АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Старшыні Саюзу палякаў Борыс працягнулі арышт на 3 месяцы. Імаверна, Пачобуту таксама

Стала вядома, што старшыні Саюзу палякаў Беларусі Анжаліцы Борыс працягнулі тэрмін знаходжаньнея пад вартай да 25 лютага 2022 году. Такое рашэньне ўхваліў Сьледчы камітэт Беларусі.

Яна знаходзіцца за кратамі ўжо 8 месяцаў.

Імаверна, пастанова датычыць таксама другога зьняволенага лідэра польскай меншасьці Беларусі, журналіста Анджэя Пачобута, паведамляе сайт Znadniemna.pl (выданьне Саюзу палякаў Беларусі).

У «справе палякаў» былі таксама арыштаваныя актывісткі Саюзу палякаў зь Ліды, Ваўкавыску і Берасьця: Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава. Іх вызвалілі і прымусілі пакінуць Беларусь.

«Сьледчыя дагэтуль ня могуць перадаць крымінальную справу супраць палякаў у суд, што можа сьведчыць пра цяжкасьці са зборам доказаў віны арыштаваных ці зь неабходнасьцю зьмяненьня кваліфікацыі іхных учынкаў на такую, якую з пункту погляду сьледчых было б прасьцей даказаць», — зазначае партал znadniemna.pl. 

Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала Борыс і Пачобута палітычнымі вязьнямі і дамагаецца іх вызваленьня, гэткую ж пазыцыю маюць улады Польшчы

Па стане на 26 лістапада 888 чалавек у Беларусі маюць статус палітычных вязьняў.




12:35 26/11/2021


Загрузка...
Загрузка...