АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Макоўскага пажыццёва дыскваліфікавалі, а ён дагэтуль працуе ў футболе

Летась 13 кастрычніка Уладзімір Макоўскі прысутнічаў у якасці трэнера маладзечанскай дзявочай каманды. Матч праходзіў у Чысці паміж «ДЮСШ-4-Маладзечна» і ФК «Мінск».

Макоўскага пажыццёва дыскваліфікавалі, а ён дагэтуль працуе ў футболе
Супрацоўнік АБФФ Юры Чыстаў пацвердзіў у адказе на афіцыйны зварот «Рэгіянальнай газеце», што спаборніцтвы прайшлі пад эгідай Беларускай федэрацыі футбола, а яны праводзяцца па праграме развіцця жаночага футбола УЕФА.

Чытачы ў сацыяльных сетках пад дадзеным матэрыялам таксама адзначалі, што Макоўскі не можа працаваць трэнерам. Уладзімір у тэлефоннай размове з карэспандэнтам сказаў:

– Калі я трэнер, значыць я трэнер і магу трэніраваць сваю каманду. А слухаць, што кажуць у інтэрнэце, не трэба, гэта ўсё лухта.

Уладзімір Макоўскі пажыццёва дыскваліфікаваны і не мае права працаваць трэнерам на спаборніцтвах, якія праводзіць федэрацыя футбола.

Гучная «Справа аб дамоўных матчах», дзе Макоўскі быў фігурантам


У жніўні 2016 года Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі апублікавала прэс-рэліз. У ім праваахоўнікі адзначылі факт правядзення дамоўнага матча паміж «Іслаччу» і «Дынама-Брэст» у Маладзечне.

Следчы камітэт пачаў крымінальную справу ў дачыненні да падазроных. Імі сталі прадстаўнік трэнерскага штаба, гульцы «Іслачы», а таксама пасярэднік і заказчыкі. Высветлілася, што прадстаўніком трэнерскага штаба быў Уладзімір Макоўскі. У той час экс-футбаліст мінскага і кіеўскага «Дынама» пачынаў трэнерскі шлях.

Дамоўны матч «Іслачы» і «Дынама» стаў адным з шэрагу гульняў у трох беларускіх чэмпіянатах рознага ўзроўню, на якія звярнулі ўвагу праваахоўныя органы. Так з’явілася «Справа аб дамоўных матчах».

У сакавіку 2017 года АБФФ апублікавала «Спіс-26» – імёны 26 удзельнікаў «Справы аб дамоўных матчах». Праз нейкі час колькасць чалавек зменшылася, у выніку да адказнасці прыцягнулі 15 чалавек.

У кастрычніку 2017 года ў Першамайскім судзе Мінска вынеслі прысуд па справе. Уладзіміра Макоўскага прыгаварылі па двух частках артыкула 253 Крымінальнага кодэкса Беларусі да двух год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, з пазбаўленнем права займаць пасады ў спорце на пяць год.

У снежні 2017-га фігуранты абскардзілі прысуд, але судовая калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда пакінула іх без задавальнення.

Федэрацыя футбола дыскваліфікавала Макоўскага і яшчэ 11 чалавек
У лютым 2018 года Дысцыплінарны камітэт федэрацыі футбола пажыццёва дыскваліфікаваў Макоўскага разам з яшчэ 11 людзьмі, хто быў датычны да дамоўных гульняў. Рашэнне грунтавалася на пункце 5 артыкула 20 Дысцыплінарнага кодэкса:

«Пажыццёвая дыскваліфікацыя заключаецца ў пажыццёвай забароне ўдзельнічаць у футбольных матчах, спаборніцтвах або прысутнічаць на футбольных матчах, спаборніцтвах. Пажыццёвая дыскваліфікацыя можа быць заменена на больш мяккае дысцыплінарнае пакаранне або адменена толькі па заканчэнні 10 гадоў з дня яе прымянення».

Кіраўнік прэс-службы Беларускай федэрацыі футбола Аляксандр Алейнік тлумачыў, што дыскваліфікаваны футбольны спецыяліст не мае права са сваёй камандай удзельнічаць у любых спаборніцтвах, якія праходзяць пад эгідай Беларускай федэрацыі футбола.

Нават калі гэта каманда дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Аднак на момант дыскваліфікацыі ў 2018 годзе Макоўскі працаваў інструктарам-метадыстам у маладзечанскай ДЮСШ-4, якая спецыялізуецца на футболе.

Хадайніцтва аб адтэрміноўцы – федэрацыя адмовіла


«РГ» направіла афіцыйны зварот у федэрацыю, каб удакладніць статус Макоўскага. Аляксандр Алейнік адказаў, што ў адпаведнасці з рашэннем Камітэта кантрольна-дысцыплінарнага і па этычных пытаннях АБФФ за ўдзел у арганізацыі дамоўных матчаў Макоўскі пажыццёва дыскваліфікаваны.

27 мая 2019 года ў адрас Камітэта кантрольна-дысцыплінарнага і па этычных пытаннях АБФФ было накіраванае хадайніцтва аб прымяненні ў дачыненні да Макоўскага адтэрміноўкі выканання дысцыплінарнага пакарання. На пасяджэнні, якое адбылося 13 чэрвеня, адмовілі ў адтэрміноўцы выканання дысцыплінарнага пакарання (кіруючыся артыкулам 10 часткай 2, артыкулам 20 часткай 5 і ў адпаведнасці з артыкуламі 15, 20, 39 Дысцыплінарнага кодэкса АБФФ).

Такім чынам, Макоўскі не можа ўдзельнічаць у якасці трэнера ў турнірах пад эгідай АБФФ.

12:44 31/01/2020


Загрузка...
Загрузка...