Вычварэнцы, гамафобы і культура плюралізму 26.07.2019

Пасляслоўе да размовы на Радыё Свабода "Каму і чаму не падабаюцца геі".

Год таму з'явілася цікавая кніга брытанскага журналіста Бэна Коблі "Племя: лева-лібералы і сістэма разнастайнасці". Адна з тэз гэтай кнігі, што барацьба за правы LGBT на Захадзе - гэта элемент будавання групавой тоеснасці, з механізмамі дыскрымінацыі і маргіналізацыі тых, хто "па-за групай".

Беларусь. Тут вельмі высокі паказнік непрыняцця LGBT, не толькі ў публічнай прасторы, але і проста ў якасці, напрыклад, суседзяў Прычым цягам бягучай дэкады гэты паказнік нават крыху ўзрос у стасунку да папярэдняй дэкады-паўтара. Падчас як цягам 1994 - 2009 гадоў у сярэднім 63% беларусаў не жадалі жыць па суседству з гомасэксуаламі, то цягам гэтай дэкады гэты адсотак складае каля 72%.

У адказ на пытанне Юрыя Дракахруста, чаму так ёсць, я выразіў дапушчэнне, што гэта элемент сцвярджэння сваёй культурнай тоеснасці. Спроба даць адказ на пытанне "Хто мы". Інакш кажучы, маем дачыненне з тым самым феноменам, пра які кажа Бэн Коблі ў дачыненні да заходніх грамадстваў, з тым адрозненнем, што ў выпадку Беларусі элементам тоеснасці з'яўляецца варожасць да LGBT, а на Захадзе - варожасць да тзв. "гамафобаў".

Катэгорыі "садаміт-вычварэнец" і "гамафоб-ненавіснік" - гэты сіямскія блізнюкі, якія функцыянуюць як сродкі стварэння знешняга ворага. "Паляванне на садамітаў" (у нас) і "паляванне на гамафобаў" (на Захадзе) - гэта два бакі аднаго і таго ж медаля. Дзве групы, два плямёны, устанавілі для сябе набор гатовых адказаў на ўсе пытанні пра ЛГБТ і патрабуюць ад іншых бездакорнай вернасці свайму крэда. Няма тут месца на крытычную дыскусію. Адно племя кажа: або цалкам згаджаешся з намі, або ты - гамафоб. Другое племя: або цалкам згаджаешся з намі, або ты - вычварэнец.

Культура плюралізму ў кепскім стане. Гэта тычыцца і Беларусі, і заходніх краінаў.

Севярынец, Кастусёў і "гонар LGBTQ" 29.06.2019

Я занадта не ўлазіў у палеміку вакол Павел Севярынец vs Рыгор Кастусёў, дый зараз не жадаю ўлазіць. Але не магу не падзяліцца інфармацыяй пра цікавыя супадзенні ў свеце LGBTQIA+.

1. Сёлетні Baltic Pride амаль супаў з круглай гадавінай першай дэманстрацыі геяў у Stonewall (якая дала пачатак "прайдам"). Гэта было ў чэрвені 1969. З нагоды круглай гадавіны (50 год) у Нью Ёрку, у месцы, дзе ўсё пачыналася, Stonewall National Monument (SNM) усталяваў "Сцяну Гонару LGBTQ". На Сцяну Гонару унесены таксама Хары Хэй як адзін з "Піянераў, Першапраходцаў і Герояў" (вялікія літары ў арыгінале).

Хто такі Хэй? Ну, ясна, што абаронца правоў LGBT. Але далёка не толькі. Хэй - гэта адзін з найбольш зацятых і настойлівых абаронцаў правоў педафілаў. Цягам усіх 80-ых гадоў ён настойваў на тым (і паспяхова), каб NAMBLA (асноўная пра-педафільская арганізацыя ў ЗША) удзельнічала ва ўсіх LGBT-прайдах. І нават у 90-ыя гады, калі большасць LGBT-арганізацый здыстанцаваліся ад педафільскіх рухаў, Хэй працягваў змагацца за "права на міжпакаленны інтым" і месца ў LGBT+.

І так, першае супадзенне: у адзін і той жа месяц - Baltic Pride і ўнясенне на "Сцяну Гонару LGBTQ" змагара за правы педафілаў. У якасці "Піянера, Першапраходца і Героя".

2. Але ёсць яшчэ адно цікавае супадзенне. 6 чэрвеня (у першы дзень Baltic Pride) у Касэлі, Нямеччына, пачаўся судовы працэс над універсітэцкім прафесарам, спецыялістам па эвалюцыйнай біялогіі, Ульрыхам Кучэрам. У адным са сваіх інтэрв'ю ён сцвердзіў (слушна ці няслушна - гэта асобная тэма), што гомасэксуалізм стварае большыя перадпасылкі для педафіліі, чым гетэра-. З-за гэтага ён быў прыцягнуты да судовай адказнасці (справа, як здаецца, яшчэ не завершана).

Асацыяванне гомасэксуалізму і педафіліі можна было б успрыняць як заведама ачарняльны ("гамафобскі") выбрык (і такім чынам апраўдаць абмяжоўванне акадэмічнай свабоды). Але, як на іронію лёсу, прыблізна два тыдні пасля працэсу, як ужо было сказана, адна з найбольш аўтарытэтных LGBT+ арганізацый (якой з'яўляецца SNM) абвесціла абаронцу правоў LGBT+педафілаў "Піянерам, Першапраходцам і Героем". А калі так, то грунтоўная дыскусія на тэму "гомасэксуалізм і педафілія" - гэта не толькі акадэмічнае права, але і акадэмічны абавязак.

Такая дыскусія зусім неабавязкова мусіць прывесці да негатыўных наступстваў для LGBT+. Магчыма, дзякуючы ёйі удалося б знайсці апраўдальнае вытлумачэнне для такіх фактаў, як ушанаванне Хары Хэя (хаця цяжка ўявіць такое апраўданне - калектыўная амнэзія арганізатараў? правакацыя вонкавых сіл?). Магчыма, такая дыскусія стварыла б магчымасць самаачышчэння. У абодвух выпадках дыскусія пайшла б на карысць LGBT+.

Baltic Pride у геаграфічным плане праходзіў далёка ад Нью Ёрка і Касэля. Але ў ідэалагічна-палітычным плане аніякай дыстацыі няма. Арганізатары Baltic Pride цытуюць тых самых аўтараў, выкарыстоўваюць тыя самыя аргументацыйныя стратэгіі, прымяняюць тыя самыя палітычныя тэхналогіі і, хутчэй за ўсё, маюць тых самых спонсараў, што і SNW або касэльскія LGBT-арганізацыі. І кожны/-ая, хто бярэ ўдзел у такіх акцыях або іх падтрымлівае, павінен / павінна ясна сфармуляваць сваю пазіцыю наконт дзвюх рэчаў:

1) абвешчання абаронцы педафіліі "героем і першапраходцам";
2) акадэмічнай свабоды.

Вось гэта - для мяне, дый не толькі для мяне - было б вызначальным, ці можна такой асобе паціскаць руку, ці не.

Сцяна Гонару з імем Хары Хэя

Хары Хэй з надпісам у падтрымку NAMBLA - галоўнай арганізацыі ЗША лабіруючай "правы педафілаў"

Гамафобія як з'ява і як этыкетка 18.05.2019

"Гамафобія" ў этымалагічным плане значыць "страх перад асобамі гомасэксуальнай арыентацыі", але звычайна падразумяваецца пад гэтым (таксама): "нянавісць да асоб гомасэксуальнай арыентацыі". Гэтая двухзначнасць не спрыяе выпрацоўцы аптымальных стратэгій не-дыскрымінацыі (гэта тычыцца таксама заходніх краін), але пакінем гэту праблему пакуль што ўбаку. Незалежна ад таго, ці трактуем тэрмін як "страх" ці як "нянавісць", давайце паглядзім, ці можам сцвердзіць хаця б адно з гэтага ў аўтараў наступных выказванняў:

«О, Божа! А можа, лепей і не глядзець» - вербальная рэакцыя на сцэну двух цалуючыхся мужчын.

«Так, добра, ідзем» - пасля таго, як сцэна знікае.

«Ды ладна! Спадзяюся, што цяпер аператары адшукаюць сапраўды класныя парачкі тут, у Тэль-Авіў Экспа» - рэакцыя на чарговую сцэну двух цалуючыхся мужчын.

Няма сумневу, што гэтыя выказванні сведчаць аб крытычным стаўленні іх аўтараў да паказвання на TV дзеянняў гомасэксуальнага характару. Магчыма, іх крытыцызм няслушны. Але, спадарства, уключыце логіку і падумайце самастойна: ці прыведзеныя вышэй выказванні можна ўспрымаць як індыктары страху? індыкатары нянавісці? Вы ніколі ў жыцці не чулі/бачылі выказванняў, які сапраўды нагружаны нянавісцю або страхам?

Крытыцызм і нянавісць - гэта розныя рэчы. Крытыцызм і страх - таксама розныя рэчы. Некаторым здаецца, што калі пачнуць направа і налева раскідвацца этыкеткай "гамафобы!", "гамафобы!", то тым самым спрычыняцца да не-дыскрымінацыі. Няпраўда. Яны спрычыняцца да таго, што слова "гамафоб" перастане што-кольвечы значыць. Далейшым наступствам будзе кампраметацыя ўсёй кампаніі па недыскрымінацыі.

Страницы: 1
Читать другие новости