АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Як мінскі трэнер спрабаваў даказаць, што стаў кантактам 1-га ўзроўню

Трэнер з Мінска даведаўся, што ў аднаго з ягоных падапечных пацвердзілі COVID-19. Напярэдадні мужчына меў зносіны з інфікаваным, а значыць, стаў кантактам першага ўзроўню. Або не?




Праца трэнера прадугледжвае рэгулярныя зносіны з людзьмі. Але што, калі мужчына ўжо заражаны? Каб выпадкова не падставіць тых, з кім яму трэба было працаваць, трэнер вырашыў ізалявацца дома. Але аказалася, што зрабіць гэта афіцыйна, з бальнічным лістом, не так проста. Наш герой падышоў да пытання адказна і зрабіў больш за дзесяць званкоў. Але высветліў толькі, што самога сябе ў кантакты першага ўзроўню запісаць нельга, нават калі дакладна ведаеш, што кантактаваў з носьбітам віруса.

–– Патэлефанаваў у "хуткую". Яны кажуць: "Тэлефануйце ў паліклініку". Тэлефаную ў паліклініку. Кажу: "Што рабіць? Бачыўся з чалавекам, у яго кавід, пацверджаны. Працую з людзьмі, шмат людзей бачу цягам дня". Мне кажуць: "Тэлефануйце начмеду". Начмед кажа: "А ён вас падаў у кантакты?" Я кажу: "Я не ведаю. Сказаў, што яму патэлефануюць, і ён тады пазначыць мяне ў кантактах". "Калі ён вас не пазначаў у кантактах, то юрыдычна вы кантактам не з'яўляецеся". Рабіце, маўляў, што хочаце. Я кажу: "Ну я ж з людзьмі працую, шмат людзей бачу цягам дня". Кажуць: "Тады тэлефануйце ў санэпідстанцыю".

Далі мне нумар. Я па ім тэлефанаваў дзесяць хвілін, ніхто не браў трубку. Я знайшоў іншы тэлефон гэтай санэпідслужбы ў інтэрнэце, набраў туды, расказаў сітуацыю. Там кажуць: "Ён павінен падаць вас кантактам першага ўзроўню". Я кажу: "Я не ведаю, калі ён гэта зробіць, а на работу мне трэба сёння!" Яны кажуць: "Вось, тэлефануйце па іншым нумары". Тэлефаную па іншым нумары, вось такая сітуацыя, і там трубку ніхто не бярэ.

Урэшце трэнер дазваніўся да "ветлівай дзяўчыны", якая канчаткова пацвердзіла: пакуль чалавек з пацверджаным COVID-19 сам не ўнясе яго ў кантакты першага ўзроўню, афіцыйна зрабіць нічога нельга.


08:16 15/05/2020


Загрузка...
Загрузка...