АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Лёгкаатлетку Крысціну Ціманоўскую гвалтоўна вывозяць з Алімпійскіх гульняў (абнаўляецца)

   
Два дні таму яна раскрытыкавала рашэнне беларускіх спартыўных чыноўнікаў на сваёй старонцы ў інстаграм.

Лёгкаатлетку Крысціну Ціманоўскую гвалтоўна вывозяць з Алімпійскіх гульняў (абнаўляецца)
Лёгкаатлетку Крысціну Ціманоўскую з беларускай каманды дэпартуюць з Токіа, паведамляе Фонд спартыўнай салідарнасці. Два дні таму яна раскрытыкавала рашэнне беларускіх спартыўных чыноўнікаў на сваёй старонцы ў інстаграм.

«Прадстаўнікі беларускай нацкаманды дэпартуюць лёгкаатлетку, ёй тэрмінова купілі білет на самалёт, зараз вязуць з рэчамі ў аэрапорт.

Заўтра ў яе павінен быў адбыцца старт на 200 метраў, прадстаўнікі зборнай яе не дапускаюць і адпраўляюць у Мінск», — піша @zozhteam.

Справа ў тым, што Ціманоўскую абавязалі бегчы эстафету 4х400, хоць гэта не яе дыстанцыя, яна выступае на 100 і 200 метраў.

«Аказваецца, наша вельмі стромкае начальства вырашыла як звычайна ўсё за нас. Яны наблыталі з дзяўчынкамі, у якіх не хапае дастаткова тэстаў, каб прыляцець на іх першую ў жыцці Алімпіяду, і яны вырашылі зрабіць ход канём і запусціць мяне ў эстафету. Чаму ж мы павінны расплачвацца за вашыя касякі?», — абурылася Крысціна ў сторыс.

Па словах Крысціны Ціманоўскай, ніякіх прэтэнзій да яе за крытыку чыноўнікаў прадстаўнікі беларускай дэлегацыі на Алімпіядзе ў Токіа не агучвалі. Ёй проста загадалі збіраць рэчы.

13:40 Зараз Ціманоўская знаходзіцца каля трэцяга тэрміналу аэрапорту Токіа (Gate 113). Яна шукае паліцыю ці прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Нумар рэйса, на які набылі квіток Крысціне – ТК 0199.

14:08 Да Крысціны Ціманоўская прыбылі паліцыя і валанцёры. Паводле звестак Паўла Латушкі, Ціманоўскую суправаджаюць тры мужчыны плотнага целаскладу.

14:39 Крысціна Ціманоўская заявіла @euroradio, што яна плануе прасіць прытулак у Еўропе. Паводле папярэдняй інфармацыі, лёгкаатлетка вырашыла звярнуцца ў амбасаду Аўстрыі ў Токіа. Беларускі фонд спартовай салідарнасці ўжо звярнуўся ў Міжнародны алімпійскі камітэт з нагоды сітуацыі, якая цяпер складваецца вакол яе. На пытанне, ці баіцца яна ляцець у Беларусь, Ціманоўская адказала: "Так".

14:53 НАК пракаментаваў сітуацыю з Крысцінай Ціманоўскай. Як сцвярджаюць у беларускай дэлегацыі на Алімпіадзе, дактары выдалі заключэнне аб "эмацыянальна-псіхалагічным стане" атлеткі, пасля чаго было вырашана адазваць яе заяўку на наступныя спаборніцтвы.

14:55 Прадстаўнік беларускай дыяспары ў Японіі Алег Ждан паведаміў, што ў сувязі з інцыдэнтам вакол высылкі Ціманоўскай ў аэрапорт Токіа прыбыла здымачная група тэлекампаніі NHK. Гэта найбуйнейшы тэлеканал Японіі.

Кіраўнік еўрапейскіх Алімпійскіх камітэтаў Спірас Капралас запатрабаваў ад МАК неадкладнага ўмяшання ў інцыдэнт з дэпартацыяй Ціманоўскай. Міжнародны алімпійскі камітэт заявіў, што вывучае сітуацыю.

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне кантактуе з дыпламатамі шэрагу краін, каб забяспечыць міжнародную абарону для Крысціны Ціманоўскай. Каманда НАК ужо звязался з МЗС Аўстрыі і Польшчы. Сама Ціманоўская, паводле звестак НАК, знаходзіцца ў аэрапорце пад аховай японскай паліцыі. Прадстаўнікі алімпійскай дэлегацыі Беларусі спрабуюць вярнуць яе ў алімпійскую вёску.

16:30 У аэрапорт Ханэда выехалі прадстаўнікі японскага МЗС. Яны збіраюцца сустрэцца з Крысцінай Ціманоўскай.

17:30 Беларуска, якая жыве ў Токіа, распавяла карэспандэнту ТАСС, што гатова ў выпадку неабходнасці даць прытулак у сябе Крысціне Ціманоўскай.

«Я даведалася аб навінах з Telegram-каналаў і адразу прыехала [ў аэрапорт]. Яна ж зусім адна, раптам ёй спатрэбіцца дапамога», — прыводзіць яе словы агенцтва.

novychas.by
14:56 01/08/2021


Загрузка...
Загрузка...