АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

“Вірус — гэта клуб”: футбольныя фанаты не сталі байкатаваць чэмпіянат Беларусі

Значную частку навін пра каранавірус складаюць паведамленні пра перанос ці адмену масавых мерапрыемстваў.

“Вірус — гэта клуб”: футбольныя фанаты не сталі байкатаваць чэмпіянат Беларусі
 Новы фільм пра Джэймса Бонда замест красавіка мы пабачым у лістападзе (калі дажывём), а перажываць за гурт VAL падчас “Еўрабачання-2020” не давядзецца ўвогуле: конкурса не будзе. 

Канцэрты масава адмяняюцца і ў Беларусі, але ёсць мерапрыемствы, якія за “псіхознымі” трэндамі не бягуць. Напрыклад, 19 сакавіка, нягледзячы НІ НА ШТО, пачынаецца чэмпіянат Беларусі па футболе. На стартавы дзень прызначаныя дзве сустрэчы: “Шахцёр” vs “Тарпеда-БелАЗ” і “РЦОР БГУ” vs “БАТЭ”. 

Напярэдадні тэму бяспекі заўзятараў у інтэрв’ю БелТА падняў кіраўнік асацыацыі “Беларуская федэрацыя футбола” Уладзімір Базанаў. Спартыўны чыноўнік распавёў, што з распаўсюдам каранавіруса АБФФ змагаецца метадычкамі, апублікаванымі на ўласным сайце.   

“Што тычыцца саміх стадыёнаў, ніякага спецыяльнага кантролю на ўваходах не плануецца”, — дадаў Базанаў. 

Што пра гэта думаюць футбольныя балельшчыкі? Еўрарадыё дагрукалася да фанатаў некаторых футбольных клубаў Вышэйшай лігі. 

БАТЭ

Па адказах балельшчыкаў барысаўскага клуба, сярод якіх адміны фан-паблікаў ВК, можна зразумець, што нейкай адзінай стратэгіі жоўта-сінія не маюць — “гэта справа кожнага”.

Іван: “Вядома ж, гэта усё вельмі асабістае. Але я дакладна ігнарую любыя масавыя мерапрыемствы і не ўхваляю халатнасці як клуба, так і нашай дзяржавы”. 

Уладзімір: “Маё меркаванне, што за здароўем трэба сачыць заўсёды. На дадзены момант у Беларусі не тая сітуацыя, каб адмяняць нешта”.

Цімур: “Для фаната колеры клуба і сам клуб — гэта і ёсць вірус, які жыве ўнутры, таму ўсе хто зможа паехаць на футбол у Мінск, паедзе. Любы выезд — гэта закон”.

Іслач

Не хочам сказаць, што фанаў “Іслачы” мы не знайшлі, бо іх не існуе, але факт: калі ў іх і ёсць фанацкая суполка, дык яна добра схаваная! Таму па каментар мы звярнуліся да прэс-сакратара ФК “Іслач” Аляксандра Галенчука.

Клуб трымае кантакт з фанатамі. Галянчук запэўнівае, што заўзятары будуць хадзіць на стадыён. Але не ўсё так бязвоблачна. Сустрэчу фанатаў з камандай, якая традыцыйна праходзіць перад стартам чэмпіянату, сёлета адмянілі. Прычым ініцыятарам выступіў клуб:

“У сувязі з распаўсюджваннем каранавіруса і рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя па абмежаванні спартыўна-масавых мерапрыемстваў футбольны клуб "Іслач" прыняў рашэнне перанесці сустрэчу каманды з заўзятарамі, якая традыцыйна праходзіць напярэдадні старту чэмпіянату”, — гаворыцца ў заяве клуба. 

“Дынама-Брэст”

Нашы пытанні адміністратары фанацкай суполкі “Дынама-Брэст” праігнаравалі. Але з публікацый у 8-тысячным пабліку “Бела-Сіняе Жыццё” зразумела, што каранавірусам брастаўчан не запужаць: там змешчаны заклік наведаць хатні матч са “Смалявічамі”, які пройдзе 20 сакавіка. 

“Шахцёр”

“Ад тых, з кім асабіста гутару, не чуў, каб збіраліся адмовіцца ад наведвання матчаў”, — кажа пра балельшчыкаў “Шахцёра” прэс-сакратар клуба Уладзімір Валадзько. 

Ён удакладняе, што ў камандзе панікі з нагоды каранавіруса няма: “Вядома, усе сталі больш адказна ставіцца да гігіены. Федэрацыя прыняла рашэння гуляць — трэба гуляць. Што яшчэ застаецца?”

Сапраўды, калі ў заўзятараў ёсць выбар: ісці на стадыён ці не, — дык футбалістам так ці інакш давядзецца выходзіць на поле, пакуль чэмпіянат будзе працягвацца.

***

Праз каранавірус адмяняюцца ці пераносяцца нацыянальныя кубкі ў шматлікіх еўрапейскіх краінах. У нашай суседкі Украіны з 18 сакавіка спынілася правядзенне ўсіх футбольных матчаў. Тое самае ў Расіі: “Прэм’ер-ліга” пастаўленая на паўзу да 10 красавіка.

Што тычыцца міжнародных спаборніцтваў, дык УЕФА спыніла розыгрыш сёлетніх Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы і прыняло рашэнне перанесці Еўра-2020 на лета 2021 года. Такім чынам, упершыню кантынентальнае першынство пройдзе ў няцотны год. Апошні раз чэмпіянат Еўропы па футболе пераносіўся праз Другую сусветную вайну.  


20:21 20/03/2020


Загрузка...
Загрузка...