Нацыяналізм еўрапейцаў і рускі мір беларусаў

Нацыяналізм еўрапейцаў і рускі мір беларусаў

Мой учорашні артыкул Нацыяналізм вяртаецца ў Еўропу. А ў Беларусь - рускі мір і савецкі кансерватызм выклікаў нямала крытычных водгукаў. Пракаментую некаторыя з іх.

Скразным матывам большасці крытычных водгукаў было сугераванне, што, маўляў, беларускае грамадства аддаляецца ад савецкасці, дыстанцуецца ад рускага міру і становіцца больш адкрытым на Захад. Суадносна, маё канстатаванне узмацнення савецкасці/прарускасці/антызаходнясці - недарэчнасць.

Здагадваюся, скуль бярэцца гэтага рэпліка. Яна, хутчэй за ўсё, абумоўленна адной з трох рэчаў (або трох адразу): (1) звычкай знаёміцца з сацыялагічнымі дадзенымі на базе рэпартажаў СМІ або рэзюмэ экспертных цэнтраў; (2) пераносам працэсаў унутры дзяржаўных эліт на ўсё грамадства; (3) атаесамленне рускага міру і прарасейскага сепаратызму.

У гэтым допісе разгорнута спынюся на першай праблеме.

Пасля таго, як напачатку ліпеня Усходняе суседства ЕС апублікавала вынікі апытанняў, СМІ навыперадкі канстатавалі аптымістычную з'яву: "Усяго толькі 10% беларусаў негатыўна ставяцца да Еўрасаюзу" (гэты месыдж фармуляваўся ў розных варыяцыях). Складвалася ўражанне, што беларускае грамадства - ледзь не цвярдыня пра-заходнясці.

У мяне, чалавека еўрапейскага складу, такая навіна павінна выклікаць толькі радасць. І выклікала б, калі б не адна маленькая акалічнасць: загалоўкавы месыдж СМІ не адпавядае рэчаіснасці.

Калі зазіраем унутр самога рапарту, то перад намі вымалёўваецца наступная карціна:
а) у Беларусі - найменшы спасярод усіх краінаў УП адсотак тых, у каго імідж ЕС станоўчы (усяго 36%, падчас як у іншых краінах УП - не менш за 46%);
б) Беларусь - адзіная краіна УП, дзе бальшыня жыхароў лічаць, што Еўрасаюз НЕ спрыяе захаванню традыцыйных каштоўнасцяў грамадства;
в) Беларусь - на перадапошнім (пасля Азербайджана) месцы ў плане даверу да ЕС і на апошнім - у плане даверу да НАТО. А вось калі гаворка пачынае весціяся пра давер да ЕАЭС, то тут беларусы на першым месцы;
г) мала беларусаў (37%) у курсе таго, што ЕС аказвае нам дапамогу. А сярод тых, хто ўсё ж пра гэта ведае, ажно 54% лічаць, што яна неэфектыўная (у іншых краінах УП гэты адсотак не перавышае 46%).

Карацей кажучы, бел-грамадства - самае антызаходняе спасярод усіх краін УП. І гэта тычыцца 2019 года. У мяне няма аніякага інтарэсу беспадстаўна прыпісваць беларусам антызаходнясць. Хутчэй наадварот: на эмацыйным узроўні мне хацелася б, каб беларусы былі больш пра-заходнімі. Я сцвярджаю антызаходнясць/прарускасць не таму, што хачу гэтага, а таму, што гэта вынікае з дадзеных.

Можна, канешне, будаваць свае веды на загалоўках СМІ або падпарадкоўвацца таму, што "прынята казаць". Але гэта кепскі падыход.

p.s. Калі будзе час, то ахвотна пракаментую і іншыя крытычныя водгукі.

03.09.19 12:29