АКТУАЛЬНЫЕ ТЕМЫ: Протесты Референдум Белгазпромбанк Беларусь-Россия Павел Шеремет Экономический кризис Эпидемия
Ксяндзы і выбары

Ксяндзы і выбары

У нядзелю быў на Імшы ў адным мястэчку. Падчас аб'яваў ксёндз нагадаў парафіянам пра кампанію Католік не фальсіфікуе і звярнуў увагу на асаблівую форму фальсіфікацый: "Тады, калі ты галасуеш не ў адпаведнасці са сваім сумленнем, а водле таго, што табе сказала начальства, - то гэта таксама фальсіфікацыя, цяжкі грэх".

Гэта далёка не першы выпадак, калі з'яўляюся сведкам таго, як каталіцкае духавенства рашуча адстойвае сумленнасць выбараў.

Ёсць, аднак, і іншыя формы рэагавання на бягучыя падзеі з боку каталіцкага кліру. На мінулым тыдні ксёндз Ежы Бяганскі, пробашч Тракельскай парафіі, што на Гродзеншчыне, пісаў: "...органы ўлады імкнуцца да падтрымання стабільнасці і спакою ў дзяржаве, а Касцёл не прымае анархію і хаос" (Лідская газета). У падобным духу выказаўся ў "Гродненской правде" прэсавы сакратар Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз Ежы Марціновіч.
Давайце супаставім гэтыя выказванні з навучаннем св. Яна Паўла ІІ, які таксама быў прыхільнікам міру і супакою. Чытайма:

"Але ад сапраўднага міру трэба адрозніваць псеўда-мір таталітарных рэжымаў. (...) Людзі маюць права і абавязак абараняць - пры дапамозе адпаведных сродкаў - сваю свабоду супраць несправядлівай агрэсіі" (Пасланне на Сусветны дзень міру 1982 г., пункт 12).

"Хочаш служыць справе міру – шануй свабоду" (Пасланне Яна Паўла ІІ "Orbi et urbi" ў 1981 г.).

"Ці ва ўлонні народа мір мае рэальныя перспектывы, калі на палітычным узроўні не гарантаваны свабодны ўдзел у калектыўных рашэннях і магчымасць цешыцца асабістай свабодай? (...)

Няма праўдзівай свабоды – фундаменту міру – там, дзе ўся ўлада засяроджана ў руках аднаго сацыяльнага класа, адной расы або адной групы альбо калі супольнае дабро атаясамліваецца з інтарэсамі адной партыі, якая ідэнтыфікуецца з Дзяржавай. (...)

Няма таксама сапраўднай свабоды там, дзе ўнутраная бяспека становіцца адзінай і найвышэйшай нормай у адносінах паміж уладай і грамадзянамі, як быццам бы гэтая бяспека з'яўляецца адзіным або асноўным спосабам захавання міру" (Пасланне на Сусветны дзень міру 1981 г., пункт 2).

Ці Ежы Бяганскі і Ежы Марціновіч падтрымліваюць навучанне Яна Паўла ІІ, ці лічаць яго падбухторваннем да "анархіі і хаосу"?


04.08.20 11:10
Внимание! Материалы в разделе «Блоги» отражают исключительно точку зрения автора. Точка зрения редакции «Белорусского партизана» может не совпадать с точкой зрения автора. Редакция не модерирует и следовательно, не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации и выполняет исключительно роль носителя.

Петр Рудковский