АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Спартоўца Аляксея Кудзіна хутчэй за ўсё таемна даставілі ў Менск

Жонка заяўляе аб прапажы чалавека

Спартоўца Аляксея Кудзіна хутчэй за ўсё таемна даставілі ў Менск
21 ліпеня апэляцыйны суд пакінуў ў сіле рашэньне Маскоўскага абласнога суду аб выдачы Беларусі Аляксея Кудзіна. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, спартоўца Аляксея Кудзіна ўжо даставілі ў Менск.

У камітэце «Грамадзянская дапамога», які юрыдычна падтрымліваў Аляксея Кудзіна, паведамілі, што спартоўца, праўдападобна, вывезьлі зь СІЗА ў Зеленаградзе (Расея) і на самалёце даставілі ў Менск.

Учора ў Аляксея Кудзіна скончыўся тэрмін утрыманьня пад вартай. Апэляцыйны суд Масквы пакінуў у сіле рашэньне выдаць яго афіцыйнаму беларускаму боку. Чальцы беларускай дыяспары ў Маскве, сьпявачка Анжаліка Агурбаш, адвакат Кудзіна і ягоная жонка Тацьцяна былі каля СІЗА ў Зеленаградзе да позьняй ночы.

«У 19.40 зь СІЗА выехаў мікрааўтобус зь мігалкамі, у ім былі супрацоўнікі ФСВП (Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў, – РС). Мы мяркуем, што ў мікрааўтобусе быў Аляксей. Мы ня здолелі бы дагнаць мікрааўтобус, які едзе не па правілах і па выдзеленай паласе. Сябры беларускай дыяспары даведаліся, што Аляксей быў на рэйсе «Масква-Менск», які вылятаў з Шарамецьева ў 23.50. У 1.08 самалёт быў у Менску», – распавялі Свабодзе ў камітэце «Грамадзянская дапамога».

«Праз знаёмых мы даведаліся, што быў такі пасажыр учора на рэйсе Аэрафлоту. Але я нічога ня ведаю дакладна, і цяпер іду пісаць заяву ў паліцыю пра тое, што ў мяне прапаў муж, – расказала Свабодзе жонка Аляксея Тацьцяна. – Я прыехала з маленькім дзіцем сустрэць тату, але ў нас не атрымалася. Цяпер, напэўна, вярнуся дадому, у Беларусь. Мы ўвесь гэты час заставаліся ў Беларусі, бо выехаць з такой колькасьцю дзяцей няпроста – у нас іх пяцёра. Але я не зьбіраюся апускаць рукі, будзем працягваць змагацца».

Тое, што Алякся Кудзіна хутчэй за ўсё вывезьлі зь СІЗА ў Падмаскоўі, выданьню «Трыбуна» паведаміла і адвакатка Камітэту «Грамадзянскае садзейнічаньне» і абаронца спартоўца Марыя Красова.

У Беларусі Кудзіна абвінавачваюць па артыкуле 363 Крымінальнага кодэксу (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якія ахоўваюць грамадскі парадак). Максымальнае пакараньне – да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

21 ліпеня Эўрапейскі суд у правах чалавека (ЭСПЧ) забараніў экстрадыцыю беларускага атлета, спаслаўшыся на пераканаўчыя довады ягонай абароны.

«Мы настойваем на тым, каб было прынятае пад увагу рашэньне ЭСПЧ аб прымяненьні правіла 39 рэглямэнту Суду», — зазначылі ў Камітэце «Грамадзянскае садзейнічаньне».

Сёньня апоўначы споўнілася паўгода зьняволеньня Кудзіна.

Учора паведамлялася, што ў Маскву для затрыманьня кікбаксэра Аляксея Кудзіна выехалі прадстаўнікі беларускіх сілавых структур. Як сьцьвярджае Фонд спартовай салідарнасьці, іх апазналі пасажыры ў менскім аэрапорце.

Раней Маскоўскі суд не задаволіў скаргу абароны Аляксея Кудзіна, якая дамагалася забароны на экстрадыцыю ў Беларусь, дзе спартоўцу пагражае працяглы тэрмін зьняволеньня нібыта за напад на міліцыянтаў падчас пратэстаў летась у жніўні.

10:30 22/07/2021


Загрузка...
Загрузка...