АКТУАЛЬНЫЕ ТЕМЫ: Коронавирус Олимпиада Единый кандидат оппозиции Выборы-2020 Беларусь-Россия Убийство Павла Шеремета
Сінонім "аўтарытарызму" - не чыноўнікі-ідэолагі

Сінонім "аўтарытарызму" - не чыноўнікі-ідэолагі

Сінонім "аўтарытарызму" - гэта не чыноўнікі і ідэолагі. Яго сінонімам з'яўляецца ігнараванне ўстаноўленых правілаў і працэдур.

Якая тут пазіцыя зразумелая і прымальная:

1. Сітуацыя на старце: не пагаджаюся з дадзенымі правіламі і не хачу паводле іх працаваць. ОК, няма пытанняў.

2. Сітуацыя ў працэсе: Я бачу, што правілы, водле якіх я пагадзіўся працаваць, несправядлівыя або неэфектыўныя. Гэта мая памылка, мой недагляд, што я не прадбачыў гэтага на старце. Не хачу далей працаваць па гэтых правілах. Прыпыняю працу, але прызнаю, што адказнасць за маю непрадбачлівасць ляжыць на мне. ОК, таксама прымальная пазіцыя.

3. Сітуацыя на фінішы: Бачу, што правілы, водле якіх пагадзіўся працаваць, не зусім справядлівыя або не зусім эфектыўныя. Але я на старце не прадбачыў гэтага, суадносна, прымаю наступствы (у тым ліку негатыўныя) такога стану рэчаў. Раблю высновы на будучыню. Таксама ОК.

Фармалізм? Не, гэта прагматыка калектыўнага дзеяння. Калектыўнае дзеянне прадугледжвае прадказальнасць чальцоў калектыва. Гэтага можна дасягнуць толькі з дапамогай максімальна ясных правілаў і прызнання, што літаральная іх інтэрпрэтацыя мае першынство перад метафарычнай.

Спасылка на падтэксты, "дух" правілаў у выпадку непаразуменняў - кепская ідэя. Падразумявалася, што будзе народнае галасаванне, падразумявалася, што праўладныя грамадзяне не будуць уплываць, падразумявалася, што калі камусь з нас не спадабаюцца правілы, то ўсе астатнія будуць салідарны...

Падразумявацца можа што заўгодна. Але не трэба рабіць стаўку на тэлепатычныя здольнасці партнёраў. Калі гэтыя "падразумяванні" сапраўды лічыш істотнымі - тады на старце прапануй партнёрам іх фармалізацыю. Калі не, то змірыся з тым, што ў працэсе працы апеляванне да "падразумяванняў" ці "падтэкстаў" можа не быць іншымі прынята.

Прывязка аўтарытарызму да асоб ці катэгорый людзей - гэта памылка. Аўтарытарызм - паўтаруся - гэта форма суіснавання, а не катэгорыя людзей. Калі празрыстыя правілы падмяняюцца воляй аднаго чалавека ці нейкай групы людзей, маем дачыненне з аўтарытарызмам.

Калі прыняцце рашэнняў адбываецца водле ясных прынцыпаў з магчымасцю ўдзелу ўсіх дарослых грамадзян, тады гэта дэмакратыя.

18.03.20 13:55

Петр Рудковский