АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Праз чатыры месяцы — рэферэндум па Канстытуцыі. Колькі грошай ён каштуе?

У пачатку 2022 года нас чакае рэферэндум: будуць прымацца папраўкі ў Канстытуцыю, ініцыяваныя Аляксандрам Лукашэнкам. Галасаванне адбудзецца ў лютым. Але ж у якую суму падаткаплацельшчыкам абыдзецца правядзенне гэтага мерапрыемства? І як падлічыць?

Праз чатыры месяцы — рэферэндум па Канстытуцыі. Колькі грошай ён каштуе?
З гэтымі пытаннямі «Наша Ніва» звярнулася да Уладзіміра Кавалкіна, кіраўніка праекта «Кошт урада». 

«Адзінае, што мы можам зрабіць, гэта параўнаць, якія выдаткі былі на мінулыя выбарчыя кампаніі, — тлумачыць Уладзімір Кавалкін. — 

Калі паглядзець кошт прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, то зацверджаны бюджэт складаў 36 мільёнаў 830 тысяч рублёў. А па факце было выдаткавана 25 мільёнаў 374 тысячы.

Дакладна сказаць, чаму такая разбежка і на што менавіта трацяцца грошы, немагчыма, дэталізацыі гэтых выдаткаў няма. 

У 2019 годзе на парламенцкія выбары, што цікава, было закладзена ў бюджэт толькі 538 тысяч рублёў. А патрацілі 22 мільёны рублёў. 

У 2018 годзе праводзіліся выбары ў мясцовыя саветы. Яны каштавалі 19 мільёнаў 243 тысячы.

Адпаведна, на кожныя выбары за апошнія гады вылучаецца сума ад 20 да 25 мільёнаў рублёў. Мясцовыя абыходзяцца трохі танней, парламенцкія трохі даражэйшыя, і самыя дарагія — прэзідэнцкія выбары. 

Рэферэндум — мерапрыемства агульнанацыянальнага значэння, таму тут я б арыентаваўся на выдаткі параўнальныя з прэзідэнцкімі. Гэта будзе прыблізна 22-25 мільёнаў рублёў з карэкціроўкай на інфляцыю».

Дарэчы, у 2022 годзе будзе ўжо чацвёрты рэферэндум у гісторыі незалежнай Беларусі. У 1995 годзе па выніках рэферэндуму бела-чырвона-белы сцяг і «Пагоню» замянілі «старымі новымі» скапіяванымі з савецкіх сімваламі, надалі рускай мове статус дзяржаўнай, таксама Лукашэнка атрымаў права на датэрміновы роспуск парламента.

У 1996 годзе сярод іншых пытанняў прынялі новую рэдакцыю Канстытуцыі, якую прапанаваў Лукашэнка. У выніку паўнамоцтвы прэзідэнта значна пашырыліся, а мясцовых кіраўнікоў сталі не выбіраць, а прызначаць. У 2004 годзе рэферэндум даў права Лукашэнку ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах неабмежаваную колькасць разоў.

Варта адзначыць, што афіцыйныя вынікі кожнага з рэферэндумаў цалкам задавальнялі патрабаванні беларускіх уладаў.




08:17 27/10/2021


Загрузка...
Загрузка...