Мастацтва няведання... ад якога залежыць выжыванне

Мастацтва няведання... ад якога залежыць выжыванне


(1) Будзь на пасадзе прэзідэнта іншы (чым Лукашэнка) чалавек, пагроза для суверэнітэту была б большай.

Каб аргументавана гэта сцвердзіць, трэба было б вывучыць схільнасці і здольнасці каля 2 млн людзей, каторыя цягам апошніх дваццаці чатырох год спаўнялі фармальныя патрабаванні для балатавання на пасаду прэзідэнта. Нават калі б мы адкінулі значную частку тых, у выпадку каторых верагоднасць кандыдавання або перамогі блізкія "0", то і так засталася б настолькі вялікая колькасць зменных, што сцвердзіць хоць з якой-кольвечы надзейнасцю, якую палітыку ў справе суверэнітэту праводзілі б іншыя, практычна немагчыма. Мы папросту НЕ ВЕДАЕМ, як было б, калі б быў іншы.

(2а) Калі б была пагроза суверэнітэту, то толькі адзінкі выйшлі б па сваёй ініцыятыве (без загаду зверху) абараняць яго.
(2б) Калі б была пагроза суверэнітэту, то сотні тысяч выйшлі б па сваёй ініцыятыве (без загаду зверху) абараняць яго.

Па вялікім рахунку, гэтага мы таксама не ведаем. Адны спасылаюцца на цяперашнюю абыякавасць (напр. да Курапатаў) як падставу для прагнозу, што мала хто выйдзе ў выпадку пагрозы. Іншыя - на выпадкі з гісторыі, калі масавы ўздым адбываўся нечакана, пасля перыяду ўяўнай абыякавасці і пасіўнасці. Але што насамрэч гэтыя дзве спасылкі пацвярджаюць? Пацвярджаюць усяго толькі тое, што як першы варыянт (масавая абыякавасць), так і другі (масавы ўздым) магчымыя. А каторая з гэтых магчымасцяў ажыццявілася б - не ведаем.

Элімінацыя фальшывай веды мае каласальнае значэнне не толькі для інтэлектуальнага, але таксама для біялагічнага жыцця. Калі мы ведаем, чаго не ведаем, то маем шанец падрыхтаваць варыянт А, Б, В... у залежнасці ад патрэбы. Калі трываем у ілюзіях, альбо дазваляем шарлатанам уводзіць нас у зман, то тады можа чакаць нас лёс індыка... каторы таксама "ведаў", што ў нядзелю яго пакормяць (а не кінуць у суп).

29.12.18 16:36