Смяротнае пакаранне. Ерэтычны погляд

Калі еўрапейцы пачынаюць гаварыць пра "каштоўнаснае" вымярэнне палітыкі ЕС да Беларусі, то амаль заўсёды на першае месца выскоквае тэма "смяротнага пакарання". Часам гэта адзіная тэма з катэгорыі "каштоўнасці". Цікава бывае назіраць стандардовы дыялог па гэтай тэме з прадстаўнікамі беларускіх уладаў. Беларускія ўлады кажуць, што скасаванне смяротнага пакарання - гэта мо і шляхетная, але "недэмакратычная" ідэя (бальшыня грамадзян за тое, каб яго пакінуць). Еўрапейцы ж даюць зразумець, што часам трэба павесці сябе "недэмакратычна", каб абараніць некаторыя важныя каштоўнасці.

Цалкам пагаджаюся з еўрапейскім бокам, што не ўсе каштоўнасці ўсталёўваюцца з дапамогай дэмакратычных працэдураў. Але тут пытанне ў наступным: наколькі скасаванне смяротнага пакарання з'яўляецца ключавым для гуманітарнай этыкі?

Сам факт адсутнасці смяротнага пакарання мала што кажа пра стан чалавечнасці і маральнай развітасці грамадства. Такое пакаранне скасавана, напр. у Расеі (дэ факта) і ў Туркменістане (дэ юрэ і дэ факта), але ці гатовы мы сказаць, што расейскае ці туркменскае грамадства больш гуманнае, чым, скажам ЗША ці Японія, дзе ўсцяж яно стасуецца? Можна скасаваць смяротнае пакаранне, але пажыццёва трымаць злачынцаў у жудасных і нечалавечых умовах. У гэтым выпадку, апроч падтрымлівання цярпення гэтых людзей, грамадства таксама мусіць аплочваць іх утрыманне, ахову, памяшканні, лекарскія паслугі ігд. А калі хочам скасаваць смяротнае пакаранне і пры гэтым гарантаваць для асуджаных больш-менш чалавечныя ўмовы жыцця ў зняволенні, то гэта спараджае шэраг дадатковых - арганізацыйных і маральных - пытанняў.

Згодзен з тым, што варта імкнуцца да такога грамадства, дзе нават серыйным злачынцам будзе гарантавана права на жыццё. Але не згодзен з тым, што гэта павінна стаць прыярытэтам № 1 у сённяшняй "каштоўнаснай палітыцы". Па-першае, варта ўсведамляць, што забіваць можна рознымі спосабамі. Можна гэта рабіць імгненна (расстрэл, электрычнае крэсла, смяротная ін'екцыя), а можна змясціць чалавека ў такія ўмовы, што ён будзе паміраць паступова (рэгулярнае збіванне, калечанне, кармленне няякаснай ежай ігд.). Трэба лічыцца з тым, што скасаванне інстытуту імгненнага (фармальнага) смяротнага пакарання можа быць "кампенсавана" пашырэннем розных спосабаў нефармальнага смяротнага пакарання.

Па-другое, сарцавіна праблемы са смяротным пакараннем палягае не ў самім факце яго прымянення да рэальных злачынцаў, а ў рызыцы таго, што яно можа быць прыменена да нявінных людзей - або з-за памылкі суддзяў, або ў выніку тэндэнцыйнасці. А калі так, то варта задумацца, што сапраўды лепш: ці кінуць усе сілы на скасаванне смяротнага пакарання, ці на тое, каб верагоднасць памылкі ў выпадку цяжкіх пакаранняў наблізіць да нуля? Калі кінем усе сілы на дасягненне першага, а судовая сістэма ўсцяж будзе сістэматычна дапускаць памылкі, то канечны эфект будзе мала суцешным: замест людзей несправядліва асуджаных на смерць з'явяцца людзі несправядліва асуджаныя на пажыццёвую катаргу. Падаецца, што больш разумным будзе засяродзіцца на другой задачы.

Хоць мне асабіста хацелася б, каб у перспектыве ў нас не было смяротных пакаранняў, але пры гэтым лічу, што інстытут смяротнага пакарання ў межах добрай судовай сістэмы - гэта лепш, чым інстытут пажыццёвага зняволення ў межах кепскай судовай сістэмы.


24.04.18 13:59

Петр Рудковский