АКТУАЛЬНЫЕ ТЕМЫ: Выборы-2019 Изменение Конституции Европейские игры в Минске Куропаты Беларусь-Россия Убийство Павла Шеремета
Ці стане "Даўмонт" герастратам?

Ці стане "Даўмонт" герастратам?

Праблема для роздуму, бо ўжо не першы раз за апошнія тыдні з'яўляецца інфармацыя пра быццам бы аднаўленне помнікаў гісторыі і культуры прыватнымі прадпрымальнікамі. Гэта само сабой насцярожвае, бо вельмі часта праводзіцца не рэстаўрацыя, не аднаўленне, нават не рэканструкцыя, а цалкам калгасны ці то аграгарадошны "еўрарамонт", пасля якога на гісторыка-культурны аб'ект без слёзаў і не паглядзіш.

Другая праблема, што нашая грамадскасць, якая далучае сама сябе да перадавых шэрагаў сусветнага пралетарыяту ў змаганні за ідэалы дэмакратыі і шчасце для ўсяго люду беларускага, збольшага, мяркуючы па каментарам на сайтах, ну проста замілавана ўспрымае любую недзяржаўную ініцыятыву ў дачыненні да гісторыка-культурных каштоўнасцяў, нават калі яна мае ўсе прыкметы парушэння і заканадаўства, і элементарных методык выканання прац на помніках.

А тут чарговы матэрыял на сайце "Нашай нівы" перадрукаванны з сайту газеты "Турызм і адпачынк" пра палац Мержаеўскіх у Грозаве Капыльскага р-на http://nn.by/?c=ar&i=62279.

Чарговая пагроза над чарговым помнікам. Асабліва, калі палымяны дырэктар-архітэктар "Даўмонта", прадпрыемства-ўладальніка помніка, гаворыць пра тое, што занадта павольна працуюць і ў Мірскім замку, і ў Нясвізскім, дзе, насамарэч, работы ідуць недапушчальна ўдарнымі тэмпамі пры правядзенні рэстаўрацыі. Да слова. Калі дырэктвр "Даўмонта" мае архітэктурную адукацыю, то помнік у сапраўднай небяспецы. Ну не сябруюць нашыя архітэктары з помнікамі, не сябруюць.

Значыць будзе і гіпсакартон, і астатні неадэкват. А самае цікавае, што Грозаўскі палац – помнік 2-й катэгорыі, уся праектная дакументацыя павінна ісці праз раду, а ці разглядаўся праект, і на якім узроўні сказаць цяжка, бо толькі заўтра з раніцы буду валодаць інфармацыяй па помніку, па працах, якія на ім вядуцца.

Ды варта проста задумацца, што будуць мяняць і перакрыцці, і дах, і сцены. Гарантыя, што аўтэнтыкі там не застанецца, тым больш, што гатэль з рэстаранам у помніку хочуць увесці ў эксплуатацыю ў наступным годзе. А ці правадзіліся на аб'екце абавязковыя для помніка комплексныя навуковыя вышуканні, а ці ёсць навуковы кіраўнік? Пытанні, пытанні пытанні...

Пытанне нават у тым, ці законна дырэктар-архітэктар набыў маёмасць, бо любая здзелка з нерухомай матэрыяльнай спадчынай павінна адбывацца таксама толькі з дазволу мінкульта.

Ёсць Закон "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны" – гэта святое. Парушэнне закона, нават пад высакароднай маскіроўкай – не толькі злачынства, а і дзеянне, якое вядзе да маральнага разбэшчвання грамадства. Таму прыватнік-не прыватнік – выконвай патрабаванні закона і методык правядзення прац.

А тут, я падазраю, што ў інвестараў не за помнік баліць, яны за 35000 бел. тугрыкаў атрымалі супер землеадвод і сваімі працамі сапсуюць і помнік, і наваколле, якое ўжо савецкамі пабудовамі троху падпсавана.

Яшчэ раз хачу нагадаць, мы вельмі часта выстаўляем негатыўную адзнаку, канешне справядліва, працам, якія вядуцца на такіх аб'ектах, як Мірскі і Нясвізскі замкі, гістарычныя цэнтры нашых гарадоў, інш., нават з улікам таго, што на гэтых аб'ектах у нас працуюць лепшыя кадры, якіх, на жаль, у нас іх зусім мала.

А тут нейкія салігорскія ашаломы схапілі палац пач. 19 ст., і што – ёсць спадзеў на нармальны вынік? Што, салігорскі прадпрымальнік лепшы чым тыя ж інвестары, якія шкодзяць у тым жа Гістарычным цэнтры Мінска?

Проста хачу нагадаць элементарную заканамернасць у сферы захавання спадчыны. Аніякім разам нельга прымаць тэзіс: "Любыя працы на помніку, абы не было б руін". Пры такім падыходзе крэсляцца незваротна нават далёкія перспектывы навукова-абгрунтаванага аднаўлення гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Ужо лепей проста зафіксаваць помнік і чакаць лепшых часоў, калі зараз немагчыма правесці працы ў нармальным рэжыме, а пры спрыяльных умовах яго аднавіць. Гэта лепей, чым пераўтвараць аб'ект у ражно, якое потым нічым не выправіш і, якое будзе звычайнай фальсіфікацыяй.

А фальсіфікаваны помнік – тое ж самае, што фальсіфікаваная гісторыя.

25.10.11 21:00