АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Харчовыя войны Курапаты Выбары прэзідэнта Украіны Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

Па факце смерці ў Лідзе 16-гадовага спартсмена распачалі крымінальную справу

Па факце смерці ў Лідзе 16-гадовага навучэнца аддзялення цяжкай атлетыкі філіяла Гродзенскай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзерву Андрэя Дараховіча распачалі крымінальную справу.

Як інфармуе прэс-служба Следчага камітэта, па ёй праходзіць 18-гадовы мясцовы жыхар. Яго падазраюць у прычыненні смерці па неасцярожнасці, што адбылося ўвечары 1 красавіка ў распранальні спартыўнай залы навучальнай установы. Гаворка ідзе пра “фізічнае ўздзеянне” з боку падазраванага. Праверка паказала, што існуе сувязь паміж ім і смерцю юнака. Аднак расследаванне працягваецца, прызначаныя экспертызы. Падазраваны знаходзіцца на волі.

Як інфармавала Еўрарадыё, пра смерць Дараховіча “пасля планавай трэніроўкі” 2 красавіка паведаміла прэс-служба Міністэрства спорту і турызму. Нібыта, пасля трэніроўкі хлопцу стала кепска, была выклікана хуткая дапамога, але лекары не змаглі выратаваць жыццё. У той жа дзень прэс-служба Следчага камітэта паведаміла, што правяраецца версія пра магчымую сувязь паміж гібеллю Андрэя Дараховіча і канфліктам, які адбыўся пасля трэніроўкі. Як бачым, сувязь такую знайшлі.

У інтэрв’ю Радыё Свабода бацькі Дараховіча, якія жывуць у Скідзелі (у сям’і яшчэ ёсць двое дзяцей — дзяўчынкі ва ўзросце 18 і 2 гадоў), заявілі пра існаванне “дзедаўшчыны ў спорце”. Са слоў навучэнцаў, кандыдат у майстры спорту “прабіваў фанеру” — біў хлопцу кулаком у грудзі. Андрэй страціў прытомнасць, ротам у яго пайшла кроў. Праз гадзіну ён памёр.

17:11 12/04/2019


Загрузка...
Загрузка...