Фанатызмам мову не выратаваць

“Беларуская мова, беларуская культура – гэта агульнанацыянальны здабытак. І мэта беларусаў – берагчы і развіваць іх у такой якасці. Галоўная небяспека для беларускай мовы – пераўтварэнне з агульнанацыянага здабытка ў атрыбут нацыяналістычнай субкультуры, якая грунтуецца на русафобіі і агрэсіі ў дачыненні да ўсіх, хто не падзяляе іх каштоўнасці і палітычныя меркаванні.

Таму мы падтрымліваем дзеянні дзяржавы і грмадства па развіцці і папулярызацыі беларускай мовы, калі гэтыя дзеянні не звязаны з прымусам і дыскрымінацыяй грамадзян па моўнаму і іншым прыкметам.

Мы падтрымліваем існаванне дзвюх дзяржаўных моў – рускай, як мовы межнацыянальных зносін і беларускай, як нацыянальнай мовы беларускага народа.

Мы лічым, што змена існуючага статус-кво магчыма толькі шляхам усенароднага галасавання, калі для гэтага будуць сацыяльныя перадумовы.”

З гэтай цытаты я хачу пачаць свой адказ на нядаўні артыкул Святланы Калінкінай. Гэта афіцыйная пазіцыя “Грамадзянскай згоды”, якая была прынята 9 студзеня 2017 года. У той час мы былі суполкай у “Фэйсбуку”, якая нават не мела сучаснай назвы. У самым пачатку стварэння руху мы вырашылі дакладна сфармуляваць свой погляд па моўнаму пытанню. Нягледзячы на тое, што рускай мовай я валодаю лепш, адказ я вырашыў напісаць па-беларуску. Не для таго, каб павялічыць аудыторыю або быць пачутым невядомымі “дарадцамі”. У данным выпадку беларуская мова больш падыходзіць.

Святлана – таленавіты прапагандыст. Яна піша вельмі яскрава, па-майстэрску расстаўляючы акцэнты, жанглюючы архетыпамі, ствараючы патрэбны ёй вобраз ворага, які плюе ў вечнасць.

Вось толькі малюнак, які яна намалявала, аказаўся з чарвівасцю. Калінкіна супастаўляе утылітарны вобраз мовы для зносін, мовы – пральнай машыны, якую магчыма выкінуць, калі патрэбна (так яна характарызуе ролю рускай мовы ў Беларусі) сакральнаму вобразу мовы – іконы, каштоўнасць якой у той самай сакральнасці. Але гэты самы вобраз і пацвярджае той самы тэзіс, які так старанна і эмацыйна яна спрабуе абвергнуць. Ікону не возьмеш з сабой на вечарынку або ў краму. Пры ўсёй яе святасці, воблаць прымянення іконы вельмі абмежавана.

Гісторыя ведала прыклады такіх “моў-ікон”. Для ўсяго каталіцка сусвету больш за тысячагоддзе іконай была латынь. На ёй праводзіліся богаслужэнні, пісаліся навуковыя працы, яе абавязаны былі ведаць усе адукаваныя людзі. Але ўвесь гэты час мова была мёртвай. На ёй не размаўлялі мінакі на вуліцах, не шапталіся закаханыя, не гандляваліся купцы на кірмашах, не лаяліся п’яніцы ў кабаках. Ці жадаеце вы такой будучыні для беларускай мовы?

Зрабіць з мовы ікону магчыма. Магчыма маліцца на яе, разбіваюы ілбы сабе і тым, хто побач. Магчыма павесіць на яе шыльдачку “Ахоўваецца дзяржаваю” і саджаць у турмы тых, хто не прызнае яе святасць. Магчыма нават заснавць моўную інквізіцыю і паліць няверных на кастры. Але ці зробіць гэта яе больш жывой? Як мінімум, гэта прывядзе да страху перад рэпрэсіямі. Як максімум – нянавісць да самой мовы, якую навязваюць настолькі фанатычна.

Для мяне і “Грамадзянскай згоды” мова – гэта не ікона, на якую неабходна маліцца і за непавагу да якой жорстка караць. Гэта - агульнанацыянальны здабытак, агульны для правых і для левых, нацыяналістаў і сацыялістаў, які неабходна шанаваць, падтрымліваць і развіваць. І дапамагаць яе развіццю павінны не Случакі, якія пішуць даносы на хворых дзяцей, а таленавітыя пісьменнікі, паэты і музыканты, якія ўкладаюць у яе свой талент, энтузіясты, якія адукоўваюць іншых і тым самым прывіваюць любоў да мовы, прадпрымальнікі, якія ўкладаюць свой капітал у ракзвіццё беларускіх брэндаў, робячы мову моднай і прывабнай. Толькі так талентам і любоўю магчыма вярнуць мову на вуліцы гарадоў і зрабіць гэта вяртанне незваротным.

09.07.17 23:59

Артем Агафонов