Ён ёсьць 18.07.2016 2

Неяк сядзеў я ў “Шклове”, а дзяўчаткі з “Маладога Фронту”, якія далучыліся да арганізацыі пасьля майго арышту, клеілі ўлёткі з маім партрэтам і заклікам вызваленьня палітвязьняў. І вось месяцаў празь некалькі гэтай кампаніі паміж маладафронтаўкамі адбываецца такі дыялог:

- А як ты лічыш, Дашкевіч існуе?

- Ну так, бо на лісты ж нехта адказвае.

Гэта я пра тое, што з Джонам Сільверам быў мала хто з нас знаёмы асабіста, але ж ён ёсьць, бо на лісты адказвае )

Атрымаў ліст ад Эдуарда, дзе ён дзякуе ўсім за шматлікія лісты, паштоўкі і малітвы. “Тое, што за мяне моляцца і хвалююцца шмат людзей, мяне ўводзіць у нейкі шок…- піша Эдуард, - Усё гэта, ня проста прыдае сілаў, але абавязвае рабіць у сто разбоў болей, чым раней. Таму загартоўваюся тут па-максімуму. І калі мне дадуць тэрмін, тым горш для іх :)”.

Таксама радуе, што цэнзура прапусьціла да Эдуарда апошні пераклад Новага Запавету на беларускую мову. “Вялікі дзякуй за твой падарунак – Новы Запавет. Вельмі прыемна бачыць беларускамоўнае выданне за 2016 год. Гэта пра многае сведчыць”.

Насуперак усім цяжкасьцям Эдуард трымаецца, як той казаў, роўна. “Для мяне турма – гэта нейкі трэніровачны лягер, дзе ты ўдасканальваеш дух, волю, нэрвы і шмат яшчэ чаго”.

Дык давайце пісаць Джону лісты і дапамагаць яму ў такіх няпростых трэніроўках! Адрэса для ліставаньня: 222160, Менская вобл., г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, турма №8. Пальчысу Эдуарду Аляксандравічу  ‪#‎freejhonsilver

Праблема не ў ісламе 16.07.2016 6

Усё ж, калі разважыць, праблема не ў ісламе. Праблема ў хрысьціянстве, у самой Заходняя цывілізацыі, якая здрадзіла свайму Богу.

"Калі ты /.../ будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго, старанна выконваць усе запаведзі Ягоныя, якія наказваю табе сёньня, дык Гасподзь, Бог твой, паставіць цябе вышэй за ўсе народы зямлі; і сыдуць на цябе ўсе дабраславеньні гэтыя і спраўдзяцца на табе, калі будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго.

Дабраславёны ты ў горадзе і дабраславёны ў полі.
Дабраславёны плод чэрава твайго і плод зямлі тваёй, і плод быдла твайго, і плод тваіх валоў, і плод авечак тваіх.
Дабраславёныя засекі твае і кладоўкі твае.
Дабраславёны ты пры ўваходзе тваім і дабраславёны ты пры выхадзе тваім.
Паб'е перад табою Гасподзь ворагаў тваіх, якія паўстаюць на цябе; адною дарогаю яны выступяць супроць цябе, а сямю дарогамі пабягуць ад цябе".

"А калі ня будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго, і ня будзеш старацца выконваць усе запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія я наказваю табе сёньня, дык прыйдуць на цябе ўсе праклёны гэтыя і дастануць цябе.

Пашле на цябе Гасподзь народ здалёку, ад краю зямлі: як арол, мовы якога ты не разумееш, народ нахабны, які ня ўважыць старому і не пашкадуе маладога; і есьціме ён плод быдла твайго і плод зямлі тваёй, пакуль ня спустошыць цябе, так што не пакіне табе ні хлеба, ні віна, ні алею, ні плоду валоў тваіх, ні плоду авечак тваіх, пакуль не загубіць цябе; і ўціскацьме цябе ва ўсіх селішчах тваіх, пакуль на ўсёй зямлі тваёй не разбурыць высокіх і моцных муроў тваіх, на якія ты спадзяешся; і ўціскацьме цябе ва ўсіх селішчах тваіх, на ўсёй зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, даў табе".

"У сьведкі перад вамі заклікаю сёньня неба і зямлю: жыцьцё і сьмерць прапанаваў я табе, дабраславеньне і пракляцьце. Выберы жыцьцё, каб жыў ты і нашчадкі твае."

Праблема не ў ісламе, сябры, праблема ў тым, будзем мы з вамі і іншыя эўрапейскія народы трымацца Госпада ці ня будзем...

(Другазаконьне, разьдзелы 28 і 30)


Люблю і разумею 14.07.2016 7

- А што, вы ўсігда па-беларускі разгаварываеце? – чую я ў слухаўцы зьдзіўленае пытаньне, якое азначае, што чалавек не ў Нашай Ніве ўбачыў спасылку на cesliary.by

- Канешне, як жа яшчэ размаўляць?

- Ну я нізнаю, я сама руская.

- Нічога, тут такіх рускіх як вы паўкраіны: у кагосьці дзед на Магадане “служыў”, у кагосьці цётка стрыечнай бабулі з-пад Смаленску.

Першы раўнд з сэрыі #тваямаянепанімаць быў завершаны жартам, што давала надзею паразуменьня з кліентам. Ну і сапраўды, неяк жа адпрацаваў там перада мною курсант “Мова нанова” Z, які і даў гаспадыні мой нумар.

- Вы ў гэтай нішы паліцы хочаце ці шафу, – задаю я першае ўдакладняючае пытаньне, прыехаўшы на замер.

- Ой, гаварыце са мной па-рускі, я нічыво ні панімаю.

Пры такой пастаноўцы пытаньня я, у залежнасьці ад абстаноўкі, ці пераходжу ў наступ, ці пераходжу на трасянку і неяк падцягваю інтэрнацыянальную лексіку, каб цягам наступных некалькіх сказаў вярнуцца на нармальную мову. Заўсёды хочацца скарыстацца першым варыянтам – самым кароткім, ды толькі часьцей за ўсё даводзіцца карыстацца другім – самым надзейным.

- Ну… што вы хацелі зрабіць тут… проста дошкі паставіць адкрытыя ці шафу?

Моўная плынь пераадольвае перашкоды, бяжыць, цячэ – гаворка працягваецца і праз хвіль пару ўсе ўжо быццам бы спакойна разумеюць мову. І наступны ступар узьнікае толькі з-за складанасьці ў выбары колераў, якіх на палітрах некалькі соцень. Гаспадыня кліча дачку – маладжавую кабету гадоў 35.

- Ну а какой цвет вы посоветуете выбрать? – запытвае тая.

- Як я магу вам нешта раіць, вы ж ведаеце прымаўку пра густ і колер, – усьміхаюся я.

- А вы по-беларускі разговаріваете?!

- Канешне, як жа яшчэ размаўляць? – зноў лыблюся.

- Ой, какой вы молодец! Я вот даже в белоруской школе учілась, но уже нічего не помню!

- Я вельмі рады, што вы хоць любіце нашу мову, – паўжартам намякаю я.

- Усе любяць, – зразумеўшы мой пасыл устаўляе рэпліку старэйшая, - проста ні все её панімают.

Пры выбары ручак падбягае старэйшая дачка кабеты – дзяўчынка гадкоў дванаццаці. І пакуль бабуля гортае каталог, я пытаю тоненькую шэравокую школьніцу:

- Паненка, а вы ў беларускамоўнай школе вучыцеся?

- Так, – радасна адказвае тая, – у нас есть беларуская мова.

- Ну, беларуская мова пакуль яшчэ ва ўсіх школах ёсьць, а вось каб як у матулі вашай: матэматыка, хімія – ды па-беларуску, во класна было б?!

- Нет, у мамкі не вся школа была белоруская, а толькі мова беларуская, какую она вельмі любіць.

- І матуля перадала вам гэтую любоў?

- Так, я таксама люблю беларускую мову, - сарамліва адказвае тоненькая, шэравокая дзяўчынка.

Разьвітваючыся я дзякую маленькай паненцы за тое, што яна разумее і так любіць родную мову. І хоць гэтым разам я абсалютна ні на што не намякаў, бабуля ў дзьвярах мне адказвае: “Усе разумеюць, але ня ўсе размаўляць могуць”.

“Нічо се! – уразіўся я ў думках. – Яна за гадзіну і любіць пачала і разумець!”

І едучы да хаты я ў тысячны раз разважаў пра тое, што нам трэба патрыётаў не мове вучыць, а мовай вучыць карыстацца. Бо ў тысячны раз я пераконваюся ў тым, што 99% патрыётаў мовы карыстаюцца ёю толькі тады, калі зь імі размаўляе беларускамоўны, але як толькі такі патрыёт трапляе ў расейскамоўны этэр, ён адразу ператвараецца ў “здрасьце, ізьвініце, пажалста”.

А ўсяго толькі што трэба? Трэба набрацца сьмеласьці і перайсьці на мову ва ўсіх сфэрах жыцьця! Так, ты сутыкнешся з канфліктам, але мудра пераадолеўшы яго ты ўбачыш перад сабою не таго, хто загадвае “давай-ка па-рускі”, а таго, хто сам, пераадолеўшы савецкія комплексы скажа: “Люблю і разумею”.



Дык будзьма мовай карыстацца штодня і паўсюль, каб любові і разуменьня станавілася вакол нас усё болей і болей, ажно пакуль гэтая любоў не зазьвініць беларускай мовай у кожным доме.


Амэрыка кепская краіна, але... 05.07.2016 16

Сьвяткаваць разам з намі Дзень незалежнасьці ЗША прыйшоў вельмі падобны хлапак на стрыечнага пляменьніка траюраднай цёткі Барака самога Абамы, для якога і папрасіў сьцяжок на памяць ад беларускага народу.



У гэты вялікі дзень узгадалі разам зь ім бацькоў-заснавальнікаў ЗША, каб прасякнуўшыся іх сьветапоглядам, маглі мы ўсе зразумець сутнасьць таго адзінага падмурку, на якім ўтвараюцца магутныя дзяржавы.


Джордж Вашынгтан: “Немагчыма правільна кіраваць сьветам бяз Бога і Бібліі”.’


Джон Адамс: “У той момант, калі грамадзтва прасякнецца ідэяй, што маёмасьць не зьяўляецца сьвяшчэннай, роўна як і закон Божы, пачынаецца тыранія і анархія”.


Томас Джэфэрсан: “Усялякі раз, калі я ўзгадваю, што Госпад справядлівы, я дрыжу за сваю краіну”.


Як заўважыў Ярослав Лукасік, "Амэрыка кепская краіна, але яшчэ ніхто не зрабіў лепей". А мо павучымся ў разумных людзей і паспрабуем?


Фота Радыё Свабода


Жанчынападобныя чалавекі 27.06.2016 7

Пачуў па "Радыё сталіца" навіну і засумняваўся. Дапамог гугел, які ўсё пацьвердзіў: у Швэцыі жанчынам дазволілі хадзіць па вуліцах топлес.

Сайты пішуць, што мужская палова насельніцва ў захапленьні, а мусульмане супраць. Але цікава ня гэта: ці мала дзе ў нашым сьвеце што-кольвечы дазваляюць - гэтым ужо мала каго зьдзівіш. Цікава фармулёўка, зь якой дазволены аголеныя шпацыры па вуліцах "чалавеку, які ўспрымаецца як жанчына". За гэта выступаюць фэмэністы ўсіх масьцей, каб жанчыну нельга было называць жанчынаю? Дык ці далёка адступлюся я ад праўды, калі скажу, што талеранствуюшчая шыза ня ведае межаў?



Падтрымаць палітвязьня – гэта падтрымаць Хрыста 26.06.2016 2

Многія пакаленьні людзей і ў многіх народах змагаліся за праўду. Некаторым удалося дачакацца пераможных вынікаў сваёй самаахвярнасьці, але большасьць, на жаль, перамогі Праўды убачыць не магла. Паўстае пытаньне: а для чаго тады яны ўвогуле ішлі супраць хлусьні і ўзурпатараў? Ішлі, безумоўна, дзеля іншых людзей і наступных пакаленьняў. Але гэта ня ўсё. Сам Ісус Хрыстос сьведчыць, што змагары за праўду маюць самую вялікую ўзнагароду гэтага сьвету – Валадарства Нябёснае. У Нагорнай казаньні Ён гаворыць:

“Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Валадарства Нябёснае” (Паводле Мацьвея 5:10).

І вось тут паўстае пытаньне ўжо да нас: як мы падтрымоўваем тых, хто знаходзіцца на самым пярэднім фронце барацьбы за праўду – на вайне, на барыкадах ці ў вязьніцы? У нашых умовах гаворка пакуль што пра тых, хто несправядліва ўвязьнены, хто за праўду пазбаўлены свабоды.

Падтрымка кожнага, хто церпіць за праўду ад уладумаючых – адзін з частых напамінаў Бібліі. Апостал Павал піша: “Памятайце вязьняў, як бы і вы зь імі былі ў кайданах, і пакутнікаў, бо і самі вы ў целе” (Да Габрэяў 13:3).

У іншым месцы Хрыстос гаворыць такую прыпавесьць:

“Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе сьвятыя анёлы зь Ім, тады сядзе на троне славы Сваёй, і зьбяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў; і паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў — леваруч.

Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго:“Прыйдзеце, дабраславёныя Айца Майго, прымеце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэньня сьвету: бо быў галодны Я, і вы далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне”.

Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: “Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі? альбо сасьмяглага і напаілі? калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі? альбо голага і адзелі? калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да цябе?”

І Цар скажа ім у адказ: “Праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне”.

Тады скажа і тым, якія леваруч ад Яго: “Ідзеце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, угатаваны д'яблу і анёлам ягоным: бо быў галодны Я, вы не далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы не напаілі Мяне; быў падарожны, і не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне”

Тады і яны скажуць яму ў адказ: “Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасьмяглага, альбо падарожнага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і не паслужылі Табе?”

Тады скажа ім у адказ: “Праўду кажу вам: як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, дык не зрабілі Мне”.

І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ў жыцьцё вечнае” (Паводле Мацьвея 25:31-46).

Давайце ня будзем абыякавымі назіральнікамі, давайце падтрымоўваць гнаных за праўду – палітвязьняў. Тым больш, каб праявіць сваю падтрымку пакуль што ня трэба і асаблівай ахвярнасьці – дастаткова проста ўзяць асадку ў рукі ды напісаць палітвязьню цёплыя словы салідарнасьці. Сёньня, у сьвяточны нядзельны дзень, дашліце паштоўку Эдурду Пальчысу, іншым палітвязьням. Хто ведае, можа гэтым самым мы дапамагаем ня толькі арыштанту, але і Самому Хрысту?

Адрэса для ліставаньня: 222160, Мінская вобл., г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, турма №8. Пальчысу Эдуарду Аляксандравічу


Ёсьць прапанова 24.06.2016 3

Наша Ніва ў навіну пра перамогу эўраскептыкаў у Вялікабрытаніі паставіла фота радаснага Пуціна, быццам 17 мільёнаў вялікабрытанцаў пуціноіды. Гэта пры тым, што Вялікабрытанія заўсёды была асабняком у ЭЗ - і бяз эўра, і без шэнгенскай зоны. Ліберальныя патрыёты такія мастакі на ярлыкі: ты супраць гейпарадаў - хрысьціянствуючы цемрашал, ты эўраскептык - значыцца агент Пуціна, і гд, і гд.

"Незалежнікаў" можна зразумець, яны хочуць моцнай Эўропы, каб гэта моцная Эўропа ўзяла Беларусь пад сваё крыло, выратаваўшы тым самым ад анэксіі. Але ж у гэтым і слабасьць нашых памкненьняў да незалежнасьці - мы ўвесь час спадзяемся, што нас нехта выратуе: адны спадзяюцца, што выратуе Расея, іншыя спадзяюцца, што паратунак толькі ў Брусэлі.

А калі мы пачнем спадзявацца толькі на сябе і Бога, які ўклаў аграмедны патэнцыял у наш народ? (Адна толькі Біблія Скарыны, чацьвёрная ў сьвеце на мове народу - чаго вартая?!) Мо давайце ачухаемся ўжо ад гэтае рабскае ментальнасьці, якая заўсёды шукае пад кімсьці абароны? Ёсьць прапанова стацца свабоднымі людзьмі, якія самі адказваюць за свой лёс і лёс свайго народа!

І хто б што ня ныў, і хто б як не спрабаваў нас сажраць, мы зробім Беларусь і свабоднаю, і сапраўды незалежнаю. Бо "ўсё магу ва ўмацоўваючым мяне Ісусе Хрысьце" (Эфэсцам, 4:13).


Салідарнасьць вызваляе вязьняў! 21.06.2016 2

Праект 1863х адразу па адкрыцьці прыцягнуў да сябе ўсеагульную ўвагу – і неверагоднай крэатыўнасьцю, і глыбокай аналітычнасьцю, і дакумантальнай дакладнасьцю матэрыялаў, што друкаваліся на сайце 1863х.сom. “Ватныя пуканы” рваліся ў спрэчках пра тое, колькі адзьдзелаў ЦРУ працуе на гэты праект. А апынулася, што гэта ўсяго толькі адзін змагар – Джон Сільвер – вядзе барацьбу з цэлым фронтам крэмлёўскіх троляў. Неяк у перапісцы з Джонам я пацікавіўся, як ён пасьпявае выдаваць стосы першакласных матэрыялаў ад якіх трасецца ўсё Ольгіна? “Жонка варыць есьці, а я пішу,” – жартам адказаў Джон.

Жарты жартамі, але тысячы карыстальнікаў інтэрнэтам захапляліся тылавым забесьпячэньнем Джона і ягонаю працаю, лайкалі і рэпосьцілі яго тэксты, але як Джон апынуўся ў расейскім палоне, на полі салідарнасьці зь ім засталіся адзінкі – тыя, хто выходзіў на акцыі падтрымкі, пісаў і піша лісты.

Такі стан рэчаў хоць і ня новы для нашае краіны, але засмучвае ўсё адно. Яно канешне зразумела: штрафы “крываваму рэжыму” плаціць ня хочам, на сутках за салідарнасьць сядзець не выпадае, Бастылію браць штурмам час не прысьпеў. І вось троль маскоўскі ды і любы вораг Беларушчыны зіркае на ўсё гэта і радуецца: паглядзіце, маўляў, што іх там – адзінкі! Хопіць і роты танкаў каб раздушыць ды дайсьці да Буга.

І я разважыў, як бы нам абраць такую форму салідарнасьці, каб выявілася сапраўдная тысячная армія прыхільнікаў змагара Джона Сільвера? Дапамог уласны турэмны досьвед. Калі цэнзар прыносіў у атрад/камеру лісты для вязьняў, зьбіраліся ўсе хто хадзіў і пачыналі жартам наракаць: “Ізноў Дашкевічу ўсё?!” Многія захапляліся, калі бачылі стосы лістоў да мяне (у пэрыяд сьвятаў штодня па 50-100 лістоў/тэлергам я атрымоўваў): “Ну апазіцыя, ну малайцы, сваіх не кідаюць!” Іншы казаў абглядзеўшыся БТ-прапаганды: “Я думаў вас там пару галадранцаў у апазіцыі, а цяпер бачу, што гэта армія!”

Дык я прапаную: што калі нам усім, без ніякага партыйнага ці ідэалагічнага складніку, сабрацца ды масава падпісаць паштоўкі для Джона Сільвера – Эдуарда Пальчыса, які ахвяруючы сабою супрацьстаяў і супрацьстаіць цяпер усёй КДБэшна-ФСБэшнай сыстэме? Такія дзеяньні не пагражаюць ні штрафам, ні арыштам, ні любым іншым перасьледам.

Прапаную 23 чэрвеня, у чацьвер у пэрыяд часу з 19:00 да 20:00, без плякатаў ці сьцягоў сустрэцца ля Галоўпаштамта (праспэкт Незалежнасьці 10) і зрабіць простае дзеяньне: падпісаць паштоўкі салідарнасьці Эдуарду Пальчысу. Паштоўкі з адрасам і нават налепленымі маркамі будуць загадзя падрыхтаваныя – можаце проста дапісаць “Джон, трымайся!”, паставіць свой подпіс – і гэта будзе ўжо наша агульная вялікая справа. Можаце прыносіць свае лісты, загадзя напісаныя, і дасылаць іх разам зь іншымі. А можна напісаць ліст у хаце/партыйным офісе, сфоткаць яго – і выкласьці ў сацыяльныя сеткі з ужо існуючым ў фб хэштэгам ‪#‎freejhonsilver‬

Гэта не пафас, а рэальная рэч, якая шматразова і ў розных дыктатурах даказвала сваю слушнасьць: салідарнасьць вызваляе вязьняў. Дык будзьма салідарнымі!

Адрэса для ліставаньня: 222160, Мінская вобласць, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, турма №8. Пальчысу Эдуарду Аляксандравічу

"Твая мая не панімаць"‬ 21.06.2016 6


Час ад часу трапляючы ці тое ў сьмешныя, ці тое трагічныя моўныя гісторыі заўсёды ўзгадваю выказваньне шаноўнага пана Andrej Dynko, каторы неяк адзначыў, што “ніколі не сустракаў непаразуменьняў пры выкарыстаньні беларускае мовы”. Я тады шчэ зьдзівіўся, мо пан з хаты выходзіць толькі на працу ў рэдакцыю НН, а з працы – адразу да дому? Аднак пан Андрэй Дынько запэўніў, што шмат дзе ходзіць: і ў Купалаўскі, і ў гімназію 23-ую, і іншыя месцы наведвае.

Я, канешне, зьдзівіўся яшчэ болей, ці пра тую самую мову мы з панам Андрэем гаворым? Бо я-та заўсёды трапляю ў трагі-камічныя моўныя гісторыі. І вось днямі, трапіўшы ў чарговую, вырашыў яе і наступныя запісваць пад агульным назовам #тваямаянепанімаць Запрашаю ўсіх іншых удзельнікаў беларускомоўнае прасторы выкарыстоўваць дадзены хэштэг і дзяліцца сваімі прышпіламі зь іншымі. Калі-небудзь, зьбярэм гэтыя замалёўкі пад адной вокладкай.

І так. Прыйшлі мы з Мараю ў начную аптэку на вуліцы Коласа, каб набыць лекі для “баціка Даіда”.

- У вас фенісьціл у кроплях ёсьць? – пытаю трывалым голасам, хоць і ідстаялі мы паўгадзінную чаргу.
- Феністіл, это от алергіі, а укропная водічка, это на основе укропа – от коліков в жівотіке. Так вам что?
- У вас фенісьціл у выглядзе кропель ёсьць? – перастаўляю я словы, так і не скарыстоўваючы прапанаваныя пераклады.
- Ой, Боже ты мой, я сразу і не поняла, – сьмяецца прадавачка, – феністіл в каплях есть, да. Будете покупать?
- Будзем набываць, – усьміхаюся я, выйграўшы чарговы моўны двубой.

“А вось пан Андрэй Дынько, - распавядаю я Мары прышпільваючы яе ў крэсьле, - ніколі не трапляе ў моўна-сьмешныя гісторыі, а ты ў іх з самага дзяцінства. Пашанцавала ж табе з бацькам!”


Прымаю стаўкі! 08.06.2016 27

А ўвогуле, калі разабрацца, то ўвесь скандал высмактаны з пальца. Бо што новага вам скажа Севярынец? Ён 10 год таму казаў тое ж і яшчэ праз 10 скажа аднолькава. Чалавек, які імкнецца будаваць сваё жыцьцё на Бібліі іншага вам сказаць ня можа. (Што гаворыць Новы Запавет пра гомасэксуалістаў і ім падобных можна глянуць па гэтай падборцы http://www.belaruspartisan.org/blogs/dashkevich/17337/) Дык для чаго кожныя паўгады раздуваць адзін і той жа садомскі агонь? Сапраўды, дзіўна.

Тым больш ня трэба пераймацца з-за “сярэднявечных забабонаў” Паўла і іншых хрысьціянаў, калі мы ўлічым што рана ці позна, але ў Беларусі адбудуцца свабодныя выбары. І вось вы зьбярэцеся ўсе разам: Іван Шыла і Павал Юхневіч, Юрась Меляшкевіч і Андрэй Дзьмітрыеў, з радасьцю вам дапамогуць Севярын Квяткоўскі і Зьміцер Панкавец ды многія іншыя прагрэсіўныя лібералы – і, заклікаўшы беларускі народ да талерантнасьці і павагі да гейпарадаў, вы дадзіце бой "цемрашальству" Севярынца.

Толькі я ўжо цяпер магу зрабіць стаўку на тое, чыёй перамогай гэты бой скончыцца.

Бо ідзе беларускі народ, які вы можаце называць цёмным ці загнаным, але ён, як трапна вызначыў класік, вялікі ў сваім маўчаньні. А народ – гэта ня фэйзбук, зь яго ўжо проста так не пасьмяешся. Вялікі ў сваім маўчаньні беларускі народ хутка паставіць кропку ў вашым шабашы. Сумняецеся? Прымаю любыя стаўкі!

Страницы: Пред. 1 ... 3 4 5 6 7 След.
Читать другие новости