Беларусь у міжнародных рэйтынгах 08.02.2019

Независимые Беларусские Исследования паінфармавалі, што "Freedom House признала Беларусь самой несвободной страной в Европе". Уладзімір Карагін у звязку з гэтым выразіў пажаданне, што хацелася б нейкіх пазітыўных навін. Выходзячы насустрач пажаданню, вось пару такіх навін:

Цягам 2016 – 2018 гадоў у Беларусі адбыўся самы вялікі спасярод усіх краін Еўразіі прагрэс у плане палітычнай трансфармацыі - з дадзеных ВТІ.

У плане прымання дэмакратыі-як-ідэі Беларусь апераджае Польшчу, Харватыю і Чарнагорыю і знаходзіцца прыблізна на тым жа ўзроўні, што Францыя (EIU).

Беларусь пераўзыходзіць Швейцарыю і Вялікабрытанію па паказніку «унутрыдзяржаўнай аўтаноміі» (V-Dem).

...а яшчэ болей пра суцешнае і несуцешнае - у адмысловым "Аглядзе міжнародных рэйтынгаў" на сайце BISS. Ужо хутка )


Хто такія ворагі "адкрытага грамадства"? 06.02.2019

У 2017 годзе Вольфганг Ішынгер, старшыня Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, з горыччу адзначаў, што зараз назіраем кансалідацыю «непрыяцеляў адкрытага грамадства», прычым унутры заходняга свету. У канферэнцыйным рапарце 2018 года гэта тэма зноў паўстала, да таго ж з'явіўся там своеасаблівы дыягназ: «Трамп і яму падобныя лідэры ў іншых частках Захаду прасоўваюць неліберальнае разуменне заходняй цывілізацыі, заснаванае на гісторыі, культуры і рэлігіі, а не на ліберальных каштоўнасцях і дэмакратычных дасягненнях». Эксперты Мюнхенскай канферэнцыі-2018, як бачна з кантэксту, атаесамляюць «адкрытае грамадства» і «ліберальныя каштоўнасці», скуль можна высноўваць, што гісторыя, культура і рэлігія пазначаны як несумяшчальныя з адкрытым грамадствам. Гэта – прыклад аднаго з многіх непаразуменняў вакол гэтага канцэпту.

Кім – водле Карла Попера – з'яўляюцца «ворагі» адкрытага грамадства? Кансерватары? Няпраўда, бо ў шэрагах Вялікага Пакалення Грэцыі, якое праклала шлях да адкрытага грамадства, сустракаем Сафокла і Фукідыда, выбітных кансерватараў. Рэлігія? Няпраўда, бо вучэнне Ісуса Хрыста і як мінімум некаторыя плыні хрысціянства Попер успрымае як этапы станаўлення адкрытага грамадства. Камунізм? У значнай ступені так, але і тут Попер пакідае поле для магчымасцяў: прыкладам, наяўны ў марксісцкіх плынях акцэнт на актыўнасць чалавека ў ажыццяўленні грамадска-палітычных зменаў – гэта таксама элемент адкрытага грамадства. Нацыяналізм? Тут справа неадназначная, бо Попер апераваў пераважна тэрмінам «трыбалізм», якое мела даволі акрэсленае значэнне: поўнае падпарадкаванне індывіда племянному інтарэсу шляхам прыдзялення яму сталага месца ў грамадскай іерархіі. Паколькі мадэрны нацыяналізм далёка не заўсёды з'яўляецца трыбалізмам, няма падстаў абвяшчаць і яго несумяшчальным з адкрытым грамадствам.

З другога боку, тыповым «ворагам» адкрытага грамадства была наватарская канцэпцыя Платона, нягледзячы на тое, што змяшчала ў сабе пастулат гендэрнай роўнасці, адмову ад «традыцыйнага разумення» сям'і і разрыў з шэрагам культурных традыцыі тагачаснай Грэцыі. Ворагам была таксама філасофія Георга Гегеля, і гэта пры тым, што ад моманту паўстання і да сённяшняга дня яна ўтварае крыніцу натхнення для многіх прагрэсісцкіх і ліберальных рухаў.

Такім чынам, мяжа паміж «адкрытым» і «закрытым» грамадствам не праходзіць уздоўж звычаёвых ліній: ліберал – кансерватар, левы – правы, атэіст – веруючы, прагрэсіст – традыцыяналіст ігд. А сёння трэба сказаць больш: па меры таго, як леваліберальны трэнд пачаў станавіцца мэйнстрымам, рознага роду вузкалобыя канфармісты пачалі ціснуцца пад гэты парасон, забіраючы з сабой і свае даўнія манеры: этыкеткавую аргументацыю, веру ў гістарычнае наканаванне, патрабаванне прывілеяў для сваёй ідэалогіі інш.



Пра еўрапеізацыю Беларусі 27.01.2019

Чытаючы некаторыя канцэпты НП ФГС... пару думак.

1. Еўрапеізацыя палягае не ў імпарце еўрапейскіх рашэнняў, а ў імпарце еўрапейскіх інструментаў. Нам патрэбна не еўрапейская рыба, а еўрапейская вудачка.

2. "Рыба" - гэта наяўная канфігурацыя ідэалогій і палітычных сіл на Захадзе. Вудачка - гэта культура крытычнай дыскусіі, з яе базавымі каштоўнасцямі: павага да законаў логікі і ўстаноўка на аб'ектыўную праўду.

3. Бяздумнае імпартаванне "рыбы" вядзе да рэзультату адваротнага да задуманага: грамадства (у тым ліку грамадзянская супольнасць) становіцца яшчэ больш падзеленым і менш талерантным.

4. "Рыба" можа быць ворагам "вудачкі". Калі "пра-еўрапеец" здольны дыскутаваць толькі на ўзроўні: "Ты нязгодны з гэтым? І гэта падчас таго, як усе прагрэсіўныя сілы Захаду прынялі такую пазіцыю?" - то гэта звычайная саўковасць, а ніякая не еўрапейскасць.

5. Вялікай памылкай шэрагу пра-еўрапейскіх сілаў у Беларусі ёсць тое, што яны атаясамілі постмаастрыхцкі ідэалагічны кансэнсус з "еўрапейскімі каштоўнасцямі". Ну і тыя ж заходнія акторы па падтрымцы еўрапейскіх каштоўнасцяў у Беларусі не заўсёды выказваліся стратэгічным мысленнем. Час ідзе, і праз 10-20 год гэты кансэнсус можа быць іншым (і, з высокай верагоднасцю, будзе іншым). І што тады? Зноў спех-наспех мяняць свае ідэалагічныя штандары?

Факт, фэйк... - справа густу ці каштоўнасцяў? 04.01.2019

Адзін вядучы журналіст аднаго вядучага тыднёвіка адной вядучай краіны - як аказалася - доўгі час фабрыкаваў факты. То бок прыдумляў нешта, што выдаваў за факты. То бок, рабіў прыблізна тое самае, што рабіла адна студэнтка Вадим Можейко, калі, не апытаўшы ніводнага працаўніка гатэля, прынесла "дадзеныя" апытання.

Так, нешта такое можа здарыцца нават са Spiegel (бо менавіта гэта выданне з'яўляецца фігурантам скандалу).

Ёсць, аднак, адна каласальная - каласальнейшая - розніца паміж сітуацыяй са Шпігель і аналагічнымі сітуацыямі ў Беларусі. Калі выходзіць наверх практыка фабрыкавання фэйкаў, то ніхто не заяўляе: "Ай, усе так робяць". "Ай, ну і што", "Вам што, болей за ўсіх трэба?" "Фэйк? Вы сапраўды верыце ў "аб'ектыўнасць"? Факт - гэта ўсяго толькі прыкрыўка для фэйку". Ніхто чагось такога не заяўляе на Захадзе (калі ўзяць у дужкі gender studies і постмадэрнісцкіх летуценнікаў) - і ў гэтым каласальнае адрозненне ад Беларусі.

Моцны арганізм - не той, каторы ніколі не хварэе, а той, хто, захварэўшы, хутка пераадольвае хваробы. Калі ў арганізацыі працуе 700 чалавек (менавіта: чалавек, а не анёлаў), то было б цудам, каб цягам доўгага часу ніхто з іх не паддаўся той ці іншай спакусе. Ніякая таксама ўнутраная праверка на прадмет рэальнасці фактаў не гарантуе выключэння любой фікцыі. Але самае галоўнае тое, якім чынам асяроддзе - унутрнанае і знешняе - рэагуе. У аснове ж рэакцыі ляжыць моцная каштоўнасна-кагнітыўная ўстаноўка:

1) Ёсць розніца паміж фэйкам і фактам.
2) Падаванне фэйкавай інфармацыі абсалютна непрымальнае.

Без гэтай устаноўкі, без кансэнсусу на гэты конт, праадольванне праблемы з фэйкамі (і аналагічнымі хваробамі) - гэта ўсё-роўна, што адварочванне цячэння ракі з дапамогай кіёчка. А калі ёсць такі кансэнсус, такі каштоўнасны імунітэт, тады вырашэнне праблемы - гэта справа тэхнікі.

Беларусь яшчэ не выпрацавала такога імунітэту. Факты і фэйкі, прапаганда і аб'ектыўныя інфармацыя, акадэмічная сумленнасць і плагіят, прымяненне заканадаўства і маніпуляцыя заканадаўствам, савецкая ідэнтычнасць і беларуская ідэнтычнасць - усё гэта надалей справа густу. Інтэлектуальная культура не спрыяе дыскрымінацыі фэйкаў, прапаганды або плагіяту.

Мастацтва няведання... ад якога залежыць выжыванне 29.12.2018


(1) Будзь на пасадзе прэзідэнта іншы (чым Лукашэнка) чалавек, пагроза для суверэнітэту была б большай.

Каб аргументавана гэта сцвердзіць, трэба было б вывучыць схільнасці і здольнасці каля 2 млн людзей, каторыя цягам апошніх дваццаці чатырох год спаўнялі фармальныя патрабаванні для балатавання на пасаду прэзідэнта. Нават калі б мы адкінулі значную частку тых, у выпадку каторых верагоднасць кандыдавання або перамогі блізкія "0", то і так засталася б настолькі вялікая колькасць зменных, што сцвердзіць хоць з якой-кольвечы надзейнасцю, якую палітыку ў справе суверэнітэту праводзілі б іншыя, практычна немагчыма. Мы папросту НЕ ВЕДАЕМ, як было б, калі б быў іншы.

(2а) Калі б была пагроза суверэнітэту, то толькі адзінкі выйшлі б па сваёй ініцыятыве (без загаду зверху) абараняць яго.
(2б) Калі б была пагроза суверэнітэту, то сотні тысяч выйшлі б па сваёй ініцыятыве (без загаду зверху) абараняць яго.

Па вялікім рахунку, гэтага мы таксама не ведаем. Адны спасылаюцца на цяперашнюю абыякавасць (напр. да Курапатаў) як падставу для прагнозу, што мала хто выйдзе ў выпадку пагрозы. Іншыя - на выпадкі з гісторыі, калі масавы ўздым адбываўся нечакана, пасля перыяду ўяўнай абыякавасці і пасіўнасці. Але што насамрэч гэтыя дзве спасылкі пацвярджаюць? Пацвярджаюць усяго толькі тое, што як першы варыянт (масавая абыякавасць), так і другі (масавы ўздым) магчымыя. А каторая з гэтых магчымасцяў ажыццявілася б - не ведаем.

Элімінацыя фальшывай веды мае каласальнае значэнне не толькі для інтэлектуальнага, але таксама для біялагічнага жыцця. Калі мы ведаем, чаго не ведаем, то маем шанец падрыхтаваць варыянт А, Б, В... у залежнасці ад патрэбы. Калі трываем у ілюзіях, альбо дазваляем шарлатанам уводзіць нас у зман, то тады можа чакаць нас лёс індыка... каторы таксама "ведаў", што ў нядзелю яго пакормяць (а не кінуць у суп).

У чым сутнасць праблемы плагіяту ў Беларусі? 28.12.2018

Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) падрыхтаваў рабочую версію даследавання па плагіяце.

У чым сутнасць праблемы плагіяту ў Беларусі?

Уявіце сабе супольнасць, якая кожны дзень выдаткоўвае па 100 тыс. долараў на будаванне фікцыйных дамоў, дамоў з картону. Адзіная функцыя такіх дамоў - гэта аднаразовы візуальны эфект: на 10 хвілін паказаць умоўнаму гледачу нешта, што выглядае, як дом. І ўсё. Пасля гэтага "дом" падлягае зносу, каб заўтра на яго месцы зноў пабудаваць дом, такі ж фікцыйны, з такім жа эфектам. Такія дамы не прыдатныя да пасялення, працэс іх будавання не спрычыняецца да развіцця будаўнічых навыкаў у будаўнікоў. Усе прывыклі да такога стану рэчаў і мала хто ўспрымае гэту практыку як заганную. Падлічыце, колькі рэсурсаў такім чынам марнуецца цягам месяца, году, дзесяцігоддзя...

Пры найбольш аптымістычных ацэнках, як мінімум 50% белар. студэнтаў прыбягае да плагіяту. Пераважная большасць такіх плагіятаў прымаюцца выкладчыкамі і атрымліваюць станоўчую (часам высокую) адзнаку. То бок, адны робяць выгляд, што нешта робяць, іншыя робяць выгляд, што правяраюць. І адны, і другія, удзельнічаюць у стварэнні фікцыяў. Давайце падлічым, колькі часавых і энергетычных рэсурсаў траціцца на прадукаванне вось гэтых фікцый. У краіне колькасць студэнтаў вагаецца паміж 250 і 300 тыс. Калі хаця б палова з іх прыбягае да плагіяту, гэта значыць, цягам семестра траціцца ад 700 тыс. да 1 млн гадзінаў на прадукаванне фікцыяў. Да гэтага трэба дадаць 300 - 500 тыс. гадзін, сумарна трачаных выкладчыкамі на "праверку" фікцыяў. Ад мільёна да паўтара мільёна гадзінаў змарнавана толькі за паўгода. Дадайма яшчэ выдаткі ў форме псіхафізічных сілаў (каб стварыць і "праверыць" плагіят намаганні ўсё ж такі патрэбны, меншыя ці большыя), дадайма выдаткі ў форме паперы і тонера, якія выдаткоўваюцца на раздрукоўванне гэтых фікцыйных прац. Памножце на дзесяць, пятнаццаць, дваццаць гадоў трывання такога стану рэчаў - і вы пабачыце, што мы маем дачыненне ці не з самым маштабным марнатраўствам.

Але самае горшае наступства такога сістэмнага марнатраўства - што яно спрыяе прывыканню да прадукавання фікцый. Прывыкнуўшы да фікцый у адной сферы, чалавек будзе іх прымяняць у другой і трэцяй: у бізнэсе, у мэнэджмэнце, у палітыцы, дзе заўгодна. Не трэба мець ілюзій, што студэнт, каторы сістэматычна прыбягае да плагіяту ў ВНУ, перастане гэта рабіць, пакінуўшы ўстанову. Ён прадоўжыць плагіяціць (= марнаваць рэсурсы на стварэнне фікцый), толькі ў іншым месцы і з іншымі, ужо больш сур'ёзнымі, наступствамі для грамадства.

Плагіят у Беларусі - гэта перадусім форма марнатраўства, прычым сістэмнага, некантраляванага і масавага. Першы крок да пераадолення праблемы - усведамленне яе наяўнасці. Праблема ёсць, і яна сур'ёзная. Другі крок - усвядоміць, што яе пераадоленне залежыць ад нас. Не ад законаў гісторыі, не ад прагрэсу лічбавых тэхналогій, а ад дзеянняў або бяздзеяння людзей.

Асаблівасці феміністычнай аналітыкі 02.12.2018

Адна аўтарка на нямецкім "Forum Dialog" крытыкуе беларускіх прыхільнікаў захавання спісу прац, для выканання якіх працадаўцы не павінны наймаць жанчын (напр. для працы ў шахтах). Заяўляе пры гэтым, што "прыхільнікі такога спісу цвердзяць, што рэпрадукцыя - гэта абавязак і натуральная патрэба жанчыны і адзіная магчымасць самарэалізацыі".

У гэтым месцы аўтарка, відаць, палічыла патрэбным (або рэдактары папрасілі) даць нейкую цытату, якая б пацвярджала яе назіранне. І яна знайшла наступную цытату:

<<"Памятайма, што 99,9% жанчын — гэта не ўдзельніцы феміністычных праектаў, а гэта жонкі, маці, дочкі, сёстры, якія жывуць у розных атачэннях, маюць лепшых або горшых мужоў, лепшых або горшых сваякоў, родных і блізкіх" - гаворыць філосаф і тэолаг Пётр Рудкоўскі.>>

Голым вокам бачна, што цытаванае выказванне ніякага дачынення не мае да тэзы пра "рэпрадукцыйнае пакліканне". Але гэтак ёсць толькі тады, калі глядзім на справы праз прызму навуковай логікі. У фемінізме ж абавязвае свая логіка. Яшчэ раз прыгледзьцеся цытаванаму выказванню. Надалей нічога не заўважаеце? А ключом з'яўляецца тое, што па-за цытатай: "гаворыць тэолаг". Не сказаць, каб мне дужа замінала такое акрэсленне (няма нічога кепскага ў быцці тэолагам), але зважаючы на тое, што як магістарская, так і доктарская ступень атрымана была мной на свецкіх універсітэтах і не па тэалогіі, а 95% публікацый не мае нічога супольнага з тэалогіяй, устаўка "тэолаг" трошкі здзіўляе. Але не ў дадзеным выпадку. У гэтым канкрэтным выпадку прыпіска "тэолаг" - гэта своеасаблівы паратунак для аўтаркі. Вядома, што на грунце мэйнстрымавага фемінізму абавязвае наступны ланцужок асацыяцый:

1) Царква - адвечны вораг жанчын, які імкнецца зняволіць жанчыну вучэннем аб яе мацярынскім ("рэпрадукцыйным") пакліканні.
2) Тэолаг - гэта слуга Царквы.
Выснова: Нават калі "тэолаг" нічога не кажа пра "абавязак рэпрадукцыі", то ён усё роўна кажа пра "абавязак рэпрэдукцыі".

Можна зацытаваць што заўгодна на пацверджанне сваёй выкрывальніцкай тэзы, а потым пазначыць "сказаў тэолаг" - і справа вырашана.

p.s. Тэкст аўтаркі быў апублікаваны на заходніх рэсурсах. Прычым спачатку на англамоўным, а потым перакладзены на нямецкую. Гэта значыць, што рэдактары (і магчымыя рэцэнзенты) падпісаліся пад такой логікай. Ну, але пасля афёры Ліндсі, Багасіяна і Плакроўз нічога ўжо не здзіўляе.



Злачынства ў Лунінцы і законапраект аб "хатнім гвалце" 30.10.2018

Любая гучная трагедыя, як правіла, суправаджаецца спробамі выкарыстаць яе на пацвярджэнне ўласнай пазіцыі і клеймавання пазіцыі апанентаў. Калі ў 1997 г. загінула прынцэса Дзіяна, аўтарытарныя лідэры (уключна з нашым) не прамінулі аказіі, каб заявіць: "Вось да чаго прыводзіць хвалёная вамі свабода прэсы. Палюбуйцеся". Калі ў Кёльне адбыліся  нападзенні на жанчын, правыя папулісты адразу ж заявілі: "Вось да чаго прыводзіць хвалёная вамі велікадушнасць да мігрантаў і бежанцаў. Палюбуйцеся". Калі памірае дзіця ў звязку з вакцынацыяй, адразу ж уздымаецца хор галасоў: "Вось да чаго прыводзіць практыка вакцынацыі. Палюбуйцеся".

Калі СМІ паведамілі пра жудаснае злачынства ў Лунінцы, я ведаў, што абавязкова знойдуцца тыя, хто захочуць выкарыстаць гэту трагедыю для клеймавання крытыкаў законапраекта аб хатнім гвалце. Але для мяне было поўнай нечаканасцю, што да такога прыёму апусцяцца людзі, ад якіх выпадала б чакаць нейкага ўзроўню крытычнага мыслення.

Так сталася, што злачынства адбылося на фоне ўсцяж трываючай дыскусіі вакол законапраекта аб хатнім гвалце. Але яно магло адбыцца зусім на іншым фоне. Напрыклад, на фоне дыскусіі вакол законапраекта аб забароне алкаголю. Уявім сабе, што паўгода таму група НДА "За цвярозасць" распрацоўвае законапраект, які прадугледжвае поўную забарону прадавання, купляння і спажывання алкаголю. Няма сумневу, што значная частка грамадства сказала б: "Гэта кепская ідэя". Нешта такое сказалі б у тым ліку і паслядоўныя цвярознікі. Законапраект адкінуты. Але... незадоўга пасля гэтага ў Лунінцы - у стане алкагольнага ап'янення - мужчына забівае 8-месячную дзяўчынку. І што цяпер? А цяпер - усё ясна: кожны, хто быў супраць поўнай забароны алкаголю, вінаваты ў гэтым зверскім учынку.

Згодныя з такой пастаноўкай справы? Не? Калі не, то звярніце ўвагу на наступнае: нашмат лягчэй знайсці прычынна-выніковую сувязь паміж адсутнасцю забароны на алкаголь і трагедыяй у Лунінцы, чым паміж крытыкай законапраекта аб хатнім гвалце і гэтай трагедыяй.

Падобнае тычыцца і гіпатэтычнага законапраекта аб забароне вакцынацыі. Уявім сабе, што з'яўляецца група ідэолагаў, якія аб'яўляюць вакцынацыю інструментам нажывы і абалваньвання людзей. Праводзяць медыйную кампанію, распрацоўваюць законапраект аб забароне вакцынацыі дзяцей. Законапраект выклікае крытыку і адкідваецца. І незадоўга пасля гэтага... трагедыя ў Ганцавіцкім раёне: на вачах бацькоў памірае ад вакцыны двухмесячнае дзіцятка. Усё ясна: усе прыхільнікі вакцынацыі, паглядзіце, што вы нарабілі! Усе спробы нюнсаваць, удакладняць, што вінавата не сама практыка вакцынацыі, а некаторыя злоўжыванні, з парогу адкідваюцца, паколькі дзейнічае толькі і выключна эмацыйная звязка:  

дзіця-памерла-ад-вакцыны -> абаронцы-вакцынаў = абаронцы-гібелі-дзяцей.

Эмацыйны бунт перад абліччам трагедыі - гэта рэч зразумелая. Але калі эмацыйны бунт падмяняе крытычнае мысленне, то гэта ні да чаго добрага не прыводзіць.

Што трэба ведаць пра "ліберальны парадак" 06.10.2018

Няма, бадай, такой канферэнцыі або такой дэбаты за Захадзе, дзе б не выскачыла канстатацыя пра "крызіс ліберальнага парадку". Нязгодзен з гэтай канстатацыяй. Тое, што зараз адбываецца - гэта крызіс не "ліберальнага" парадку, а крызіс "постмадэрнісцкага (бес)парадку" - набору інтэлектуальных і палітычных установак, якія тзв. акадэмічная лявіца навязала заходнім грамадствам у 90-ыя гады.

Што тычыцца ўласна ліберальнага парадку, то ён быў разбураны цягам 80-ых і 90-ых гадоў - спачатку ў сценах універсітэцкіх аўдыторый, пазней - у парламентах і міністэрскіх ведамасцях. Ліберальны парадак пачаў разбурацца тады, калі заходнія інтэлектуалы прамянялі Хаека на Леніна, а Поппера на Лукача. Палітыкі, з уласцівай ім кароткай памяццю, хутка забыліся пра Конрада Адэнаўэра і Робера Шумана і пачалі будаваць постмаастрыхцкую Еўропу пад дыктоўку "іранічных бунтаўнікоў" - інтэлектуалаў, якія начыталіся Ніцшэ і Лукача, умудрыліся іх аб'яднаць і пачалі прасоўваць свае геніяльныя ідэі ў палітыку.

Апошні канцэпцыйны трактат на тэму ліберальнага парадку - гэта энцыкліка Centesimus annus Яна Паўла ІІ (1991 г.). Гэта быў выдатны шанец для заходняга свету ўзнавіць і ўмацаваць ліберальны парадак, абаперці яго на моцных фундаментах і займець сур'ёзнага кааліцыянта ў выглядзе каталіцкай і шэрагу пратэстанцкіх цэркваў. Што ж, трэба прызнаць, што энцыкліка была прынята ў цэлым пазітыўна ў ліберальных колах, але ведаеце, што стала тады яблыкам нязгоды? Акцэнт энцыклікі на аб'ектыўную праўду. Якая праўда? Якая аб'ектыўнасць? - абураліся многія лібералы ў 90-ыя гады.

Праходзіць чвэрць стагоддзя. Адкрываем рапарты Мюнхенскіх канферэнцый - 2017-ага, 2018-ага гадоў. Што там бачым? Пост-праўда, адкідваннне ідэі аб'ектыўнай праўды з'яўляецца адной з асноўных прычын крызісу ліберальнага парадку - з занепакаеннем канстатуюць еўраатлантычныя эліты. І што сталася з колішняй догмай: "праўда - гэта інструмент гегемоніі"?

Якая выснова з усяго гэтага. Высновы ў мяне тры:

1) Геапалітычная. Ліберальны парадак распаўся ў заходняй Еўропе даўно, у 90-ыя гады. Постмадэрнісцкі трэнд, які з цягам часу пачалі называць (памылкова) "лібералізмам" не мог стаць доўгатэрміновай стратэгіяй па прычыне сваёй інтэлектуальнай галечы. Узнавіць кааліцыю з хрысціянствам Захад пакуль што негатовы і невядома, ці ў бліжэйшай будучыні будзе гатовы. У сітуацыі такога вакууму цягам бліжэйшага дзесяцігоддзя заходнія грамадствы будуць шукаць каштоўнасныя арыентыры ў дактрынах, якія найменш асацыююцца з трэндам апошніх 20 гадоў. Самая блізкая і самая даступная дактрына - еўразіяцтва. Так, адыёзная, глыбока антыліберальная ідэалогія Дугіна мае высокія шанцы запаланіць розумы і сэрцы многіх заходніх еўрапейцаў. Суадносна, мяккая сіла Расеі на Захадзе будзе ўрастаць.

2) Стратэгічная. Стратэгія палягае ў вызначэнні неабходных або дастатковых умоваў дасягнення пастаўленай мэты. Дастатковыя ўмовы ўзнаўлення ліберальнага парадку ўстанавіць крайне цяжка, але назваць неабходныя ўмовы можна даволі лёгка. Неабходнымі ўмовамі з'яўляюцца: а) культура крытычнага мыслення (увага: не блытаць з крытычнымі тэорыямі!); б) пашырэнне ведаў аб ліберальнай сістэме каштоўнасцяў (не блытаць з наборам постмадэрнісцкіх лозунгаў-аднадзёнак). Можна дадаць сюды яшчэ спрыяючую ўмову: в) павязанне ліберальнага парадку з агульнаеўрапейскай і нацыянальнай гісторыяй.

3) Датычна Беларусі. Прыхільнікі дэмакратызацыі (да якіх я таксама належу) павінны разумець, што часы сапраўды мяняюцца. Надыходзіць час, калі будучыня самой заходняй дэмакратыі знаходзіцца пад пытаннем. Не, я абсалютна не прыхільнік пазіцыі: давайце разлічваць толькі на саміх сябе. Гордая ізаляцыя - гэта крайне неразумны варыянт. Заходнія кааліцыянты нам зараз патрэбны больш чым калі-небудзь. Але мы павінны стаць больш пераборлівымі ў выбары партнёраў. Трэба вызваліцца ад магіі слова "заходні" і перастаць асацыяваць заходні мэйнстрым апошніх 20 гадоў са свабодай і прагрэсам. Заходні свет - гэта сапраўды вялікая скарбніца светлых ідэй і вызвольных практык, але яна не заўсёды знаходзіцца на першых старонках вядучых СМІ і ў гламурных аўдыторыях прэстыжных ВНУ. Трэба шукаць партнёраў з моцнай каштоўнаснай і інтэлектуальнай базай. Яны патрэбны нам, а мы патрэбны ім.

Выбірайма. Дзейнічайма.

Румас - антирыночник? 23.08.2018

Лента-ру пытается остудить ликование "местных прозападных либералов": "...И Румас уже заявил, что никаких реформ осуществлять не планирует." Имелось ввиду первое короткое выступление Румаса на посту премьер-министра:

"Не стоит ожидать какой-то ревизии этих принятых решений либо революционных разворотов. Глава государства при назначении нового состава правительства сделал акценты на таких вещах, как дисциплина, порядочность и сплоченность. Кроме того, много внимания было уделено росту благосостояния населения: глава государства подчеркнул, что это основная оценка работы правительства".

Ну да, на фоне этого выступления даже Лукашенко кажется великим рыночником.

Но давайте подумаем, какими могли бы быть альтернативными первые слова Румаса? Ему следовало выйти и торжественно зачитать что-то вроде 20 пунктов реформирования экономики в стиле Романчука? Сделай он это, почти наверняка перечеркнул бы все шансы на реформы. Успокоить чиновников во главе с Лукашенко, отдать словесную дань официальной квази-социалистической риторике, не дать оппозиции претекста провозгласить Румаса лидером дворцового переворота — это вполне хорошая идея для любого реформатара, который сделал ставку на реформирование системы изнутри. Богу Богово, а кесарю кесарево. Так и тут: «заплатил» главе словесную подать, а тепер можно со спокойной (или неспокойной) душой приступать к реформам.

Пра культ інфармацыі 07.06.2018

Паўсюль чуваць пастулат: больш інфармацыі. І напамін: каб прымаць разумныя рашэнні, вам патрэбна інфармацыя, шмат інфармацыі і яшчэ больш. І нараканні: эксперты замала даюць палітыкам інфармацыі, замала бізнэсоўцам, актывістам... І яшчэ нараканні: палітыкі ігнаруюць інфармацыю, чыноўнікі не зацікаўлены ў інфармацыі...

Баюся, што інфармацыя ператвараецца ў самамэту. У звязку з гэтым дзве рэфлексіі.

Па-першае, інфармацыя можа быць звычайным смеццем, калі яе спажывец не валодае навыкамі яе перапрацоўкі. Менш ежы + добры страўнік - гэта нашмат лепш, чым шмат ежы + кепскі страўнік. Нешта падобнае і тут. Без добра развітых навыкаў крытычнага мыслення (то бок, спосабаў перапрацоўкі інфармацыі) куча дадзеных будзе... проста кучай.

Па-другое, гэта няпраўда, што чым больш інфармацыі, тым лепшыя рашэнні. Кагнітывісты ўжо даўно гэта спрабуюць растлумачыць. Многія эканамісты і бізнэсоўцы гэта таксама ведаюць. Forbes не раз уздымаў гэту тэму. Герт Гігерэнцэр (кагнітывіст ці эканаміст, не помню) паўтарае, што марай практыка не ёсць займець мноства опцый, яго мара - займець добрую опцыю. Вялікая колькасць дадзеных рэдка павялічвае шанцы знайсці добрае рашэнне, бо практык прымае рашэнні ва ўмовах дэфіцыту часу і энэргіі. Нездарма год таму Насім Талеб заклікаў беларусаў: калі хочаце быць паспяховымі, то не губляйце час на экспертызы, а бярыцеся за працу і рабіце памылкі. Ну, не так дакладна, але сэнс быў такі.

Таму не падзяляю гэтага паўсюднага культу інфармацыі.

Абсурдныя ўяўленні пра нацыянальную ідэю 21.05.2018

Спасярод розных абсурдных уяўленнняў наконт нацыянальнай ідэі найбольш распаўсюджана, бадай, наступнае:

Нацыянальная ідэя – гэта такая ідэя, якую ўсе заўсёды і ўсюды абмяркоўваюць.

Маўляў, усе жыхары дадзенай краіны, а малога да старога, ад прэзідэнта да бамжа, ад рэзідэнта ПВТ да калгаснага рабацягі павінны штодня цікавіцца, разумець і падтрымліваць той ці іншы канон нацыянальных каштоўнасцяў. Вось тады ідэя сапраўды ёсць. А калі такое не адбываецца, значыць, «няма ў нас ніякай нацыянальнай ідэі». Нічым іншым, як наяўнасцю такога мыслення можна растлумачыць пастаянныя рэплікі тыпу: «Вы паслухайце, пра што гавораць людзі на прыпынках, у калгасах ды на заводах. Тэма нацыянальнай ідэнтычнасці іх абсалютна не цікавіць».

Паспрабуйце ўявіць сабе сітуацыю, калі на прыпынках, на рынках, на заводах і ў крамах людзі штодня абмяркоўваюць тэму Вялікага Княства Літоўскага, веліч і прыгажосць нацыянальнага сцяга і пералічваюць усіх славутых герояў мінуўшчыны. Гэта быў бы нейкі кашмар. Што ж, у гісторыі, хоць і рэдка, але бывалі падобныя выпадкі. Прыкладам, у чацвёртым стагоддзі багаслоў Грыгорый Ніскі напалову смехам, напалову ўсур'ёз распавядаў пра наступную ненармальнасць. Вось прыходзіш – кажа Грыгорый – на рынак, пытаешся пра обаль (капейку), а яны ў адказ пачынаюць філасофстваваць пра Народжанага і Ненароджанага. Хочаш даведацца пра цану на хлеб, а яны ў адказ: «Бог-Айцец вышэй за Сына». Пытаешся: «Ці гатовая ўжо лазня?» А яны табе: «Бог-Сын выйшаў з няіснасці».

Паўсюдная апантанасць нацыянальнай ідэяй – гэта шкодны і непажаданы стан рэчаў. І ніводзін цвярозы прыхільнік нацыянальнага адраджэння не ставіць сваёй мэтай распаўсюдзіць вось такую апантанасць. Нацыянальная ідэя – гэта больш-менш звязная сістэма перакананняў наконт гісторыі і адметнасці дадзенай культурнай або палітычнай супольнасці. Плюс набор рытуалаў падтрымлівання гэтых перакананняў.

А што тычыцца гэтага аргументу: «Няма паўсюднага і штодзённага зацікаўлення нацыянальнай ідэяй, значыць, яна беспаспяховая» - выкіньце яго як шкодную звычку.

Працяг будзе


Смяротнае пакаранне. Ерэтычны погляд 24.04.2018

Калі еўрапейцы пачынаюць гаварыць пра "каштоўнаснае" вымярэнне палітыкі ЕС да Беларусі, то амаль заўсёды на першае месца выскоквае тэма "смяротнага пакарання". Часам гэта адзіная тэма з катэгорыі "каштоўнасці". Цікава бывае назіраць стандардовы дыялог па гэтай тэме з прадстаўнікамі беларускіх уладаў. Беларускія ўлады кажуць, што скасаванне смяротнага пакарання - гэта мо і шляхетная, але "недэмакратычная" ідэя (бальшыня грамадзян за тое, каб яго пакінуць). Еўрапейцы ж даюць зразумець, што часам трэба павесці сябе "недэмакратычна", каб абараніць некаторыя важныя каштоўнасці.

Цалкам пагаджаюся з еўрапейскім бокам, што не ўсе каштоўнасці ўсталёўваюцца з дапамогай дэмакратычных працэдураў. Але тут пытанне ў наступным: наколькі скасаванне смяротнага пакарання з'яўляецца ключавым для гуманітарнай этыкі?

Сам факт адсутнасці смяротнага пакарання мала што кажа пра стан чалавечнасці і маральнай развітасці грамадства. Такое пакаранне скасавана, напр. у Расеі (дэ факта) і ў Туркменістане (дэ юрэ і дэ факта), але ці гатовы мы сказаць, што расейскае ці туркменскае грамадства больш гуманнае, чым, скажам ЗША ці Японія, дзе ўсцяж яно стасуецца? Можна скасаваць смяротнае пакаранне, але пажыццёва трымаць злачынцаў у жудасных і нечалавечых умовах. У гэтым выпадку, апроч падтрымлівання цярпення гэтых людзей, грамадства таксама мусіць аплочваць іх утрыманне, ахову, памяшканні, лекарскія паслугі ігд. А калі хочам скасаваць смяротнае пакаранне і пры гэтым гарантаваць для асуджаных больш-менш чалавечныя ўмовы жыцця ў зняволенні, то гэта спараджае шэраг дадатковых - арганізацыйных і маральных - пытанняў.

Згодзен з тым, што варта імкнуцца да такога грамадства, дзе нават серыйным злачынцам будзе гарантавана права на жыццё. Але не згодзен з тым, што гэта павінна стаць прыярытэтам № 1 у сённяшняй "каштоўнаснай палітыцы". Па-першае, варта ўсведамляць, што забіваць можна рознымі спосабамі. Можна гэта рабіць імгненна (расстрэл, электрычнае крэсла, смяротная ін'екцыя), а можна змясціць чалавека ў такія ўмовы, што ён будзе паміраць паступова (рэгулярнае збіванне, калечанне, кармленне няякаснай ежай ігд.). Трэба лічыцца з тым, што скасаванне інстытуту імгненнага (фармальнага) смяротнага пакарання можа быць "кампенсавана" пашырэннем розных спосабаў нефармальнага смяротнага пакарання.

Па-другое, сарцавіна праблемы са смяротным пакараннем палягае не ў самім факце яго прымянення да рэальных злачынцаў, а ў рызыцы таго, што яно можа быць прыменена да нявінных людзей - або з-за памылкі суддзяў, або ў выніку тэндэнцыйнасці. А калі так, то варта задумацца, што сапраўды лепш: ці кінуць усе сілы на скасаванне смяротнага пакарання, ці на тое, каб верагоднасць памылкі ў выпадку цяжкіх пакаранняў наблізіць да нуля? Калі кінем усе сілы на дасягненне першага, а судовая сістэма ўсцяж будзе сістэматычна дапускаць памылкі, то канечны эфект будзе мала суцешным: замест людзей несправядліва асуджаных на смерць з'явяцца людзі несправядліва асуджаныя на пажыццёвую катаргу. Падаецца, што больш разумным будзе засяродзіцца на другой задачы.

Хоць мне асабіста хацелася б, каб у перспектыве ў нас не было смяротных пакаранняў, але пры гэтым лічу, што інстытут смяротнага пакарання ў межах добрай судовай сістэмы - гэта лепш, чым інстытут пажыццёвага зняволення ў межах кепскай судовай сістэмы.


Пра тзв. грамадзянскі нацыяналізм 18.04.2018

Каб займець чысты дом, не абавязкова будаваць новы, альтэрнатыўны дом. Дастаткова прыбраць той, што ўжо ёсць. Нешта падобнае і з нацыяналізмам. Не разумею тых тэарэтыкаў, каторыя ўзяліся за пабудову дзіўнай і непрактычнай канструкцыі ў выглядзе "грамадзянскага нацыяналізму" (нібыта лепшая альтэрнатыва для "этна-нацыяналізму").

Сам падзел на два нацыяналізмы - штучны і непрыдатны. Нацыянальная ідэнтычнасць фармуецца зазвычай спантанна і з "падручнага матэрыялу". Гзн. калі ёсць адметная мова, адметныя звычаі, цікавая і доўгая гісторыя - выкарыстоўваем яе да будавання ідэнтычнасці. Калі няма адметнай мовы, асаблівых звычаяў, а супольнасць вельмі маладая - тады ўзнікае тэндэнцыя да акцэнтавання грамадзянскага вымярэння. У рэальнасці няма чагось такога, як "грамадзянская нац-тоеснасць" і "этнічная нац-тоеснасць". Затое існуе выразная тэндэнцыя да ўзмацнення "этнічнага" вымярэння ў супольнасцях, якія гісторыя абдзяліла такімі вымярэннямі (напр. тэндэнцыя ў Швейцарыі да культывавання мясцовай версіі намецкай/французскай/італьянскай моў, не кажучы пра тэндэнцыі ў Харватыі, Босні і Герцагавіне ці Чарнагорыі падкрэсліць "нясербскасць" іхнай мовы). А ў краінах, якія займелі багаты арсенал этнічных элементаў, яны, як правіла, выкарыстоўваюцца для сцвярджэння ідэнтычнасці.

Этнічныя элементы самі па сабе нейтральныя ў стасунку да ліберальна-дэмакратычных каштоўнасцяў. У які бок мы іх павернем - залежыць ад нас. Спалучэнне этна-нацыянальнай тоеснасці і дэмакратычных каштоўнасцяў не больш праблемнае, чым спалучэнне манархіі і дэмакратыі (а яно, як бачым, магчымае). Будаванне альтэрнатыўнага дому ў выглядзе "грамадзянскага нацыяналізму" - гэта ініцыятыва адарваных ад жыцця інтэлектуалаў-тэарэтыкаў. Замест будаваць альтэрнатыўны дом у імя дэмакратычнага этасу (з сумнеўным рэзультатам), лепш проста дбаць пра гэты этас ва ўжо існуючым доме (з правераным рэзультатам).

Калі б я быў грантадаўцам 17.04.2018

Калі б я быў грантадаўцам і атрымаў бы заяўку на даследніцкі праект, і ў гэтай заяўцы было б сказана, што "Даследаванне прывядзе да такіх-і-такіх зменаў у грамадстве", то адразу ж адкінуў бы такую заяўку і далей не чытаў бы. Бо гэта азначае адно з двух: альбо аўтар заяўкі - рэлігійны фанатык, альбо ён проста махляр.

Ёсць дзве ўніверсальныя аксіёмы наконт даследавання:

1) Мы ніколі не можам ведаць, да якіх вынікаў даследаванне прывядзе. На тое яно і даследаванне, каб даведацца нешта, чаго раней не ведалі.

2) Калі ўжо ёсць вынікі даследаванняў, то немагчыма прадказаць, як яны будуць выкарыстаны палітыкамі ці актывістамі. За выключэннем таталітарных грамадстваў, вынікі даследаванняў заўсёды трапляюць на "рынак ідэй", дзе "спажыўцы" прымаюць суб'ектыўныя і сітуацыйныя рашэнні. Гэта значыць, што нават звыш-якасны даследніцкі прадукт не ёсць гарантыяй, што ён будзе "куплены" мэтавай групай.

Калі даследаванне сапраўды мае быць вартасным, то на старце мы не можам ведаць аб яго выніках. Калі грамадства нетаталітарнае, то мы не можам ведаць, як вынікі даследавання паўплываюць на грамадскія працэсы. У звязку з гэтым найбольш здзіўляюць мяне тыя эксперты-заяўнікі, каторыя ў адным абзацы заяўляюць, што будуць спрыяць "плюралізму і дэмакратыі", а ў наступным -  што планаванае імі даследаванне прывядзе да такіх і такіх зменаў. Калі мы спрыяем плюралізму і дэмакратыі, то тым самым падпісваемся пад тым, што вынікі нашага даследавання (нават геніяльнага) могуць быць зыгнараваны палітыкатворцамі і грамадскай думкай.

Такім чынам, абяцанне "змяніць грамадства/дзяржаву/эканоміку" шляхам даследаванняў - гэта пустая рыторыка. Тое, што даследаванні аказваюць вялікі ўплыў на грамадскія змены - гэта так. Але тое, што мы можам прадказаць напрамак і тэрмінаж гэтых зменаў - гэта лухта.


С Путиным нужно работать 20.03.2018

Национальная консолидация в России сама по себе - хорошая вещь. Расколотая или погруженная в хаос Россия - не в наших интересах. Она была бы более опасна, чем путинская Россия.

Жаль, конечно, что такая консолидация произошла с подачи и вокруг Путина, а не вокруг какого-нибудь политика европейского типа. Но это лучше, чем если бы она произошла вокруг Жириновского или Зюганова или неоязыческих нацистов, а все они в свое время рьяно претендовали на лидерство и имели неплохие шансы заменить Ельцина.

Готовиться к наихудшему сценарию - на всякий случай - нужно, но и паниковать не стоит. В России четвертый год подряд происходит падение реальных доходов + целая куча структурных проблем. Путин - милитарист, но прагматичный милитарист. Он безраличен к демократическим ценностям, но он не безраличен к экономической цене, которую приходится платить за его военное хобби. Во властных структурах России есть целая армия экономических технократов, с которыми путинцам надо считаться. А они - технократы - если не явно, то кулуарно клянут эти геополитические подвиги и слышать не хотят об очередных.

С Путиным надо работать. И с тем, который сидит в Кремле, и с тем, который сидит в головах многих белорусов. В первом случае - не провоцировать без лишней надобности его милитаристских демонов, а при этом ограничивать его экономические и политические козыри в Беларуси.

Во втором случае нужно работать над ценностными установками, стереотипами, мыслительными рутинами, так как именно они стоят за высоким рейтингом Путина в Беларуси. Не стоит клеймить и проклинать отечественных путинцев, так как за исключением немногих одержимых русофилов, для большинства значение имеет не столько Путин, сколько ясная система координат, которая снижает чувство неопределенности. Сегодня она ассоциируется с Путиным, завтра может ассоциироваться с кем-нибудь (или чем-либо) другим. С кем/чем она будет ассоциироваться - зависит от нашей кропотливой работы.

Што рабіць са Статкевічам? 04.03.2018

Тое, што не будзе аднадумства ў справе спосабу святкавання БНР, няцяжка было прадбачыць. Раскол па пытанні ўзаемадзеяння з аўтарытарнай уладай - гэта, можа быць, непрыемная, але нармальная з'ява. Будзь то Беларусь, будзь то аналагічная сітуацыя ў іншай краіне - такія расколы заканамерныя. У свой час у Літве быў раскол вакол стасунку да перабудовы Гарбачова (прагматычны Саюдзіс контра бескампрамісныя ідэалісты), у Польшчы - у справе "Круглага стала" 1989 г. ігд. Наіўнасцю было б думаць, што ў Беларусі пасля 20 год кансалідаванай "барацьбы з рэжымам" раптам паўстане ў апазіцыі кансэнсус наконт святкавання Дня Волі ў хаўрусе з уладамі (у нейкім сэнсе на правах улады). З 95% праўдападобнасці можна было адгадаць, што раскол - у той ці іншай форме - паўстане.

Але я б не драматызаваў гэты раскол, што зараз адбываецца паміж Кастусёвым-Дашкевічам-Пальчысам-Белавусам і Статкевічам-Сіўчыкам. Так, ён непрыемны і неканструктыўны, і я ў душы хацеў бы, каб яго не было. Але ніякай тут катастрофы няма. Мы не можам паўплываць на факт расколу, але можам паўплываць на яго наступствы. Лепш падумаць, як зрабіць так, каб пры ўсім гэтым былі мінімальныя рызыкі для нацыянальнай ідэі і яе прыхільнікаў. Маральнае ацэнка - што ж, яна мае права быць, але не варта губляць на яе ўсю сваю энэргію. Лепш пусціць гэту энэргію на спраджэнне такога сцэнару (або такіх сцэнараў), які змякчыў бы эфект гэтага расколу.

У будучым варта загадзя ўлічваць праўдападабенства расколаў у аналагічных сітуацыях. Бо яны будуць цягам усяе далейшай гісторыі рэжыму. А пасля змены ўлады яны, хутчэй за ўсё, яшчэ больш інтэнсіфікуюцца. Я перакананы, што будуць, напрыклад, зацятыя спрэчкі наконт таго, наколькі глыбока і асновасяжна дэмантаваць спадчыну Лукашэнкі. І на такія выпадкі варта мець нешта больш у запасе, чым набор пропаведзяў наконт таго, наколькі кепска сварыцца і наколькі важна не сварыцца.

БНР і ўлады 28.02.2018

Ёсць такая мудрасць у бізнэсе: апякуйся капейкамі, а рублі самі пра сябе заапякуюцца. Нешта падобнае можна сказаць і пра палітыку: не ігнаруй нізкія імавернасці, тады высокія імавернасці не будуць ігнараваць цябе. Нават калі існуе нізкая імавернасць нешта змяніць у лепшы бок, варта гэтым скарыстацца.

Дробнае заангажаванне ўладаў у святкаванне БНР - гэта, так, дробязь у параўнанні з нашым уяўленнем пра "нацыянальную і дэмакратычную" дзяржаву. Тым не менш, яно не без значэння. Калі хтось прыклаў хоць нейкія намаганні да пабудовы дома, то ў будучым ён будзе схільны хутчэй пазітыўна ставіцца да гэтага дома, чым негатыўна. Так дзейнічае псіхалогія любога індывіда, у тым ліку чыноўніка. Ганіць дом, да пабудовы якога ты спрычыніўся (хай сабе і сімвалічна), спараджае дысананс і чалавек, як правіла, імкнецца яго пазбегнуць. Сімвалічнае заангажаванне ўладаў у святкаванне БНР у нейкай ступені прадвызначае іх далейшае стаўленне да БНР - ну, ясна, што не на 100%, але ў нейкай ступені - так.

Дробязь? Так, дробязь. Няма гарантый, што праз два месяцы не пачнуць лаяць і ганьбіць БНР? Так, гарантый няма. Але: апякуйся капейкамі...

Нац-идентичность - это долгосрочная инвестиция! 06.02.2018

Мышление в категориях доходов и затрат — это часть повседневной жизни любого предпринимателя, экономиста и мудрого чиновника. А разве культура, моральная система, интеллектуальная деятельность и духовная жизнь могут руководствоваться логикой затрат-и-доходов? Безусловно да. Отличие только в том, что в разных сферах (экономическая, культурная, ителлектуальная...) существуют разные единицы затрат и доходов.

Которая из существующих версий белорусской национальной идентичности более затратна, а которая — менее? Которая их них рассчитана на сиюминутную пользу, а которая — на долгосрочную перспективу? «Экспертное заключение» по этим вопросам требует серии исследований — и этим, надеемся, BISS займется в ближайшем будущем. В рамках этого блога хотел бы сформулировать несколько тезисов, которые позволят заинтересованному читателю уже сейчас сделать собственные «здравомысленные заключения». Вот эти тезисы:

1) Не существует «беззатратной» национальной идентичности. Любая версия идентичности несет с собой определенные риски и затраты. Слишком «мифологическая» идентичность будет порождать сильное напряжение в ситуациях соприкосновения с наукой (а такие соприкосновения неизбежны); слишком «научная» идентичность будет лишена мобилизирующей силы и будет изменчива (так как критическое переосмысление теорий вписано в суть научного процесса). Идентичность, основанная на социологических опросах будет, скорее всего, противоречивой и лишенной глубины, а идентичность, вымышленная в кабинетах, может оказаться невнятной для большинства населения.

2) Оптимальная версия идентичности — это та, где «доходы» преобладают над «затратами» в долгосрочной перспективе. Подчеркнем: в долгосрочной перспективе. Не надо путать разработку национальной идентичности с организацией «дожинок». Идентичность — это то, что должно работать не год и не два, а как минимум несколько десятилетий или даже столетий. И критерий успешного проекта идентичности — это не количество голосов «за» во вчерашних соц-опросах, а вероятность его устойчивости в будущем.

3) Краткосрочный успех нац-идентичести зависит от политических и экономических факторов; долгосрочный успех — от когнитивных. Политико-экономические обстоятельства очень изменчивы, а еще более изменчиво их влияние на сознание людей. Привязка идентичности к таким факторам, как количество поддерживающих/неподдерживающих нынешний политический курс, геополитические симпатии или рейтинг политиков — это безнадежно близорукий подход. Пройдут годы, десятилетия — и политико-экономические обстоятельства будут иными, а компоненты идентичности, созданной на основе эфемерных процессов, будут витать в публичном пространстве как пустые истуканы, которых никто серьезно не воспринимает.

А вот когнитивные (т.е. познавательно-мыслительные) структуры очень устойчивы. В отличие от политико-экономических, когнитивные структуры формировались сотни тысяч лет в ходе эволюции, поэтому они зависят от политики или экономики не более, чем камень зависит от воскового покрытия. Следовательно, в долгосрочной перспективе успешным может быть только та версия идентичности, которая максимально учитывает когнитивные закономерности (+ некоторые коммуникативные особенности).

4) Чем более противоречива версия идентичности, тем более она затратна в когнитивном плане. Важно помнить, что когнитивные процессы тоже (и даже в первую очередь) подчиняются логике доходов-и-затрат. Ввиду несовершенства нашего познания любая теория и любая система знаний несет в себе какие-то нестыковки, неточности и, скорее всего, ошибочные положения. Вопрос не в том, как найти версию идентичности, лишенной каких-либо когнитивных аномалий (таковой версии не существует). Вопрос в том, чтобы найти такую версию, обслуживание которой будет менее всего затратно в интеллектуальном плане (в частности, не надо будет слишком часто жертвовать законом непротиворечия). Говоря простым языком: нужна такая версия идентичности, которая не потребует от ее носителей быть шизофрениками.

На протяжении ста лет появилось несколько версий и субверсий нашей белорусской идентичности (включительно с постулатом «нулевой» идентичности). Предлагаю уже определиться с выбором, применяя универсальную калькуляцию «затрат и доходов». Главное, о чем следует помнить, что национальная идентичность — это долгосрочная инвестиция. Дивиденды тут не обязательно должны быть мгновенными: пусть они лучше появятся через десять или двадцать лет, но будут после этого постоянными.

Страницы: 1
Читать другие новости

Петр Рудковский