АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

У Гомлі хакейныя заўзятары асьвісталі гендырэктара «Дынама» Дзьмітрыя Баскава

30 жніўня ў Гомлі пасьля фіналу Кубка Салея па хакеі заўзятары асьвісталі гендырэктара менскага «Дынама» і выканаўцу абавязкаў старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава, паведамляе «Прессбол».





Дзьмітрыя Баскава запрасілі на лёд для ўручэньня трафэя пераможцы турніру — менскаму хакейнаму клюбу «Дынама», які перамог «Юнацтва» зь лікам 3:0. У гэты момант пачуўся гул заўзятараў, якіх, згодна з афіцыйным пратаколам, у гомельскім Лядовым палацы было паўтары тысячы.

Баскаву 42 гады, ён майстар спорту па хакеі, трэнэр прэзыдэнцкай каманды Аляксандра Лукашэнкі і асабісты настаўнік ягонага малодшага сына Мікалая, які выступае за юніёрскі калектыў «Грыфоны». Ня так даўно на распараджэньне Лукашэнкі ён атрымаў долю ўласнасьці ў скандальным акумулятарным заводзе ў Берасьці.

Спартовы функцыянэр — заўзяты прыхільнік палітыкі дзейнага кіраўніка краіны, рэзка крытыкуе спартоўцаў, якія выказваюцца супраць Лукашэнкі.

Асабіста ўдзельнічае ў прапагандысцкіх мітынгах і аўтапрабегах «За бацьку», нават апынуўся ў цэнтры скандалу. У сеціва трапіла відэа, як падчас аднаго з прабегаў Баскаў на пасажырскім сядзеньні проста з бутэлькі п’е гарэлку «Прэзыдэнт» і задаволена прамаўляе: «Ой, як добра!».

08:44 31/08/2020


Загрузка...
Загрузка...