.09.2016 1

Едучы на самыя ўсходнія межы Беларусі, каб акопным пэрфомансам адзначыць 19-годзьдзе Маладога Фронту я зусім не зьбіраўся паглыбляцца ў народныя масы. Зразумейце мяне правільна, за апошнія паўтара года мы трохі раслабіліся: пастаянныя зборы “Ваяра” на трэніроўкі і іншыя выезды, бесперашкожная вайсковая падрыхтоўка са страйкбольнай зброяй, стварэньне рэгіянальных суполак – усё гэта мірна і спакойна функцыянавала цягам года-другога. Таму абсалютна зразумела, што ў Ветцы мы нікога не плянавалі сустрэць. Але нашы пляны былі брутальна разбураны вясёлымі кіраўнікамі Веткаўскага раёна.

Вясёлымі, бо такога цырку я за 16-ты год свайго апазыцыйнага стажу ня бачыў: на двух маладафронтаўцаў чалавек з дваццаць сілавікоў, сярод якіх кіраўнік раённага сьледчага камітэту, кіраўнік раённага МУС, кіраўнік выканкама ці тое КДБ (бо хто можа камандаваць камандзірам міліцыі?), які і ўчыніў апафеоз маразму – загадаў прывезьці ў лес дзьвух перакладчыц зь ліку мясцовых настаўніц беларускае мовы. Гэта да чаго трэба дайсьці, каб беларускі чыноўнік, які вырас на беларускай зямлі, скончыў беларускую школу, беларускі ўнівэрсытэт, атрымаў ад беларускага народу афіцэрскія пагоны – і выклікаў перакладчыка з беларускай мовы і на беларускую, гэта ці не дыягназ сыстэме?

Аднак, як ня дзіва, станоўчыя ўражаньні перавышаюць нэгатыўныя. Прыехаўшы на “месца злачынства” раённы кіраўнік сьледчага камітэту хоць з цяжкасьцю, але размаўляў са мной па-беларуску, ды так разышоўся, што і з настаўніцамі на роднай мове балбатаў без супыну. Прызнаваўся, як важна ведаць мову і ёй карыстацца. Адзін з міліцэйскіх падпалкоўнікаў уступіў у дыскусію па расейска-ўкраінскай вайне і хоць напачатку выказваўся рэзкавата, па разьвітаньні паціскаў многім руку і нават хваліў. Кіраўнік мясцовай міліцыі паводзіў сябе вельмі інтэлігентна, што ўжо само па сабе – геройства для сучаснай міліцыі і пераконваў мяне, што таксама можа па-беларуску. Трохі нават спрабаваў, але я яго ня мучыў настойваньнем і ён пераключыўся назад на расейскую. На разьвітаньне вельмі нас пераконваў наведаць веткаўскі гістарычны музэй, што мы з Сяргеем Пальчэўскім і зрабілі па вызваленьні з райадзьдзела.









Веткаўскі музэй – прыгожы трохпавярховы (!) будынак на галоўнай плошчы. Першы паверх музэя – артэфакты з раскопак і іншае, другі паверх – вышыванкі і іконы, трэці паверх – Біблія ў розных выданьнях. Музэйныя экспанаты распавядаюць гіторыю Веткі, а гісторыя сапраўды цікавая. Заснаваны горад у XVII ст стараверамі, якіх перасьледвалі ў Расеі ўлады. У XVIII ст на Ветку кідаліся карныя царскія войскі, якія спалілі горад і большасьць жыхароў перасялілі назад у Расею.

“Нічога дзіўнага, - кажу я сталай кабеце, адміністратарцы музэя, - як маскалі рэзалі сваіх жа былых адзінаверцаў у Ветцы, так цяпер забіваюць на акрываўленых землях Усходняй Украіны.” Кабета згодна ківае галавой і прыгаворвае “Ай жаж, дзеткі мае, абы спакойна было, абы не ваявалі”.

Аднак спакойна не было ніколі і заўсёды ваявалі. Толькі маскалі вайну называюць праявай брацкай любові і сваяцкага клопату. Але брацкая любоў агнём і высяленьнем не перашкодзіла веткаўскім стараверам пусьціць карані, якія і сёньня адрозьніваюць Ветку і наваколе ад іншых земляў Усходняй Беларусі. Я аб’езьдзіў шмат міліцэйскіх калектываў з Захаду на Ўсход і магу сказаць пэўна, што веткаўскія людзі – гэта патрыёты нашай бацькаўшчы, а Ветка – надзейны бастыён Беларушчыны на нашых усходніх межах!

Атрымалі маскалі пад Воршай, атрымаюць і пад Веткай! Жыве Беларусь!

Хто павінен аддаваць загад? 06.09.2016 9

Вось я думаю, хто павінен аддаваць загад, каб цябе прыехалі браць у лесе пад Веткай начальнік раённай міліцыі, начальнік раённага сьледчага камітэту, па некаторых сьведчаньнях начальнік раённага выканкама/кдб, які выклікае "дзвюх перакладчыц" - куча падпалкоўнікаў, што густа прыпраўлены дзівакамі ў касках і з аўтаматамі, гэбэшнікамі, даішнікамі, ляснічымі, - адкуль у такім выпадку загадваюць?! 16-ты год апазыцыйнага стажу, а такога цырку ня бачыў ніколі)

Ну што ж, праверым што будзе 8 верасьня! ) 8 верасьня ля расейскай амбасады сьвяткуем 502-ія ўгодкі слаўнай перамогі нашых продкаў пад Воршай! 8 верасьня, 18:00, Нававіленская 1а

"Атрымалі пад Воршай, атрымаеце і пад Веткай!"

Выратуем лясы! 01.08.2016 1

Звоніць мусарок нейкі з Маскоўскага раёна: "Зьміцер Вячаслававіч, мы з вамі дамаўляліся ў суботу, што вы прыедзіце сёньня ў Маскоўскі РАУС". Я яму спрабую даказваць, што дамаўляцца мы не маглі, бо на выходных пры мне і тэлефонаў нават не было, але таму хоць плюй у вочы. "Дык прыходзьце заўтра", - кажа. "Толькі ў кайданах", - адказваю я. На гэтым пытаньне закрываецца. Прыемна размаўляць з разумнымі людзьмі! )

А ўвогуле, я так разумею, што "Вясна" дамаглася свайго - карныя органы спрабуюць выконваць свой жа кодэкс: запрашаюць падпісаць пратакол, азнаёміцца з паказаньнямі і гд. Хаця я прапаную праваабаронцам "Вясны" дамагчыся не выкананьня кодэксу, а яго ануляваньня: пратаколы, сьведак, паказаньні - усё гэта і іншае прыбраць за непатрэбнасьцю! Падыходзіць мусар на акцыі, адразу на кавалку паперы выпісвае штраф - і я тут жа перадаю квіток назіральнікам "Вясны"! Колькі грошаў падаткаплацельшчыкаў зьберажэм, скараціўшы бюракратаў! Колькі паперы сэканомім! Колькі лясоў выратуем!

Допіс напісаны пры падтрымцы Вясна. Правы чалавека ў Беларусі / Viasna. Human rights in Belarus

За чыста вымыты праспэкт! 26.07.2016 1

За чыста вымыты праспэкт!

Вось ватаны гавораць: апазыцыя і такая, і сякая, і гэтакая; але каб не апазыцыя, гэтыя б ватаны ўсё жыцьцё па мурзатых праспэктах хадзілі! А так - ходзяць ды езьдзяць па чысьценькіх!

Калі ты за чыста вымыты праспэкт, прыходзь заўтра, 27 ліпеня а 8:30 ранку на плошчу Незалежнасьці! Сьвяткуем разам - ‪#‎сьвятанезалежнасьці‬

Даведка: 27 ліпеня 1990 года была прынята Дэклярацыя Незалежнасьці, з 1991 года па 1996 год дзень 27 ліпеня адзначаўся як Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.




З дробнай хлусьнёй не мірыцца 25.07.2016 3

На паўночных могілках, перад пахаваньнем Паўла Шарамета, пыдышлі мы да шэрагу шапікаў з кветкамі набыць гваздзікоў. Я ледзь ужо не сую грошы аднаму дзядзьку, а Рома Васільеў адзёргвае мяне: “Ты што, глянь”. Я: “Што такое”. “Ды во”, – паказвае той на майку дзядзькі. Я – глядзь, а там – Пуціна лыч. “Во засляпіла мяне,” – падумаў я сам сабе, а дзядзьку кажу: “Ты шо гэтага тэрарыста напяліў на пуза?” Пачалі мы абурацца, а дзядзька нешта пыжыць на нас у адказ.. Але асабліва нешта даказваць ватану не было часу – і мы пайшлі на могілкі.

Па вяртаньні ж я прапанаваў паглядзець на дзядзьку і ацаніць выяву некаторым іншым сябрам, у тым ліку Севярынцу і Аўтуховічу – і яны, канешне, рушылі. Праз хвілін пару пасьля іх іду я да шапіка, а Севярынец ужо рушыць цьвёрдым крокам назад. “Ну што, бачыў дурня?” – пытаю я яго. “Пагаварылі, - адказвае Паша, - ён яе ўжо пераапрануў унутраным бокам”. Падыходжу я да шапіка пуціноіда і бачу: сапраўды, стаіць ён сарамліва ўнутры шапіка, а на пузе заместа ганарлівага лыча Путлера – вывярнутая унутраным бокам на вонкі майка.

Класік беларускай літаратуры Пімен Панчанка пісаў у прарочым вершы “Мала сказаць: ненавіджу…”

Мала сказаць: ненавiджу,

Мала сказаць: прызнаю,

Бiцца за праўду — i выжыць,

Нiбы салдат у баю.

Дрэннаму — не пакарыцца,

Добрае — не празяваць.

З дробнай хлусьнёй не мiрыцца,

З буйнай хлусьнёй ваяваць.

І ці не пачатак гэта хлусьні, калі навокал нас ходзяць ў вопратцы з савецкай сымболікай, злачыннымі лычамі Леніна, Сталіна ці Пуціна? І што, мы робім выгляд, што ня бачым іх? Ці проста нешта мармычам абуральнае сабе пад нос? Але пакуль Бог мілуе нас ад неабходнасьці браць у рукі аўтамат і страляць, ты проста падыдзі ды скажы: “Навошта ты апрануў гэтую нечысьць на пуза?” Ня трэба біць, ня трэба страляць, ня трэба чыніць гвалт – проста скажы Слова. Раніцай у метро выкажаш сваё абурэньне ватніку ты, па абедзе ў сталоўцы падыдзе да яго нехта іншы выказацца – і я перакананы, што перад вяртаньнем да дому з працы, ватнік перагорне сваю майку унутраным бокам і так паедзе дахаты.

Ваяваць з буйнай хлусьнёй стараюцца многія. Але ж усё буйнае пачынаецца з чагосьці малога. І я мяркую, што калі мы прывучым сябе ніколі і ні пры якіх абставінах не мірыцца з дробнай хлусьнёй, то над намі ніколі не запануе і буйная хлусьня.


Страницы: Пред. 1 2 3 4 5 6 7 След.
Читать другие новости