АКТУАЛЬНЫЕ ТЕМЫ: Эпидемия Единый кандидат оппозиции Выборы-2020 Беларусь-Россия Павел Шеремет Экономический кризис
Каранавірус - не нагода перастаць крытыкаваць уладу. Адказ Ю. Дракахрусту

Каранавірус - не нагода перастаць крытыкаваць уладу. Адказ Ю. Дракахрусту

Чытаю блог журналіста Юрыя Дракахруста на "Свабодзе" і не веру таму, што я бачу.

Аляксандр Лукашэнка - гэта чалавек, які сканцэнтраваў у сваіх руках усю ўладу ў Беларусі і таму нясе персанальную адказнасць за тое, што робіцца з краінай. Ён і сам з гэтым згадзіўся бы.

Ягоная палітыка можа прывесці да страты Беларуссю незалежнасці - паўгады таму былі расійска-беларускія “дарожныя карты”, цяпер пагроза эканамічнага калапсу з-за кітайскага каранавіруса, потым будзе нешта яшчэ. Рада БНР кажа пра гэта два з паловай дзесяцігоддзя - і нязменна мае ў гэтым рацыю.

Але калі Беларусь сапраўды страціць незалежнасць, тады Юры Дракахруст, падобна, збіраецца абвінаваціць у гэтым не аўтакрата з неабмежаванай уладай, а прадаксальным чынам перадусім апазіцыю - разбітую, дэмаралізаваную, дэцэнтралізаваную, здушаную агентурай, цэнзурай і штрафамі, выціснутую ў эміграцыю.

Ён піша:

вось калі гэта стане рэальнасьцю – што скажуць дэмакратычныя, прагрэсіўныя беларусы?

Дык гэта Лукашэнка давёў, давёў і сваёй шматгадовай палітыкай, і сваёй варʼяцкай палітыкай барацьбы з «псыхозам»-каранавірусам.

Выдатнае тлумачэньне. І вынікі выдатныя будуць. Праўда, Беларусі ўжо ня будзе. Затое Фэйсбук за надзвычайную прадбачлівасьць мэдалёк на грудзі павесіць.


То бок, не Лукашэнка давёў?

То бок, палітыка не вар’яцкая?

Можна, калі ласка, пападрабязней?

Далей.

Уявім сабе на секунду, што апазіцыйная грамадскасць зробіць так, як заклікаюць Яўген Прэйгерман і Юры Дракахруст.

Дарэчы, а што, уласна, прапануецца рабіць, каб дакладна ведаць?

Ці павінна грамадства “працягнуць руку да дыялога” і як-небудзь там “праявіць канструктыўны настрой”?
Дэмакратычная апазіцыя дзесяцігоддзямі стаіць з гэтай працягнутай рукой, удзельнічае ў бутафорскіх выбарах, спрабуе рэгістраваць партыі, прабіцца ў дзяржаўныя СМІ і іншым чынам удзельнічаць у інстытуцыяналізаваным грамадска-палітычным жыцці. Марна спрабуе, толькі робячыся аб’ектам здзекаў і ачарнення з боку дзяржаўнай прапагандысцкай машыны і яе спадарожнікаў. І прапаганда гэтая не спыняецца нават у цяперашні час - пачытайце тэлеграм-канал прэзідэнцкай прэс-службы альбо “фельетоны” ў “Савецкай Беларусіі”.
Ці павінна грамадства ўстрымацца ад крытыкі лукашэнкаўскай палітыкі і несправядлівай, несумленнай палітычнай сістэмы, якую ён пабудаваў? Ад цалкам апраўданай крытыкі таго, што ён дваццаць гадоў вёў Беларусь у пашчу кракадзіла, і толькі цяпер высветліў, што кракадзіл пагражае і яму самому?

Незалежніцкая грамадскасць не павінна ісці да Лукашэнкі на паклон і цалаваць амапаўскі дручок, які яе з 1995 года рэгулярна б’е па галаве.

Наадварот. Гэта перад Лукашэнкам і ягонымі людзьмі задача - пайсці на даўно назрэлую дэмакратычную трансфармацыю і спадзявацца, што яна пройдзе нагэтулькі ўдала, што будучая дэмакратычная беларуская дзяржава потым ня будзе іх вышукваць па венесуэлах і растовах-на-доне.
Калі ўлада хоча агульнанацыянальнай еднасці ў крызіс, тады яна павінна разумець, што менавіта зараз той самы час, калі неабходна, нарэшце, праявіць павагу, даць голас тым грамадскім сілам, якія прадстаўляюць продэмакратычную і проеўрапейскую як-мінімум-траціну беларускага электарату.

Я. Прэйгерман і Ю. Дракахруст прапануюць грамадскасці не мітусіцца пад нагамі рэжыма ў небяспечны для гэтага рэжыму час.

А насамрэч гэта як раз той час, калі трэба найбольш гучна патрабаваць ад улады правоў і дэмакратыі. Улада адчувае няпэўнасць. Улада адчувае сваю слабасць. Гэта бачна.
24.04.20 16:53

Алесь Чайчыц

Change privacy settings