АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Хакеістаў «Юнацтва» падазраюць у абарачэнні наркотыкаў. Іх затрымалі з гашышам

Хакеістаў мінскага «Юнацтва» падазраюць у незаконным абарачэнні наркотыкаў. Магчыма, факты былі не адзінкавыя, паведамляе МУС.


Хакеістаў «Юнацтва» падазраюць у абарачэнні наркотыкаў. Іх затрымалі з гашышам
Увечары 1 красавіка нарад міліцыі Цэнтральнага РУУС патруляваў наваколлі сталічнага праспекта Пераможцаў. Увагу супрацоўнікаў прыцягнулі два маладыя чалавекі, якія, убачыўшы вартавых парадку, прыняліся нервова хаваць нешта ў кішэнях.

На прапанову прад'явіць усё, што ў кішэні, хлопцы дасталі два палімерныя слоічкі з падобным на гашыш прэсаваным рэчывам, папяровы скрутак з ідэнтычным змесцівам, тры пакуначкі насваю, шкляныя трубачкі, якімі можна карыстацца пры спажыванні наркотыкаў. Неўзабаве высветлілі і асобы затрыманых — імі аказаліся абаронца і нападаючы хакейнага клуба «Юнацтва-Мінск». Канфіскаванае рэчыва сапраўды з'яўляецца гашышам.

Супрацоўнікі аддзялення па наркакантролі высветлілі, што да распаўсюджвання наркотыку непасрэднае дачыненне маюць яшчэ двое хакеістаў клуба, іх затрымалі на наступны дзень. Высветлілася, што канфіскаваны гашыш — рэшткі пасля нядаўняй загараднай вечарынкі аднаклубнікаў.

Праваахоўнікі будуць высвятляць схемы распаўсюджвання наркотыка ў камандзе, наколькі доўга і рэгулярна яе члены ўжывалі забароненыя рэчывы, якое кола хакеістаў (і не толькі іх) удзельнічала ў гэтым.

Распачатыя крымінальныя справы на падставе чч. 1, 2 арт. 328 Крымінальнага кодэкса (незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў).

16:21 04/04/2019


Загрузка...
Загрузка...