АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Спартовы журналіст Уладзімір Даўжэнка: 25 гадоў навучылі каментатараў прыхіляцца дзеля кавалка хлеба

Асоба Уладзіміра Даўжэнкі для мяне атаясамліваецца з іншаю зоркаю (як цяпер любяць казаць) Беларускага тэлебачання – Зінаідаю Бандарэнкаю. 

Спартовы журналіст Уладзімір Даўжэнка: 25 гадоў навучылі каментатараў прыхіляцца дзеля кавалка хлеба
У пачатку 1990-х яны не ўспрынялі новага кіраўніцтва не толькі краіны, але і самога тэлебачання, ды іх адсунулі ад актыўнай дзейнасці і любімай цягам дзесяцігоддзяў прафесіі. Сёння Уладзімір Даўжэнка прымае карэспандэнтаў «Белсату» ў сябе ўдома і без смутку паведамляе, што ні пра што не шкадуе.

«Я актыўны беспрацоўны пенсіянер, выконваю праграму партыі і ўраду, якая называецца »Тры «Д»: даядаю, даношваю, дажываю. Цяпер і «чэсным», і «нячэсным» журналістам вельмі цяжка. Нікому яны не патрэбныя – у працы, у прафесіі ды ў жыцці. Каму ўжо за 60 – асабліва. Я ў гэтым пераканаўся. Мне 67 гадоў і, як бы гэта ні было сумна, я дажываю. Ужо не хочацца вяртацца да прафесіі, кожнай гародніне свой слоік, і ўжо іншыя часы, іншыя норавы, і мы ўжо чвэрць стагоддзя адчуваем. Гэтыя норавы, дарэчы, наклалі адбітак і на прафесію спартовага журналіста.

Браліся за ўсё, што заставалася ад іншых

«На досвітку туманнага юнацтва спорт не быў так на тэлебачанні развіты, не было Пятага каналу, мы толькі-толькі распачыналі. Што было? Ну, футбол быў, хакей, вось і ўсё, а гэтыя месцы былі занятыя. Таму камусьці штосьці даставалася: Валодзін каментаваў веласпорт, а я ўзяў шашкі, цяжкую атлетыку, парусны спорт, таэкўандо, каратэ, то бок тое, што заставалася.

Нас жа было вельмі мала: Лёня Маляўскі, я, яшчэ пару чалавек, потым прыйшоў Сярожа Новікаў, Валодзя Навіцкі, падключаўся да нас Мікалай Петрапаўлаўскі, царства яму нябеснае, ну, а цяпер такі штат, што не паспяваеш усіх і ўзгадаць… Старажылаў па пальцах можна пералічыць. Адзін Валодзя Навіцкі з лішкам цягне гэты воз і яшчэ будзе гадоў 30 цягнуць – яму гэта лёгка.

Ну, а калі канкрэтна і без жартаў – так, былі ў нас журналісты, якія намагаліся нешта рабіць, якія мелі свой твар, дарэчы. Проста такі час быў: Лукашэнка яшчэ не прыйшоў да ўлады, а калі і прыйшоў, то гэта яшчэ гэтак не вельмі востра адчувалася на грамадстве.

Да таго ж, у спартовым сэнсе, вы памятаеце, не было такіх гучных справаў з допінгам. Мы не ведалі, што такое допінг, у такім маштабе, як цяпер, калі адхіляюць цэлыя каманды. І таму не было магчымасці дзесьці штосьці выказаць не так, то бок у адной канве ўсё было, у сацыялістычным рэалізме, але, праўда, што тут гаварыць, адразу пачаў адрознівацца Валодзя Навіцкі, ён адразу злавіў будучыню сваю і пайшоў, пайшоў, пайшоў. А астатнія – ніхто ў палітыку не ўлазіў, каментаваў. Як Сярожа Новікаў. Я яго заўсёды любіў і цяпер, калі б Сярожа вярнуўся, гэта быў бы клас!

«Асілак», які заўсёды са мной

Тэлеклуб «Асілак» – гэта мой, гэтак кажучы, трэйд-марк, мой фірмовы знак, нават ёсць такая прымаўка: «Асілак» – без насілак. Да праграмы я прыйшоў з уласнай ідэі. Цяпер нешта такое ёсць на беларускім тэлебачанні, «Фактар сілы» Пашы Баранава, але гэта іншы фармат, гэта не наўпроставы эфір, у мяне ўсе перадачы практычна былі ў наўпроставым эфіры, і іх было 150 штук, дзесьці, прыкладна, 11 гадоў, без перапынку. Ёсць у мяне і эфіры. Рэч у тым, што калі мяне «пайшлі» з тэлебачання, то ўсе перадачы, усе запісы мае зруйнавалі, усе, і вось у мяне са ста пяцідзесяці праграмаў штук шэсць толькі засталося. Я хацеў недзе выставіць на «YouTube’е», але, здаецца, не атрымаецца. Таму гэта для хатняга карыстання.

Прыхіляцца дзеля кавалку хлеба

Гэта праяўленне цяперашняй палітыкі краіны. Няма адыёзных фігураў, няма талентаў, але вось нейкая местачковасць, шэрасць, памяркоўнасць у спорце – гэта адбіваецца, 25 гадоў навучылі каментатараў і народ прыхіляцца, дзеля кавалка хлеба.

Тут шмат ад чаго залежыць. Я, напрыклад, Дракон і Вадаліў. Я быў дэпутатам Менскага гарсавету ў свой час. Старшынём камісіі па галоснасці, правапарадку і сувязях з грамадскімі арганізацыямі. І мне Рыгор Кісель, былы старшыня тэлебачання, адразу паставіў гэта ў папрок.

Той жа Уладзімір Шпітальнікаў, які, дарэчы, год таму паехаў у Ізраіль на сталае месца жыхарства. Ён Казярог. Ён бы ніколі нідзе не выступіў, хаця быў вельмі разумны чалавек, ён пад сябе жыў. І таму зараз асуджаць, з вышыні пражытых гадоў, я не магу, кожны абірае сваё, але, каб у мяне ўсё пачыналася ад пачатку, не трафарэтна, я б распачынаў так. Бо я не магу супраць сябе ісці, гэта небяспечна. Я заўсёды ўзгадваю такія радкі: «Рабу мілая турма і не патрэбная яму воля. Такая ўжо ў нас парода: і людзі ёсць, але няма народу».

Вось Беларусь у цяперашнім стане: як пяць тысячаў аднойчы выйшла на Плошчу, так больш за пяць і не выходзіць. Свой кавалак хлеба адстаяць. Канечне, каб чалавек жыў 300 гадоў, ён бы 60 гадоў мог быць камуністам, 60 – …істам і гэтак далей. Але Божанька адпісвае ў гэтай краіне, 67 – сярэдняя працягласць жыцця. Дык куды тут рыпацца ўжо? Дый у мяне ўсё дастаткова сціпла.

Хіба што ганаруся «Знакам Пашаны», які за нумарам 55 за развіццё фізічнай культуры і спорту ўручаў яшчэ, нябожчык, міністр спорту Уладзімір Рыжанкоў, першы наш міністр у суверэннай рэспубліцы.

Але я заўсёды ведаў сваё месца ў жыцці. І ніколі дзеля дасягнення сваіх уласных карыслівых мэтаў, праз людзей не пераступаў. Гэтым і ганаруся!

Аляксандр Пуціла

21:56 06/08/2019





Fatal error: Call to undefined function setComment() in /var/www/park/bitrix/templates/bp_bel/components/bp/news/lenta/detail.php on line 93