Вычварэнцы, гамафобы і культура плюралізму

Вычварэнцы, гамафобы і культура плюралізму

Пасляслоўе да размовы на Радыё Свабода "Каму і чаму не падабаюцца геі".

Год таму з'явілася цікавая кніга брытанскага журналіста Бэна Коблі "Племя: лева-лібералы і сістэма разнастайнасці". Адна з тэз гэтай кнігі, што барацьба за правы LGBT на Захадзе - гэта элемент будавання групавой тоеснасці, з механізмамі дыскрымінацыі і маргіналізацыі тых, хто "па-за групай".

Беларусь. Тут вельмі высокі паказнік непрыняцця LGBT, не толькі ў публічнай прасторы, але і проста ў якасці, напрыклад, суседзяў Прычым цягам бягучай дэкады гэты паказнік нават крыху ўзрос у стасунку да папярэдняй дэкады-паўтара. Падчас як цягам 1994 - 2009 гадоў у сярэднім 63% беларусаў не жадалі жыць па суседству з гомасэксуаламі, то цягам гэтай дэкады гэты адсотак складае каля 72%.

У адказ на пытанне Юрыя Дракахруста, чаму так ёсць, я выразіў дапушчэнне, што гэта элемент сцвярджэння сваёй культурнай тоеснасці. Спроба даць адказ на пытанне "Хто мы". Інакш кажучы, маем дачыненне з тым самым феноменам, пра які кажа Бэн Коблі ў дачыненні да заходніх грамадстваў, з тым адрозненнем, што ў выпадку Беларусі элементам тоеснасці з'яўляецца варожасць да LGBT, а на Захадзе - варожасць да тзв. "гамафобаў".

Катэгорыі "садаміт-вычварэнец" і "гамафоб-ненавіснік" - гэты сіямскія блізнюкі, якія функцыянуюць як сродкі стварэння знешняга ворага. "Паляванне на садамітаў" (у нас) і "паляванне на гамафобаў" (на Захадзе) - гэта два бакі аднаго і таго ж медаля. Дзве групы, два плямёны, устанавілі для сябе набор гатовых адказаў на ўсе пытанні пра ЛГБТ і патрабуюць ад іншых бездакорнай вернасці свайму крэда. Няма тут месца на крытычную дыскусію. Адно племя кажа: або цалкам згаджаешся з намі, або ты - гамафоб. Другое племя: або цалкам згаджаешся з намі, або ты - вычварэнец.

Культура плюралізму ў кепскім стане. Гэта тычыцца і Беларусі, і заходніх краінаў.

26.07.19 13:22