АКТУАЛЬНЫЕ ТЕМЫ: Референдум Белгазпромбанк Выборы-2020 Беларусь-Россия Павел Шеремет Экономический кризис Эпидемия
Швецыя капітулявала перад CoViD19?

Швецыя капітулявала перад CoViD19?

Па Еўропе пранеслася (дэз)інфармацыя (для прыкладу - Mail Online), што нібыта галоўны эпідэміёлаг Швецыі капітуляваў, прызнаўшы няправільнасць швецкай стратэгіі адносна ковіду. Праз нейкі час некаторыя СМІ велікадушна апублікавалі "ўдакладненні", якія стваралі ўражанне, што эпідэміёлаг спалохана апраўдваецца.

Як каардынатар праекту BISS CovidResearch хацеў бы звярнуць на наступнае.

1. Суровасць антыэпідэміялагічных мер Швецыі ацэньваецца GRSI ў 43,5 балаў са 100. Так, калі не лічыць Беларусь, гэта самы нізкі паказнік суровасці ў Еўропе. Але няма радыкальнага кантрасту з астатнімі: напр. у Ісландыі суровасць мер не перавышала 53,7.

У астатніх краінах - ад 55 да 100. Самай суровай была Сербія (100/100). Самай ліберальнай - самі ведаеце, хто. У самай-ліберальнай нават у самы неліберальны перыяд (красавік) гэты паказнік не перавысіў 19,5. Так што нам далёка да шведаў. Або шведам - да нас.

2. Канстытуцыйны момант. Канстытуцыя Швецыі не дапускае цэнтралізаванага вырашэння такіх пытанняў, як карантын. Тут вялікую ролю іграюць лакальныя ўлады і спецыялізаваныя ведамствы, у дадзеным выпадку - Служба грамадскага здароўя.

3. Тры стаўпы шведскага падыходу да CoViD, кансэнсусна заакцэптаваныя ў другой палове сакавіка: а) запаволенне распаўсюду; б) ахова старых і хворых; в) інфармаванне.

4. Немалое значэнне мела каштоўнасная падаснова: высокая ступень даверу да ўладаў з боку грамадства; этас індывідуальнай адказнасці; традыцыя падзелу кампетэнцый.

Ну і цяпер - сарцавіна справы: рэзультат. Усе разумеем, што пандэмія трывае, і сітуацыя можа змяніцца. Але - па стане на 4 чэрвеня - што можам сказаць?

5. Дужа інфармацыйным з'яўляецца агульны паказнік тзв. лішніх смерцяў. То бок, наколькі высокі лішак смерцяў у дадзены перыяд у стасунку да сярэднестатыстычнага паказніку за апошнія 5 гадоў? EuroMomo аналізуе гэты "лішак" у 24 еўр. краінах, у тым ліку Швецыі.

Возьмем краіны, якія найраней (сакавік) паўводзілі жорсткія карантыны: Італія, Іспанія, Францыя, Бельгія. З дадзеных EuroМomo вынікае, што:

а) У перыяд сакавік - травень 2020 "лішак" назіраўся ў кожнай з аналізаваных краін.

Але:

б) Швецыя - адзіная краіна, якая пазбегнула 5-ага (надзвычай высокі) узроўню смяротнасці. Краіны з раннім і жорсткім карантынам такі перыяд мелі: Італія - цягам аднаго тыдня, Францыя - цягам двух, Бельгія - трох, Іспанія - пяці.

в) Пасля паўтара месяца высокай смяротнасці (4-5 узроўні) у "жорстка-карынтынных" краінах зараз назіраецца вяртанне да нормы. На іх фоне Швецыя сапраўды выглядае горш: 2-гі ўзровень "лішняй" смяротнасці (умераны), падчас як у жорстка-карантынных вось ужо другі тыдзень не назіраецца "лішку".

г) Тым не менш, трэнд "вяртання да нормы" прасочваецца і ў Швецыі: на пачатку траўня лішак смяротнасці быў "вельмі высокі", напрыканцы траўня - проста "высокі", на пачатку чэрвеня - "умераны". Прычым паказнік суровасці карантыну не павышаўся ад пачатку красавіка.

Што з гэтага вынікае? Давайце інакш: Што з гэтага НЕ вынікае?

НЕ вынікае, што:

- Чым больш жорсткі карантын, тым менш смерцяў.
- Чым больш лагодны каранты, тым менш смерцяў.

І гэтай адмаўляльнай высновай пакуль што абмяжуемся. Вызваленне розуму нават ад адной непатрэбнай догмы - гэта ўжо нямала.


04.06.20 15:21
Внимание! Материалы в разделе «Блоги» отражают исключительно точку зрения автора. Точка зрения редакции «Белорусского партизана» может не совпадать с точкой зрения автора. Редакция не модерирует и следовательно, не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации и выполняет исключительно роль носителя.

Петр Рудковский