Пра тзв. грамадзянскі нацыяналізм

Каб займець чысты дом, не абавязкова будаваць новы, альтэрнатыўны дом. Дастаткова прыбраць той, што ўжо ёсць. Нешта падобнае і з нацыяналізмам. Не разумею тых тэарэтыкаў, каторыя ўзяліся за пабудову дзіўнай і непрактычнай канструкцыі ў выглядзе "грамадзянскага нацыяналізму" (нібыта лепшая альтэрнатыва для "этна-нацыяналізму").

Сам падзел на два нацыяналізмы - штучны і непрыдатны. Нацыянальная ідэнтычнасць фармуецца зазвычай спантанна і з "падручнага матэрыялу". Гзн. калі ёсць адметная мова, адметныя звычаі, цікавая і доўгая гісторыя - выкарыстоўваем яе да будавання ідэнтычнасці. Калі няма адметнай мовы, асаблівых звычаяў, а супольнасць вельмі маладая - тады ўзнікае тэндэнцыя да акцэнтавання грамадзянскага вымярэння. У рэальнасці няма чагось такога, як "грамадзянская нац-тоеснасць" і "этнічная нац-тоеснасць". Затое існуе выразная тэндэнцыя да ўзмацнення "этнічнага" вымярэння ў супольнасцях, якія гісторыя абдзяліла такімі вымярэннямі (напр. тэндэнцыя ў Швейцарыі да культывавання мясцовай версіі намецкай/французскай/італьянскай моў, не кажучы пра тэндэнцыі ў Харватыі, Босні і Герцагавіне ці Чарнагорыі падкрэсліць "нясербскасць" іхнай мовы). А ў краінах, якія займелі багаты арсенал этнічных элементаў, яны, як правіла, выкарыстоўваюцца для сцвярджэння ідэнтычнасці.

Этнічныя элементы самі па сабе нейтральныя ў стасунку да ліберальна-дэмакратычных каштоўнасцяў. У які бок мы іх павернем - залежыць ад нас. Спалучэнне этна-нацыянальнай тоеснасці і дэмакратычных каштоўнасцяў не больш праблемнае, чым спалучэнне манархіі і дэмакратыі (а яно, як бачым, магчымае). Будаванне альтэрнатыўнага дому ў выглядзе "грамадзянскага нацыяналізму" - гэта ініцыятыва адарваных ад жыцця інтэлектуалаў-тэарэтыкаў. Замест будаваць альтэрнатыўны дом у імя дэмакратычнага этасу (з сумнеўным рэзультатам), лепш проста дбаць пра гэты этас ва ўжо існуючым доме (з правераным рэзультатам).

18.04.18 9:42

Петр Рудковский