Турма – як бяда

На вуліцы Вялікага Ноўгарада да мяне падыйшоў чалавек і папрасіў грошай. Мужчына сярэдніх гадоў, бедна, але чыста апрануты, гладка паголены твар, ніжняя губа дрыжыць ад прыніжэння. Даў хутчэй і пайшоў далей пад уражаннем аргумента, праз які чалавек меў атрымаць грошы ад мінака: "Я недавно вышел из мест заключения..." На Беларусі гэта апошняя прычына жабраваць грошы. Ну там, "пагарэлі", "абакралі", "збіраю на білет дадому", але не – "Дайце грошай, бо я выйшаў з турмы!"

У расейскай ментальнасці турма успрымаецца як бяда, прыроднае няшчасце, такое выхаванне ад стагоддзяў мелі нашыя суседзі ў Маскоўскай дзяржаве. Беларусы стагоддзямі выхоўваліся на Статуце, таму вязніцу ўспрымаюць як заслужанае пакаранне за парушэнне закону. "Нізашто ў турму не садзяць!" – тыповая беларуская рэакцыя.

Але увага! Літаральна на працягу жыцця аднаго пакалення за кіраванне аднаго толькі прэзідэнта можа быць пераадоленая і зліквідаваная гэтая цывілізацыйная беларуска-расейская розніца. Уся лукашэнкаўская судовая сістэма стала вялікай нацыянальнай бядой. На працягу 16 гадоў нам ледзь не кожны дзень дае прыкрае дасведчанне – "Закон у Беларусі нішто!" Людзі ідуць у турму нізавошта, толькі за тое, што нязгодныя, ідуць па сфабрыкаваных абвінавачваннях, прычым сфабрыкаваных тупа і прымітыўна. Чатыры гады строгага рэжыму чалавеку толькі за тое, што быў на Плошчы. А дзе тыя, хто біў вокны і дзверы дома ўраду? Спраўныя гэбісты з пракурорамі, пакажыце хоць аднаго!?

Спіс нявінна засуджаных на Беларусі можа скласці ўжо цэлую энцыклапедыю. Як гісторык кажу, такая энцыклапедыя будзе створаная і ў яе войдуць таксама прозвішчы тых, хто заводзіў людзей у несправядлівую турму. І пачатак такой энцыклапедыі ужо ёсць – спіс неўязных у Еўропу.
27.04.11 12:06

Аляксандар Краўцэвіч