АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Факел, якім Аляксандр Мядзведзь запаліў агонь Алімпіяды-80, прадаецца з аўкцыёну

У Мінску знайшоўся факел, якім барэц Аляксандр Мядзведзь запаліў агонь Алімпіяды-80 у чашы стадыёна "Дынама". Артэфакт прадаецца з аўкцыёну, стартавая цана — 1 рубель.

Факел, якім Аляксандр Мядзведзь запаліў агонь Алімпіяды-80, прадаецца з аўкцыёну
Па словах арганізатара электронных таргоў, пасля Алімпіяды факел доўгі час захоўваўся ў чыноўніка, які займаўся спартыўнай сферай у БССР, і ў яго нашчадкаў. Тыя вырашылі, што артэфакт больш не павінен пыліцца на антрэсолях, і папрасілі сябра заняцца яго продажам.


Аляксандр Мядзведзь распавёў Еўрарадыё, што пасля Алімпійскіх гульняў атрымаў адзін з факелаў у падарунак ад аргкамітэта. Пазней славуты спартсмен перадаў яго ў музей Нацыянальнага Алімпійскага камітэта, дзе артэфакт знаходзіцца і цяпер. "Ніхто яго прадаваць не будзе — я нікому не дазваляю", — дадаў славуты барэц.

Аляксандру Васілевічу няма пра што хвалявацца — факел, які ён перадаў у музей НАК, застанецца на сваім месцы. У суправаджальнай інфармацыі пра яго не пазначана, што гэта менавіта той факел, якім у чашы на стадыёне "Дынама" быў запалены алімпійскі агонь. Больш за тое — на факеле, выстаўленым у музеі НАК, няма слядоў сажы — па ім відаць, што ён ні разу не выкарыстоўваўся.

На продаж жа выстаўлены іншы факел. Першапачаткова арганізатар аўкцыёну прапанаваў музею НАК выкупіць яго. Але кіраўніцтва музея не выказала зацікаўленасці ў гэтым.

Факелы, якімі запальвалі алімпійскі агонь у чашах на стадыёнах, канструкцыйна адрозніваюцца ад тых, якія спартсмены перадавалі адно аднаму на эстафеце. Усяго на шляху агню з Грэцыі ў СССР было выкарыстана больш за 6 тысяч факелаў. Канструктары артэфакта нават атрымалі на яго патэнт. Савецкі факел лічыцца адным з самых надзейных у гісторыі сучасных Алімпіяд.

ДАВЕДКА: Агонь для Алімпіяды-80 быў атрыманы 19 чэрвеня 1980 года ў Алімпіі — па традыцыі з дапамогай сонечных прамянёў і ўвагнутага люстэрка. Эстафета працягвалася больш за 5 тысяч кіламетраў, было выкарыстана больш за 6 тысяч факелаў. 18 ліпеня 1980 года алімпійскі агонь даставілі ў Маскву, дзе каля будынка Массавета была запалена малая цырыманіяльныя чаша.

У той жа вечар былі запаленыя чатыры факелы для гарадоў-спадарожнікаў Алімпіяды: Мінска, Кіева, Ленінграда і Таліна. Ад імя Мінска алімпійскі агонь атрымала гімнастка Вольга Корбут. За ноч яго цягніком даставілі ў Мінск, дзе прайшла яшчэ адна невялікая эстафета. Факел прынеслі на Цэнтральную [зараз — Кастрычніцкая. — Еўрарадыё] плошчу беларускай сталіцы і пакінулі "пераначаваць" у часовай чашы.

Алімпіяда адкрылася 20 ліпеня 1980 года. У гэты дзень факел быў дастаўлены на стадыён "Дынама", дзе алімпійскі агонь запаліў трохразовы алімпійскі чэмпіён, барэц Аляксандр Мядзведзь.


09:57 20/06/2019


Загрузка...
Загрузка...