Чаму нас вучыць дыктатар Мугабэ

Чаму нас вучыць дыктатар Мугабэ

Роберт Мугабэ (вечны супакой - калі супакой тут магчымы) - гэта напамін усяму 21 стагоддзю: рыхтуй дыялог задоўга да перамен. Бо эпоха Мугабэ - адна з горкіх ілюстрацый таго, што могуць азначаць сістэмныя перамены без культуры дыялогу.

Быў еўрапейскі каланіялізм - з перспектывы гісторыі разумеем, што кепская, ганебная з'ява. Прыходзіць Мугабэ - гуру змагароў з каланялізмам. Прагрэс? Так - прагрэс адной хвіліны, пасля якой наступае жудасны рэгрэс: пад прэтэкстам барацьбы з каланіялізмам пачынае працаваць злавешчы махавік рэпрэсій і нецярпімасці.

Увесну аналітычны агляд BISS паказаў, што Беларусь - на апошнім месцы ў Еўропе па дэлібератыўнай культуры (публічная аргументацыя). У плане будавання кансэнсусу мы на адным з апошніх месцаў.

Я да гэтага часу з горыччу ўзгадваю словы супрацоўніцы адной з заходніх амбасадаў. У адказ на нашу ідэю, што трэба развіваць культуру дыялогу як спосаб прадухілення канфліктаў, яна прыкмеціла: А ў Беларусі што - льецца кроў? ёсць узброеныя канфлікты?

Сама наяўнасць нізкага ўроўню дыялогу і будавання кансэнсусу - гэта трывожны званочак, асабліва для тых, хто збіраецца жыць у Беларусі не год або два, а дваццаць, трыццаць і болей гадоў. Я далёка не адзіны, хто словазлучэнне "змена ўлады" ўспрымае з прымессю надзеі і занепакаення. І гэта занепакаенне ўзнікае не на пустым месцы. Нізкая культура дыялогу, кейс Мугабэ... ёсць над чым задумацца.

Яшчэ раз: рыхтуй дыялог задоўга да сістэмных перамен.

06.09.19 12:28