Севярынец, Кастусёў і "гонар LGBTQ"

Севярынец, Кастусёў і "гонар LGBTQ"

Я занадта не ўлазіў у палеміку вакол Павел Севярынец vs Рыгор Кастусёў, дый зараз не жадаю ўлазіць. Але не магу не падзяліцца інфармацыяй пра цікавыя супадзенні ў свеце LGBTQIA+.

1. Сёлетні Baltic Pride амаль супаў з круглай гадавінай першай дэманстрацыі геяў у Stonewall (якая дала пачатак "прайдам"). Гэта было ў чэрвені 1969. З нагоды круглай гадавіны (50 год) у Нью Ёрку, у месцы, дзе ўсё пачыналася, Stonewall National Monument (SNM) усталяваў "Сцяну Гонару LGBTQ". На Сцяну Гонару унесены таксама Хары Хэй як адзін з "Піянераў, Першапраходцаў і Герояў" (вялікія літары ў арыгінале).

Хто такі Хэй? Ну, ясна, што абаронца правоў LGBT. Але далёка не толькі. Хэй - гэта адзін з найбольш зацятых і настойлівых абаронцаў правоў педафілаў. Цягам усіх 80-ых гадоў ён настойваў на тым (і паспяхова), каб NAMBLA (асноўная пра-педафільская арганізацыя ў ЗША) удзельнічала ва ўсіх LGBT-прайдах. І нават у 90-ыя гады, калі большасць LGBT-арганізацый здыстанцаваліся ад педафільскіх рухаў, Хэй працягваў змагацца за "права на міжпакаленны інтым" і месца ў LGBT+.

І так, першае супадзенне: у адзін і той жа месяц - Baltic Pride і ўнясенне на "Сцяну Гонару LGBTQ" змагара за правы педафілаў. У якасці "Піянера, Першапраходца і Героя".

2. Але ёсць яшчэ адно цікавае супадзенне. 6 чэрвеня (у першы дзень Baltic Pride) у Касэлі, Нямеччына, пачаўся судовы працэс над універсітэцкім прафесарам, спецыялістам па эвалюцыйнай біялогіі, Ульрыхам Кучэрам. У адным са сваіх інтэрв'ю ён сцвердзіў (слушна ці няслушна - гэта асобная тэма), што гомасэксуалізм стварае большыя перадпасылкі для педафіліі, чым гетэра-. З-за гэтага ён быў прыцягнуты да судовай адказнасці (справа, як здаецца, яшчэ не завершана).

Асацыяванне гомасэксуалізму і педафіліі можна было б успрыняць як заведама ачарняльны ("гамафобскі") выбрык (і такім чынам апраўдаць абмяжоўванне акадэмічнай свабоды). Але, як на іронію лёсу, прыблізна два тыдні пасля працэсу, як ужо было сказана, адна з найбольш аўтарытэтных LGBT+ арганізацый (якой з'яўляецца SNM) абвесціла абаронцу правоў LGBT+педафілаў "Піянерам, Першапраходцам і Героем". А калі так, то грунтоўная дыскусія на тэму "гомасэксуалізм і педафілія" - гэта не толькі акадэмічнае права, але і акадэмічны абавязак.

Такая дыскусія зусім неабавязкова мусіць прывесці да негатыўных наступстваў для LGBT+. Магчыма, дзякуючы ёйі удалося б знайсці апраўдальнае вытлумачэнне для такіх фактаў, як ушанаванне Хары Хэя (хаця цяжка ўявіць такое апраўданне - калектыўная амнэзія арганізатараў? правакацыя вонкавых сіл?). Магчыма, такая дыскусія стварыла б магчымасць самаачышчэння. У абодвух выпадках дыскусія пайшла б на карысць LGBT+.

Baltic Pride у геаграфічным плане праходзіў далёка ад Нью Ёрка і Касэля. Але ў ідэалагічна-палітычным плане аніякай дыстацыі няма. Арганізатары Baltic Pride цытуюць тых самых аўтараў, выкарыстоўваюць тыя самыя аргументацыйныя стратэгіі, прымяняюць тыя самыя палітычныя тэхналогіі і, хутчэй за ўсё, маюць тых самых спонсараў, што і SNW або касэльскія LGBT-арганізацыі. І кожны/-ая, хто бярэ ўдзел у такіх акцыях або іх падтрымлівае, павінен / павінна ясна сфармуляваць сваю пазіцыю наконт дзвюх рэчаў:

1) абвешчання абаронцы педафіліі "героем і першапраходцам";
2) акадэмічнай свабоды.

Вось гэта - для мяне, дый не толькі для мяне - было б вызначальным, ці можна такой асобе паціскаць руку, ці не.

Сцяна Гонару з імем Хары Хэя

Хары Хэй з надпісам у падтрымку NAMBLA - галоўнай арганізацыі ЗША лабіруючай "правы педафілаў"
29.06.19 13:02