І зноўку пра журналістыку местачковага разліву
Не магу растлумачыць неабгрунтаваны энтузіязм наконт Асмалоўкі, які прагучаў у матэрыяле НН
Хто сказаў, што Асмалоўку вырашылі не зносіць? Хто сказаў, што ўжо ёсць індульгенцыя, ахоўная грамата для гэтых двух кварталаў? Пачытайце ўважліва пастанову, і ўсё стане на свае месцы. Так, у пастанове пералічаны тыя будынкі, якія ўжо даўно атрымалі статус гісторыка-культурнай каштоўесці па перыметры Асмалоўкі.
І аніякім новым будынкам, акрамя тых, што маюйь статус, нічога новага па лініі аховы помнікаў згодна пастановы надавацца не будзе. Ды і сама пастанова па ахоўнай зоне - гэта не той дакумент, якім надаецца статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Што тычыцца самой Асмалоўкі, то гэта зона рэгуляваай забудовы. Так, там прадугледжаны рэгламенты, якія абмяжоўваюць будаўнічую дзейнасць у дачыненні да існуючых будынкаў, але за будынкамі не замацаваны статус недатыкальнасці.
У іх нельга мяняць фасады і рабіць прыбудовы, але ніхто не забараняе іх зносіць і будаваць новыя дамы ў адпаведнасці з вызначаным рэгляментам. Гэта проста. Прымаецца рашэнне аб зносе на падставе вынікаў інжынерна-тэхнічнага абследавання, і пачынаецца новае будаўніцтва ў адпаведнасці з вызначаным рэгламентам. Ды і рэгламент хітра напісалі, вышыню не ў паверхах, не ў метрах не ад дзённай паверхні зямлі прапісалі, а ў метрах над узроўнем мора ў Балтыйскай сістэме вышынь. Паспрабуй правер без спецыялнага інструментальнага вышукання, калі што.