АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Перапiс - 2019 Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Першая беларуска, якая гуляе ў футбол у хіджабе і трымаецца Рамадана

У першым чвэрцьфінальным матчы жаночага Кубка Беларусі брамніца «Славянкі» Лізавета Мухтар здзівіла ўсіх, з'явіўшыся на полі ў хіджабе — традыцыйнай мусульманскай хустцы.

Першая беларуска, якая гуляе ў футбол у хіджабе і трымаецца Рамадана
1 из 3
 У яшчэ адным змаганні ў Мінску — ужо сёмага тура чэмпіянату супраць «Іслачы-РДВАР» — дзяўчына таксама гуляла з пакрытай галавой. Увагу на беларускую футбалістку ў хідбжабе звярнула Tribuna.com.
Як аказалася, дзяўчына прыняла іслам і менавіта таму пачала гуляць у хіджабе. Да нядаўняга часу галаўная хустка ў жаночым футболе выклікала мноства спрэчак. Да прыкладу, у 2010 годзе ФІФА заявіла, што дзяўчаты са зборнай Ірана, якія традыцыйна гуляюць з пакрытымі галовамі, павінны зняць хіджаб на час матчаў першай юнацкай Алімпіяды ў Сінгапуры. Алімпійскі камітэт Ірана падняў сусветную грамадскасць — і футбалісткі адстаялі права гуляць у хустках.

Пры гэтым замежным футбалісткам у іранскай дзяржаве таксама даводзіцца адзявацца ў хіджаб. Напрыклад, у 2016-м гэта зрабіла зборная Расіі па міні-футболе.

Але бываюць і выключэнні. У сакавіку два таварыскія матчы ў Іране праводзіла беларуская нацыяналка. Нашым дзяўчатам хусткі надзяваць не прыйшлося.

Праўда, палёгка тычылася толькі стадыёна, дзе на трыбунах сядзелі выключна дзяўчаты (мужчыны з нашай дэлегацыі не лічацца). А вось за межамі арэны беларускам усё ж прыйшлося пакрыць галовы.

У Беларусі няма забароны на нашэнне хіджабаў у грамадскіх месцах і тым больш на футбольным полі, таму Лізавета можа лёгка гуляць у хустцы.

Гісторыя з Лізаветай яшчэ цікавая тым, што ў гэтыя дні ідзе святы для ўсіх мусульман месяц Рамадан, у які неабходна пасціцца. У гэты час прыхільнікам ісламу забараняецца есці і піць ад світання да заходу сонца. У 2019-м Рамадан праходзіць з 6 мая па 4 чэрвеня.

Пасціцца і брамніца «Славянкі». Tribuna.com распытала Лізавету, як яна аказалася ў ісламе, што пра гэта думаюць у яе асяроддзі і ці не складана трэніравацца ў Рамадан.

— Наогул, нядоўга адважвалася на прыняцце ісламу. Спатрэбілася дзесьці менш за год. Глядзела на мужа — ён падаваў мне прыклад. Проста прапанаваў, а я пагадзілася. Так усё і пачалося.

Іслам я прымала не ў мячэці, а дома. Наогул, гэта можна рабіць у любым месцы, але ў прысутнасці мусульман. У мячэці зарэгістравалі наш шлюб. Муж у мяне з Лівіі. Ён вучыўся ў магістратуры БДУ на міжнародных адносінах.

— Як акружэнне прыняло ваш выбар?

— Паверце, кола сяброў у мяне засталося ранейшым: не павялічылася, але і дакладна не паменшылася. Ды і бацькі прынялі маё рашэнне, адэкватна пагаварылі.

— Няўжо яны нічога не сказалі? Можа, спрабавалі адгаварыць?

— Мама нармальна паставілася, хоць трохі засмуцілася першапачаткова. З часам пачала падтрымліваць мой выбар. Нават хадзілі разам хіджаб купляць.

— Атрымліваецца, зараз вы ўвесь час ходзіце з пакрытай галавой?

— Наогул, падчас месяца Рамадан неабходна пастаянна надзяваць хіджаб: на вуліцы, трэніроўках, з сябрамі. Вядома, акрамя свайго дома. У звычайныя дні ў мяне — па жаданні. Магу хадзіць з сябрамі і мець стасункі без хусткі. Але ў ідэале трэба пастаянна быць з пакрытай галавой.

— Маеце стасункі з іншымі мусульманамі?

— У мужа ёсць сябры — камунікую з імі. У аднаго з іх дзяўчына-мусульманка. З ёй таксама завязаліся сяброўскія адносіны.

— Каб маліцца, неабходна хаця б крыху ведаць арабскую мову. Як у вас поспехі з ёй?

— Да прыняцця ісламу трохі разумела гутарковую мову. Ад сяброў мужа навучылася. Але ў іх не класічная арабская — хутчэй лівійска-італьянская арабская. Змяшаная гаворка. Яе быццам як разумею. З чытаннем праблемы. Што тычыцца малітваў, то вучу, як яны гучаць на арабскай, і ведаю рускі пераклад. Малюся, як і ўсе мусульмане, пяць разоў на дзень.

— Цікава, як ваша рашэнне стаць мусульманкай ўспрыняла каманда?

— Нічога такога. Дзяўчаты і трэнерскі штаб паставіліся нейтральна. Гэта мой выбар. Я ж не легіянер. У футболе немагчыма без жартаў, таму дзесьці яны праходзяць з гэтай нагоды.

— У хіджабе зручна трэніравацца?

— Калі не горача, то праблем дакладна не ўзнікае. Цяпер у нас добрыя ўмовы надвор'я для гэтага. Ніякага дыскамфорту не адчуваю — усё зручна. Агляду нічога не перашкаджае. Павінны быць цалкам закрытыя рукі і ногі. Падчас Рамадана адзяваю тэрма і доўгія ласіны, калі ўсе дзяўчынкі ў майках і шортах. Калі месяц скончыцца, то пры жаданні змагу на поле выйсці і ў кароткіх штанах. Але, паўтаруся, хіджаб трэба кожны дзень насіць.

— Падчас Рамадана ў нашых шыротах можна есці і піць прыкладна з 21:30 да 3:00…

— Трохі папраўлю — да 02:40. Паколькі цяпер Рамадан, крыху складана трэніравацца і гуляць. Нават у штодзённым жыцці ўзнікаюць невялікія цяжкасці. «Славянка» ж непрафесійная каманда. Дзяўчаты дзень працуюць, а ўвечары трэніруюцца. Таму з'яўляюцца складанасці.

Па першым часе быў нейкі перыяд, калі з цяжкасцю прачыналася на начны прыём ежы. Ды і трэніравацца няпроста на галодны страўнік. Хоць на апошняй гульні нічога такога не адчувала. Можа быць, за кошт неспякотнага надвор'я крыху лягчэй было. Гэта не першы Рамадан у маім жыцці — другі год пашчуся.

Падчас выязных матчаў я спыняю пост. Па мусульманскіх канонах, калі з'язджаеш ад дому на 90 і больш кіламетраў, то можна пачынаць есці і піць. Аднак потым прапушчаныя дні неабходна папоўніць пасля заканчэння Рамадана.

— Памятаю, у мінскім «Дынама» гуляў суайчыннік вашага мужа Махамед Мунір. Падчас Рамадана ён трэніраваўся па начах. У вас няма такой жа спецыяльнай падрыхтоўкі?

— Так, мы размаўлялі з ім. Што тычыцца мяне, то я ўначы не трэніруюся. Вядома, увечары можна пайсці ў трэнажорную залу. Але ў той жа час мне трэба шмат чаго прыгатаваць з ежы — складана ўсё сумясціць. У Рамадан наогул на трэніроўку патрапіць для мяне праблематычна з улікам таго, што ў мяне на працы змяніўся графік.

— І колькі асабіста ў вас зараз трэніровак?

— Імкнуся хоць бы раз на тыдзень прыйсці і пазаймацца. Асабліва не атрымліваецца. Але ўжо няшмат засталося да канца месяца.

— А сама каманда колькі разоў трэніруецца?

— Мінімум тройчы на тыдзень. Займаецца на штучным полі АБФФ.

— Часта мужа бачу на трыбунах. Цікавіцца вашай кар'ерай?

— Ён і сам у футбол гуляе. Выступае ў асноўным у аматарскіх лігах. Каманд у яго шмат. Адну з іх ён з хлопцамі сабраў — Red Star. У многіх турнірах бяруць удзел — АЛФ, Прэм'ер-ліга, «Тэрыторыя футбола». Усюды патроху. А так наогул трэніруецца з камандай «Пеналька» з Прэм'ер-лігі.

Што тычыцца мяне, то ён стараецца падтрымліваць. Прыходзіць на мае матчы і трэніроўкі.

— Разбіраеце гульні потым?

— Вядома! Асабліва міні-футбольныя матчы. У мяне заўсёды пасля такіх гульняў шмат пытанняў. Кажа пра памылкі, дзе і як згуляць трэба было. Таму аналізуем кожны мой паядынак.

На самай справе, ніколі не было думак скончыць з футболам. Але яны могуць і з'явіцца, бо працу добрую таксама неабходна знайсці. Аднак з футболам развітвацца не хочацца. Таму стараюся са «Славянкай» сумяшчаць працу. Як аказалася ў футболе? З хлопчыкамі гуляла за Мінскі раён. Паехалі на зборы, дзе трэнер Юрый Веніямінавіч Расолька мяне прыкмеціў. Потым у дублі жаночага «Мінска» апынулася. Агулам восем гадоў у футболе.

Дзмітрый Сіняк, Tribuna.com, фоты vk.com/wfcisloch, amfr.ru, premierliga.by


17:09 30/05/2019


Загрузка...
Загрузка...