Сядуць усе!

Прачытаў некалькі матэрыялаў апошнімі двумя днямі. І ўсе матэрыялы пра вялікае дасягненне ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Нарэшце, праз доўгія гады Мінкульт і Генпракуратура прачнуліся і вырашылі, што спадчыну трэба бараніць, што супраць ворагаў гісторыка-культурнай спадчыны трэба ўшчыльніць шэрагі і паказаць ім кузькіну маць. Адным словам: "Дадзім адлуп ворагам сусветнага імперыялізму!".

Тым больш, што па словах прэс-сакратара мінкульта Ганны Смольскай (http://naviny.by/rubrics/society/2011/07/27/ic_news_116_373298/): "Минкультуры и Генпрокуратура разработают совместный план действий, который будет координировать деятельность по охране историко-культурного наследия, – отметила пресс-секретарь. – План будет побуждать к тому, чтобы люди содержали объекты этого наследия в надлежащем состоянии, а также исполняли законодательство в сфере охраны историко-культурного наследия".



Ну, поўная лафа. Дачакаліся! Прыйшоў час, і розная там вашывая грамадскасць ужо не будзе лезці ў такія тонкія матэрыі, як ахова спадчыны, бо на амаль на 21-м годзе існавання незалежнай беларускай дзяржавы праблемай зоймецца адпаведны орган дзяржаўнага кіравання і органы пракурорскага нагляду. І, нарэшце, самым жэстачайшым чынам будуць караць парушальнікаў заканадаўства. Карацей, сядуць усе! Пералічваць не буду хто, бо спіс занадта доўгі атрымаецца.

Але ж такая ў мяне паганая натура. Што не прачытаю, што не пачую, пачынаю пераварваць, зусім як бадзяжны сабака, які да свойскай памыйкі дарваўся і нажэрся. А потым усё пачутае і прачытанае маё калева шэрага рэчыва пачынае раз'ядаць розным там права-укланісцкім крытыканствам, як у сабачым страўніку раз'ядае калбасную скурку саляная кіслата.

Вось і зараз, як у вядомым кіно, "меня терзают смутные сомнения". Памятаю, яшчэ гады тры-чатыры таму на лісты Таварыства ў Мінгарвыканкам па праблемах ігнаравання заканадаўства пры правядзенні прац у Гістарычным цэнтры Мінска адказ давала ўпраўленне культуры гарвыканкама за подпісам В.Кураша (на той час узначальваў дадзеную структуру), а ўнізе, зусім дробненькім шрыфтам, стаяла прозвішча сапраўднага аўтара эпісталярных шэдэўраў. І я думаю, што Вы ўжо здагадаліся чыё. А сапраўды – гэта шэдэўры, бо на ўсе канкрэтныя пытанні, ну, напрыклад, чаму парушаецца такі і такі артыкул ці пункт закона, пастановы і г.д., аўтарка пісала, а Кураш падпісваў, што парушэнняў няма, бо ўсё ўзгоднена іншымі чыноўнікамі.

У прынцыпе, зараз тое самае, калі вядзеш перапіску з Мінкультам. А што можа памяняцца, бо той жа Кураш ужо ў намесніках міністра, і такое ўражанне, што тая самая Смольская, менавіта дробненькім шрыфтам гэтае прозвішча ў вышэйзгаданых лістах было прапісана, стала аж прэс-сакратаром міністэрства.

Ну, мусіць хопіць пра міністэрства. Пра яго ўжо столькі напісана, што дзякуючы Таварыству, яно стала сапраўды самым папулярным органам дзяржкіравання, самым народным, я б сказаў. А вось, што Генпракуратура пры справах, то гэта ўжо зусім іншы каленкор. Хочацца запытаць, а як яна будзе дапамагаць Мінкульту за спадчыну змагацца, калі наскрозь не хочуць пракурорскія работнікі бачыць міністэрскія агрэхі. Як можна нешта кантраляваць разам з тымі, хто неаднаразова абыходзіў і абыходзіць дзеючае заканадаўства, трактуе яго на карысць каго заўгодна, акрамя, як на карысць нашай гаротнай спадчыны.

І яшчэ вельмі цікава. Толькі за апошнія некалькі год зафіксавана знішчэнне ці пашкоджанне шэрагу помнікаў, і дзеянні гэтыя інакш, як наўмыснымі, ды ў дадатак, здзейсненымі арганізаванымі групамі асобаў, не назавеш. І што ж нашыя праваахоўнікі. Ды нішто. Яскравы прыклад у Клецкім раёне. Ніхто не прыцягнуты да адказнасці за знішчэнне помніка ў Янавічах, бо па версіі і міліцыі і пракуратуры нельга да адказнасці прыцягнуць асобу, ці асобаў, калі яны не ведаюць, што здзяйсняюць правапаврушэнне, у сэнсе, не ведвюць, што руйнуюць будынак, які помнікам з'яўляецца. Беларускае ноў-хаў у правазнаўстве. Калі не ведаеш, то невінаваты. Проста такі высокія ці там нейкія нана-тэхналогіі ў сферы правапрымянення.

Але ж трэба ўжо і сканчываць, бо прыкладаў можна такіх прыводзіць і прыводзіць аж да поўнай нудоты. Таму асабіста мне вельмі цікава, якім чынам і кім асабіста сумесная пастанова будзе выконвацца. Падазраю, што ніяк і нікім.

28.07.11 0:43

Антон Астаповіч