АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

"Барселона" прайграла "Ліверпулю" 0:4 i вылецела з Лігі чэмпіёнаў

Ніхто не чакаў гэтага, але пасля перамогі 3:0 на сваім полі "Барселона" саступіла "Ліверпулю" 0:4 у матчы ў адказ і вылецела з Лігі чэмпіёнаў 2019 года. Перамогу брытанскай каманды ўжо называюць гістарычным камбэкам. "Ліверпуль" выходзіць у фінал цяперашняй ЛЧ, дзе сустрэнецца з пераможцам пары "Аякс" — "Тотэнхэм".

Нягледзячы на тое, што галоўная зорка "Ліверпуля", егіпецкі нападаючы Махамед Салах, траўмаваны і так і не выйшаў на поле, англічане пачалі матч жвава і адыгралі адзін мяч ужо да 7-й хвіліне. Але "Барселона" перахапіла ініцыятыву і стала атакаваць. Зрэшты, ні адзін з момантаў, створаных Месі і Суарэсам, не скончыўся ўзяццем варот.

У перапынку трэнер "Ліверпуля" Юрген Клоп замяніў Робертсана на Вейналдума. І не пралічыўся: 28-гадовы галандзец зрабіў гэты матч. Ён двойчы забіў: на 52-й і 54-й хвіліне — і зрабіў лік па суме двух матчаў нічыйным: 3:3.

Пасля гэтага каманды зайгралі асцярожней. Але на 79-й хвіліне здарылася няўяўнае. Разыгрываючы кутнік, Аляксандар-Арнольд не стаў чакаць, пакуль гульцы "Барселоны" вернуцца да сваіх варот, а хутка аддаў мяч у цэнтр штрафной на Арыгі, які з 11 метраў расстраляў Тэр Стэгена.

За хвіліны, што засталіся да канца матча, дэмаралізаваная "Барселона" не змагла стварыць небяспечных момантаў каля варот "Ліверпуля". Каманда Юргена Клопа выходзіць у фінал. Яе супернік вызначыцца ўвечары 8 траўня ў матчы "Аякс" — "Тотэнхэм". Першую сустрэчу з лікам 1:0 выйграла каманда з Нідэрландаў.

euroradio.fm
07:47 08/05/2019


Загрузка...
Загрузка...