АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Герасіменя: на Алімпіядзе маглі б выступіць пад нейтральным сцягам

Калі Міжнародны алімпійскі камітэт пакарае беларускі НАК санкцыямі за пераслед спартсменаў, атлеты маглі б выступіць на Гульнях пад нейтральным сцягам, мяркуе трохразовая алімпійская чэмпіёнка Аляксандра Герасіменя. Яна вымушаная была з'ехаць з Беларусі ў Літву, дзе ўзначаліла Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці.



"Пад чырвона-белым мы дакладна не зможам. Мы адправілі ліст у МАК, каб распавесці пра праблемы, з якімі сутыкаюцца спартсмены ў нашай краіне", — сказала Герасіменя ў інтэрв'ю РБК.

Паводле яе слоў, Фонд будзе рабіць усё, "каб беларускія спартсмены змаглі выступаць на спаборніцтвах незалежна ад палітычных поглядаў".

Вяртацца ў Беларусь пакуль яна не рызыкуе, асцерагаецца арышту. Прызналася, што не планавала ісці ў палітыку, хацела толькі "займацца сваёй любімай справай, трэніраваць дзяцей".

"Але на дадзены момант у мяне гэтай магчымасці няма. Нас вымушаюць выходзіць на вуліцы, займацца палітыкай", — сказала яна.

Герасіменя верыць, што сітуацыя неўзабаве вырашыцца і праз некалькі месяцаў яна будзе дома.

Спартсменка неаднаразова прымала ўдзел у пратэстных акцыях, наўпрост звярталася у эфіры Еўрарадыё да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай пачуць людзей. У сярэдзіне кастрычніка стала вядома, што Герасіменя з'ехала з Беларусі.

11:18 29/10/2020


Загрузка...
Загрузка...