АКТУАЛЬНЫЕ ТЕМЫ: Протесты Конституционная реформа Павел Шеремет Эпидемия Белгазпромбанк Беларусь-Россия
Беларускія пратэсты: пат?

Беларускія пратэсты: пат?

Незразумела, на каго і супраць каго ў Беларусі зараз працуе час.

З аднаго боку, Лукашэнка можа спрабаваць выматаць пратэст. Колькі могуць выходзіць людзі? Паўгады? Год? Пакуль што практычных дасягненняў у пратэстаў ня вельмі шмат. Да сілавога адпору, захопу адміністрацыйных будынкаў ці нават на страйку справа не дайшла. Лукашэнка фармальна правёў інаўгурацыю, Захад фармальна будзе вымушаны мець справу з ягонымі як мінімум дыпламатамі. Лукашэнка і так незаконна займае пасаду прэзідэнта мінімум з 1999 года – у гэтым сэнсе "выбары" і іхнае непрызнаньне нічога не змянілі.

З другога боку, чаму б і не выходзіць на маршы і дэманстрацыі хоць паўгады і хоць год – у камфортны час, у камфортным фармаце, галоўнае – дзясяткамі і сотнямі тысячаў па ўсёй краіне, з песнямі, крэатывам і пазітывам.

Гэта дэманструе ўсяму свету адсутнасць падтрымкі Лукашэнкі: у тым ліку Пуціну і лукашэнкаўскаму атачэнню (ад каго ў першую чаргу залежыць Лукашэнкава будучыня), але таксама і ўсяму дэмакратычнаму свету: ніколі міжнародная рэпутацыя Беларусі і беларусаў не была такой высокай, ніколі столькі людзей не ганарыліся сваім беларускім паходжаннем– і ўсё гэта пад "Пагоняй", бел-чырвона-белым сцягам і "Магутным Божам".

Пазітыўны пратэст-свята дэмаралізуе дзяржаўны апарат і будуе гарызантальныя сувязі між людзьмі. Рэвалюцыя – перадусім, у грамадстве, і толькі потым у адміністрацыі.

Незадаволенасць Лукашэнкам нікуды не падзенецца. У самым лепшым для яго выпадку яна ператворыцца ў пажар тарфяніка і, сціхнуўшы, будзе гатовая выбухнуць з падвойнай сілай у любы момант

Якая ў гэтага будзе практычная развязка? Да чаго ўсё гэта прывядзе? Напэўна, ніхто зараз гэтага ня скажа.

Адно зразумела: трэба выходзіць і выходзіць, і пашыраць інфармацыю пра пратэсты ў свеце. Трэба рабіць пратэсты разнастайнымі і крэатыўнымі. А дзе і ў які момант прыляціць для А. Лукашэнкі той "чорны лебедзь" (эканамічны крызіс, палацавы пераварот, другая хваля каранавіруса) – пабачым.

29.09.20 10:53
Внимание! Материалы в разделе «Блоги» отражают исключительно точку зрения автора. Точка зрения редакции «Белорусского партизана» может не совпадать с точкой зрения автора. Редакция не модерирует и следовательно, не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации и выполняет исключительно роль носителя.

Алесь Чайчыц