Хто такія ворагі "адкрытага грамадства"? 06.02.2019

У 2017 годзе Вольфганг Ішынгер, старшыня Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, з горыччу адзначаў, што зараз назіраем кансалідацыю «непрыяцеляў адкрытага грамадства», прычым унутры заходняга свету. У канферэнцыйным рапарце 2018 года гэта тэма зноў паўстала, да таго ж з'явіўся там своеасаблівы дыягназ: «Трамп і яму падобныя лідэры ў іншых частках Захаду прасоўваюць неліберальнае разуменне заходняй цывілізацыі, заснаванае на гісторыі, культуры і рэлігіі, а не на ліберальных каштоўнасцях і дэмакратычных дасягненнях». Эксперты Мюнхенскай канферэнцыі-2018, як бачна з кантэксту, атаесамляюць «адкрытае грамадства» і «ліберальныя каштоўнасці», скуль можна высноўваць, што гісторыя, культура і рэлігія пазначаны як несумяшчальныя з адкрытым грамадствам. Гэта – прыклад аднаго з многіх непаразуменняў вакол гэтага канцэпту.

Кім – водле Карла Попера – з'яўляюцца «ворагі» адкрытага грамадства? Кансерватары? Няпраўда, бо ў шэрагах Вялікага Пакалення Грэцыі, якое праклала шлях да адкрытага грамадства, сустракаем Сафокла і Фукідыда, выбітных кансерватараў. Рэлігія? Няпраўда, бо вучэнне Ісуса Хрыста і як мінімум некаторыя плыні хрысціянства Попер успрымае як этапы станаўлення адкрытага грамадства. Камунізм? У значнай ступені так, але і тут Попер пакідае поле для магчымасцяў: прыкладам, наяўны ў марксісцкіх плынях акцэнт на актыўнасць чалавека ў ажыццяўленні грамадска-палітычных зменаў – гэта таксама элемент адкрытага грамадства. Нацыяналізм? Тут справа неадназначная, бо Попер апераваў пераважна тэрмінам «трыбалізм», якое мела даволі акрэсленае значэнне: поўнае падпарадкаванне індывіда племянному інтарэсу шляхам прыдзялення яму сталага месца ў грамадскай іерархіі. Паколькі мадэрны нацыяналізм далёка не заўсёды з'яўляецца трыбалізмам, няма падстаў абвяшчаць і яго несумяшчальным з адкрытым грамадствам.

З другога боку, тыповым «ворагам» адкрытага грамадства была наватарская канцэпцыя Платона, нягледзячы на тое, што змяшчала ў сабе пастулат гендэрнай роўнасці, адмову ад «традыцыйнага разумення» сям'і і разрыў з шэрагам культурных традыцыі тагачаснай Грэцыі. Ворагам была таксама філасофія Георга Гегеля, і гэта пры тым, што ад моманту паўстання і да сённяшняга дня яна ўтварае крыніцу натхнення для многіх прагрэсісцкіх і ліберальных рухаў.

Такім чынам, мяжа паміж «адкрытым» і «закрытым» грамадствам не праходзіць уздоўж звычаёвых ліній: ліберал – кансерватар, левы – правы, атэіст – веруючы, прагрэсіст – традыцыяналіст ігд. А сёння трэба сказаць больш: па меры таго, як леваліберальны трэнд пачаў станавіцца мэйнстрымам, рознага роду вузкалобыя канфармісты пачалі ціснуцца пад гэты парасон, забіраючы з сабой і свае даўнія манеры: этыкеткавую аргументацыю, веру ў гістарычнае наканаванне, патрабаванне прывілеяў для сваёй ідэалогіі інш.



Пра еўрапеізацыю Беларусі 27.01.2019

Чытаючы некаторыя канцэпты НП ФГС... пару думак.

1. Еўрапеізацыя палягае не ў імпарце еўрапейскіх рашэнняў, а ў імпарце еўрапейскіх інструментаў. Нам патрэбна не еўрапейская рыба, а еўрапейская вудачка.

2. "Рыба" - гэта наяўная канфігурацыя ідэалогій і палітычных сіл на Захадзе. Вудачка - гэта культура крытычнай дыскусіі, з яе базавымі каштоўнасцямі: павага да законаў логікі і ўстаноўка на аб'ектыўную праўду.

3. Бяздумнае імпартаванне "рыбы" вядзе да рэзультату адваротнага да задуманага: грамадства (у тым ліку грамадзянская супольнасць) становіцца яшчэ больш падзеленым і менш талерантным.

4. "Рыба" можа быць ворагам "вудачкі". Калі "пра-еўрапеец" здольны дыскутаваць толькі на ўзроўні: "Ты нязгодны з гэтым? І гэта падчас таго, як усе прагрэсіўныя сілы Захаду прынялі такую пазіцыю?" - то гэта звычайная саўковасць, а ніякая не еўрапейскасць.

5. Вялікай памылкай шэрагу пра-еўрапейскіх сілаў у Беларусі ёсць тое, што яны атаясамілі постмаастрыхцкі ідэалагічны кансэнсус з "еўрапейскімі каштоўнасцямі". Ну і тыя ж заходнія акторы па падтрымцы еўрапейскіх каштоўнасцяў у Беларусі не заўсёды выказваліся стратэгічным мысленнем. Час ідзе, і праз 10-20 год гэты кансэнсус можа быць іншым (і, з высокай верагоднасцю, будзе іншым). І што тады? Зноў спех-наспех мяняць свае ідэалагічныя штандары?

Страницы: 1
Читать другие новости