АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

Беларус упершыню далучыўся да 10-дзённага забегу ў Нью-Ёрку і ўзяў срэбра

Лідскі актывіст Таварыства беларускай мовы Лявон Анацка прабег 1079 км за 10 содняў на 24-м штогадовым 10-дзённым забегу імя Шры Чынмоя ў ЗША і стаў другім сярод 34 удзельнікаў узростам ад 26 да 71 года з самых розных краінаў.


Беларус упершыню далучыўся да 10-дзённага забегу ў Нью-Ёрку і ўзяў срэбра
Ніколі дагэтуль беларусы не бралі ўдзел у гэтым забегу, тым больш не займалі адно з прызавых месцаў. Першым у марафоне ў гэтым годзе прыбег прадстаўнік Манголіі, а трэцім – тайванец. Другое ж месца заняў беларус!

«Пераможцам я сябе сябе сапраўды трошкі адчуваю. Настрой цудоўны. Мая галоўная мэта была – паўдзельнічаць. Цягам 10-ці дзён я па сто з нечым кіламетраў прабягаў і вельмі задаволены вынікам. Надвор’е складанае было. Вільготнае паветра каля акіяну, вецер змяняўся. Але пабегаўшы па снезе ў Лідзе, было не так страшна. Адзін дзень намёт уначы заліло, але, на шчасце, я ўзяў зімовую вопратку. Тэхнічна я, канешне, не быў падрыхтаваны. Не так, як у майго суперніка з Манголіі, з якім 10 чалавек каманды прыехала. Аднак я ўсім і кажу, што пабыў на курорце, бо бег сабе ў задавальненне. Пакуль бег, глядзеў як распускаюцца сады ў парку, як людзі адпачываюць», – кажа Лявон Анацка.

Звышмарафоны лідскі актывіст пачаў бегаць толькі 4 гады таму, аднак за гэты час ужо паспеў прабегчы больш за 30 тыс. км. Дзякуючы апошняй перамозе, Лявон Анацка будзе дапушчаны да марафону 3100 міль, які адбудзецца ў Нью-Ёрку праз два месяцы ў сярэдзіне ліпеня. Гэта самы складаны ў свеце прабег, які доўжыцца 52 дні і агулам складае амаль 5 тыс. км.
 «Учора мяне лекар аглядваў, які дапускае да марафону ў 3100 міль. Сказаў, што ўсё ў норме, таму я вельмі рады. У свеце толькі 12 чалавек яго бегае. Гэта вельмі прэстыжны прабег, і я зноў буду першым з беларусаў. Можа, тады мне будзе прасцей прасоўваць наш беларускі ультрамарафон у міністра. Прыемна, што я магу паказаць на сваім прыкладзе, што весці здаровы лад жыцця можна ў любым узросце. Галоўнае – рабіць гэта з розумам, быць у кантакце з прыродай, атрымліваць радасць ад жыцця», – зазначыў звышмарафонец.

Як распавёў спадар Лявон, на забегу яго падтрымлівалі два нью-ёркскіх беларуса, якія забяспечвалі бегуна неабходнай вопраткай, абуткам, ежай і абсталяваннем.
 «Я, калі прабягаў сваіх сяброў, стараўся бегчы хутчэй, – распавядае Лявон Анацка. – Іх дапамога – гэта 30 адсоткаў кіламетраў, якія я прабег. Перад тым як называць маё імя, я папрасіў каментатара, каб дадалі, што я з Беларусі. Мне прыемна, што слова «Беларусь» лішнія сто разоў прагучыць у Нью-Ёрку. А зараз у маіх планах што? Паесці, адпачыць. Адзін індус, з якім я пазнаёміўся, запрасіў мяне ў Індыю на марафон у наступным годзе. Трэба рыхтавацца».

Лявон Анацка прызнаецца, што яму вельмі патрэбна маральная і фінансавая падтрымка. Хто жадае дапамагчы, можа звяртацца да спадара Лявона праз «Facebook», або па нумары тэлефона +375297896608. Паколькі зараз спартовец знаходзіцца ў ЗША, скантактавацца з ім можна праз «Viber».

Лявон Анацка ўжо каля 20-ці гадоў узначальвае лідскі філіял «Таварыства беларускай мовы», працаваў у Беларускім хельсінкскім камітэце, у Фондзе Льва Сапегі, каля васьмі год быў дэпутатам гарадской Рады ў Лідзе. Каб зарабіць на свае першыя марафоны, працаваў на Лідскай абутковай фабрыцы. Сёння яму ўжо 57 гадоў, аднак гэта не спыніла беларуса стаць сусветна вядомым спартоўцам.

belsat.eu
10:50 04/05/2019


Загрузка...
Загрузка...