Не верце шарлатанам 22.03.2019

Я ніколі не быў фанатам Джорджа Сораса і ніколі ім не буду. Але гэта разумны дзядзя, а да таго ж гэта на сённяшні дзень адзін з нямногіх (sic!), для каго "адкрытае грамадства" - гэта нешта большае, чым прыгожы слоган.

Падчас прамовы на сёлетняй Давосаўскай канферэнцыі Сорас гаварыў пра Штучную Інтэлігенцыю як патэнцыйную пагрозу для адкрытага грамадства. Канкрэтна, ён казаў пра тое, што можа азначаць ШІ ў руках такога ўраду, як кітайскі. Я ўжо чакаў, калі яго абвесцяць "рэтраградам" і будуць павучаць заўвагамі, што маўляў, развіццё ШІ - гэта заканамерны этап цывілізацыі, што гэта будучыня, мультыплікацыя магчымасцяў і пад. Але... ці дзякуючы аўтарытэту Сораса, ці трапнасці яго заўваг, нідзе ў вядучых СМІ не было такіх намёкаў. Што ж, гэта нават цешыць.

Сорас казаў пра пагрозу, якую ШІ можа несці як тэхналагічная з'ява. Але - пачынаю цяпер гаварыць ад сябе - гэта, бадай, толькі 25% або нават 15% праблемы. 75-85% пагрозы - гэта ірацыянальная вера ў штучную інтэлігенцыю. Вера ў надыход Эры ШІ.

Паколькі "штучная інтэлігенцыя" - гэта мянушка- антрапамарфізм нададзены найбольш прасунутым інфармацыйным тэхналогіям, якія "імітуюць" чалавечыя кагнітыўныя здольнасці, то буду далей гаварыць больш нейтральна - менавіта пра ІТ.

Пару год таму адзін з айчынных бліскучых айцішнікаў па імені Мікола Маркоўнік, у палеміцы з Сярнеем Чалым харызматычна даводзіў, што мы стаім перад эпохай "нетакратыі" - эпохай, якая сілай гістарычнага наканавання неўзабаве прыйдзе на месца капіталізму, калі ўся ўлада будзе належаць "лічбаваму класу". Спадар Маркоўнік начытаўся візіянераў а-ля Аляксандр Барт, якія маюць столькі супольнага з рацыянальным мысленнем, што расейскія філосафы а-ля Дугін. Тое, што адзін распавядае пра "Усемагутны Інтэрнэт", а другі - пра "Вялікую Расею" - хай вас не ўводзіць у зман. Агульны назоўнік: наканавальніцкае мысленне, маўляў, у гэтым свеце ўсё прадвызначана. А калі ўсё прадвызначана, то вы, ты, я, мы - бязвольныя пешкі... Кожная форма таталітарызму пачыналася ад такой тэзы.

І вось, нядаўна з'явілася новая "зорка" на гарызонце - і пранеслася паўз беларускі небасхіл - Ювал Ноах Харары. Чарговы прамоўтар наканавальніцкага мыслення. Свабодная воля - гэта, маўляў, фікцыя, спароджаная хрысціянскімі багасловамі, а праўда палягае ў тым, што чалавек у сваіх дзеяннях прадвызначаны генетыкай, а чалавецтва ў сваёй гісторыі - "гістарычнымі законамі". Мы непазбежна рухаемся ў напрамку "датаізму" (ператварэнне чалавека ў элемент "дадзеных"). Калі хтось хоць павярхоўна знаёмы з гісторыяй філасофіі, то ведае, што фактычна нічога арыгінальнага ў тэзісах Харары няма, за выключэннем хіба што слова "датаізм" (нават не парупіўся прыдумаць больш арыгінальную назву для "наканаванай эпохі").

Наколькі ўплыў "наканавальніцкага мыслення" шырокі і моцны, я пераканаўся, калі адзін з эканамістаў, чалавек у цэлым рацыянальнага складу, у размове са мной пачаў разважаць у вельмі падобным стылі, што і Маркоўнік. Маўляў, "усё ідзе ў накірунку" вось такім і такім. Гэта прымусіла мяне ўсвядоміць, наколькі ўплывовымі і спакуслівымі могуць быць наканавальніцкія дактрыны.

Дык пры чым тут ІТ? Яны - па вялікім рахунку - ні пры чым. Гэтаксама як зоркі на небе ні пры чым. Пытанне ў тым, што чалавек з імі робіць. Існуе архаічная тэндэнцыя ў чалавеку "дэлегаваць" свае мысленчыя здольнасці нейкім над-асабовым сілам. Адсюль папулярнасць астралогіі. Вера ў надыход "эпохі штучнай інтэлігенцыі" або "нетакратыі" або "датаізму" - гэта разнавіднасць вось такога дэлегоўвання. Маўляў, зоркі, кафейная гушча або штучная інтэлігенцыя (ІТ) прадвызначаюць чалавечы лёс.

Але ІТ валодае ўсё ж большым патэнцыялам у плане ўвядзення людзей ў стан наканавальніцкай ілюзіі, чым зоркі або кафейная гушча. Чалавек, які 10, 15, 20 гадзін у суткі камунікуе з кампутарамі, іх абслугоўвае, ім давярае, уваходзіць у стан навязлівай ілюзіі, што таксама сацыяльны свет - гэта прадукт кампутарнай праграмы і што, магчыма, уся чалавечая гісторыя ад пачатку і да канца "запраграмавана". Гэта шкодная і вельмі непажаданая ілюзія.

Спадарства, не было такой эпохі, калі па свеце не гойсалі харызматычныя футуролагі-наканавальнікі. Хіліясты ў сярэднявеччы, Гегель або Маркс у 19-ым стагоддзі, Зодэрквіст, Бард ці Харары ў 21-ым - усе яны прадстаўнікі аднаго і таго ж мысленчага тыпу: наканавальніцтва. Усе даўнейшыя футуролагі мелі масу прыхільнікаў і палымяных вызнаўцаў. Сучасныя - таксама. Ну, чалавеку заўсёды хочацца ведаць будучыню. Я не хачу сказаць, што будучыня абсалютна непазнавальная. Што ж, у нейкай ступені будучыню мы можам пазнаць, але толькі з адноснай імавернасцю (як правіла, невысокай) і толькі на найбліжэйшыя 5-10, у рэдкіх выпадках - 15-20-25 год. Але па вялікім рахунку, будучыня людзей не падпарадкоўвацца ні гістарычным, ні эвалюцыйным, ні яшчэ якім законам. Яна - адкрытая і ў значнай ступені невядомая.

Важна падкрэсліць: я крытыкую Харары і яму падобных не таму, што яны "няправільна" прадказваць будучыню, а таму, што яны няведанне выдаюць за веду. Гэта шарлатаны. Калі вам сапраўды дарагія такія каштоўнасці, як свабода, розум і гуманізм, то ігнаруйце гэтых шарлатанаў.

Хто такія ворагі "адкрытага грамадства"? 06.02.2019

У 2017 годзе Вольфганг Ішынгер, старшыня Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, з горыччу адзначаў, што зараз назіраем кансалідацыю «непрыяцеляў адкрытага грамадства», прычым унутры заходняга свету. У канферэнцыйным рапарце 2018 года гэта тэма зноў паўстала, да таго ж з'явіўся там своеасаблівы дыягназ: «Трамп і яму падобныя лідэры ў іншых частках Захаду прасоўваюць неліберальнае разуменне заходняй цывілізацыі, заснаванае на гісторыі, культуры і рэлігіі, а не на ліберальных каштоўнасцях і дэмакратычных дасягненнях». Эксперты Мюнхенскай канферэнцыі-2018, як бачна з кантэксту, атаесамляюць «адкрытае грамадства» і «ліберальныя каштоўнасці», скуль можна высноўваць, што гісторыя, культура і рэлігія пазначаны як несумяшчальныя з адкрытым грамадствам. Гэта – прыклад аднаго з многіх непаразуменняў вакол гэтага канцэпту.

Кім – водле Карла Попера – з'яўляюцца «ворагі» адкрытага грамадства? Кансерватары? Няпраўда, бо ў шэрагах Вялікага Пакалення Грэцыі, якое праклала шлях да адкрытага грамадства, сустракаем Сафокла і Фукідыда, выбітных кансерватараў. Рэлігія? Няпраўда, бо вучэнне Ісуса Хрыста і як мінімум некаторыя плыні хрысціянства Попер успрымае як этапы станаўлення адкрытага грамадства. Камунізм? У значнай ступені так, але і тут Попер пакідае поле для магчымасцяў: прыкладам, наяўны ў марксісцкіх плынях акцэнт на актыўнасць чалавека ў ажыццяўленні грамадска-палітычных зменаў – гэта таксама элемент адкрытага грамадства. Нацыяналізм? Тут справа неадназначная, бо Попер апераваў пераважна тэрмінам «трыбалізм», якое мела даволі акрэсленае значэнне: поўнае падпарадкаванне індывіда племянному інтарэсу шляхам прыдзялення яму сталага месца ў грамадскай іерархіі. Паколькі мадэрны нацыяналізм далёка не заўсёды з'яўляецца трыбалізмам, няма падстаў абвяшчаць і яго несумяшчальным з адкрытым грамадствам.

З другога боку, тыповым «ворагам» адкрытага грамадства была наватарская канцэпцыя Платона, нягледзячы на тое, што змяшчала ў сабе пастулат гендэрнай роўнасці, адмову ад «традыцыйнага разумення» сям'і і разрыў з шэрагам культурных традыцыі тагачаснай Грэцыі. Ворагам была таксама філасофія Георга Гегеля, і гэта пры тым, што ад моманту паўстання і да сённяшняга дня яна ўтварае крыніцу натхнення для многіх прагрэсісцкіх і ліберальных рухаў.

Такім чынам, мяжа паміж «адкрытым» і «закрытым» грамадствам не праходзіць уздоўж звычаёвых ліній: ліберал – кансерватар, левы – правы, атэіст – веруючы, прагрэсіст – традыцыяналіст ігд. А сёння трэба сказаць больш: па меры таго, як леваліберальны трэнд пачаў станавіцца мэйнстрымам, рознага роду вузкалобыя канфармісты пачалі ціснуцца пад гэты парасон, забіраючы з сабой і свае даўнія манеры: этыкеткавую аргументацыю, веру ў гістарычнае наканаванне, патрабаванне прывілеяў для сваёй ідэалогіі інш.



Страницы: 1
Читать другие новости