Глабальнае пацяпленне: фанатызм ці навука

Глабальнае пацяпленне: фанатызм ці навука

Паколькі раз-пораз устаўляю шпількі як прыхільнікам Грэты Тунберг, так і яе праціўнікам, то выпадае, мабыць, пару слоў сказаць, якая ж мая пазіцыя ў дыскусіі пра глабальнае пацяпленне.

Перадусім варта адрозніць дзве рэчы: 1) пазіцыя навукоўцаў наконт наяўнасці глабальнага пацяплення і яго прычын; 2) грамадска-палітычныя рухі па супрацьдзеянню глабальнаму пацяпленню.

Наконт 1. Тэза пра глабальнае пацяпленне складаецца з трох пад-тэзаў:
а) Глабальнае пацяпленне адбываецца.
б) Гэты працэс небяспечны для біясферы.
в) Гэты працэс спрычынены дзейнасцю чалавека.

Пад-тэзу (а) я лічу пацверджанай у найвышэйшай ступені. Гатоў прызнаць яе фактам. Што да (б) і (в) у мяне няма такой пэўнасці. Ведаю, што абедзве тэзы прапускаліся праз матэматычныя мадэлі і што многія тэсты давалі вынік блізкі 100-працэнтовай пэўнасці.

Што ж, мне не дадзена быць спецыялістам у матэматычным мадэляванні, але ведаю, што поспех любога такога мадэлявання залежыць ад вычэрпнасці фактараў, якія былі ўключаны ў мадэль.

Якая імавернасць таго, што мы ўжо цяпер маем вычэрпную веду пра ўсе пазачалавечыя фактары, якія могуць паўплываць на змену клімата? Нават прагноз надвор'я ніколі не бывае 100-працэнтовым, гэта значыць, заўжды ёсць імавернасць "трэціх фактараў".

Каб устанавіць на 100% антрапагенны характар змены клімату, трэба прыняць, што былі са 100-працэнтовай пэўнасцю выключаны ўсе пазачалавечыя фактары. А каб гэта зрабіць, трэба мець амаль абсалютную веду наконт усіх фактараў, якія могуць уплываць на змену клімата. Сумняюся, што чалавецтва валодае такой ведай.

А калі імавернасць не 100-працэнтовая, значыць, павінна існаваць месца на альтэрнатыўныя гіпотэзы. І гэта важна перадусім з гледзішча навуковага прагрэсу. Хай сабе тэорыя вельмі моцная, хай сабе яе імавернасць - 80 ці 90%, але ў момант, калі яна ператвараецца ў догму, а яе крытыкі паддаюцца астракізму, гэта пачынае тармазіць развіццё навукі.

Наконт 2. Рухі па процідзеянню грамадскаму пацяпленню ўяўляліся мне пазітыўнай з'явай да той пары, пакуль некаторыя з іх не набылі рысы сектанцкага фанатызму.

Тыповая рыса фанатызму - гэта брутальнае ўмяшанне ў кагнітыўную сферу: патрабаванне прызнаць пэўны набор тэзаў і забарона сумнявацца ў іх.

Фанатыкі не разумеюць, што дагматызацыя перакананняў далёка не заўсёды вядзе да пажаданых паводзінаў і наадварот: сумневы наконт праўдзівасці не абавязкова перашкаджаюць адпаведным паводзінам.

Я, напрыклад, зацяты прыхільнік паступовага вызвалення гарадоў ад персанальных аўто (на карысць равароў і гарадскога транспарту), паслядоўна пазбягаю пакецікаў у крамах і падтрымліваю большасць іншых "зялёных" ініцыятыў. Але пры гэтым пакідаю за сабой (і за іншымі) права сумнявацца ў некаторых тэзах ці падтэзах наконт глабальнага пацяплення.

Навука павінна застацца аўтаномнай у стасунку да актывістаў - зялёных, чырвоных ці белых. Там павінна быць месца на рацыянальны сумнеў і альтэрнатыўныя гіпотэзы.


14.12.19 18:19

Петр Рудковский