АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

«У Вашынгтоне пра Ігара гавораць кожны дзень». Джулі Фішэр патэлефанавала Дар’і Лосік

Дыпламат затэлефанавала Дар’і раніцай 20 кастрычніка. За дзень да гэтага адбылася сустрэча сваякоў палітвязняў з прадстаўнікамі ЕС.

Ігар і Дар'я Лосікі

Кансультант Радыё Свабода, палітзняволены Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня 2020 года. Суд у яго справе ідзе ў гомельскім СІЗА ўжо амаль чатыры месяцы. У аўторак, 19 кастрычніка, група прадстаўнікоў ЕС сустрэлася з блізкімі палітвязняў, у тым ліку з Дар’яй Лосік, паведамляе nashaniva.com са спасылкай на Радыё Свабода.

«Учарашняя сустрэча прайшла з прадстаўнікамі ЕС, — расказала Дар’я. — Мы абмяркоўвалі, як яны могуць дапамагчы зняволеным. Родныя некаторых расказвалі свае гісторыі. Прозвішчаў я не магу назваць, не ўсе хацелі, каб пра іх ведалі. У асноўным кожны расказваў, што нас насцярожвае на гэты момант. Чаго мы баімся, чаго б мы хацелі ад ЕС».

Дар’я Лосік апісвае сустрэчу як сяброўскую, даволі нефармальную. На ёй таксама размаўлялі пра тое, як можна паўплываць на сітуацыю з палітвязьнямі, спрыяць іх хутчэйшаму вызваленню.

«Я гаварыла, што вельмі важна, каб імёны Ігара і іншых палітвязняў згадваліся як мага часцей, — расказала Дар’я Лосік. — І што галоўнае зараз для ўсіх — гэта дастаць людзей з турмы. Я таксама расказала, у якім стане Ігар цяпер знаходзіцца ў турме. Пра суд нічога не змагла паведаміць, бо я нічога пра яго не ведаю. З лістоў, якія даходзяць, я бачу, што ўсё не так добра. Ягоны псіхічны стан мяне на гэты момант турбуе больш за ўсё. Пра гэта я расказвала на сустрэчы».

Раніцай 20 кастрычніка Дар’і Лосік затэлефанавала амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр.

«З Джулі Фішэр мы размаўлялі каля 20 хвілінаў, — гаворыць Дар’я. — Я расказала, што зараз адбываецца з Ігарам. Яна паведаміла мне, што пра Ігара ў Вашынгтоне гавораць практычна кожны дзень. І ніхто ні ў якім выпадку яго не забыў. Любымі спосабамі будуць яму дапамагаць, самае галоўнае — дапамагчы вярнуцца Ігару дадому. Джулі таксама сказала, што мы можам быць на сувязі ў любы момант. Калі раптам нешта здарыцца, альбо я буду ведаць пра тое, што з Ігарам нешта адбывалася, я заўсёды магу адразу пра гэта ёй паведаміць».

Дар’я таксама гаворыць, што была вельмі радая тэлефанаванню ад дыпламаткі. Акурат напярэдадні яна атрымала адразу пяць лістоў ад мужа і змагла расказаць пра стан Ігара больш.

«Мне было вельмі прыемна, — кажа Дар’я Лосік. — Я радая, што пра Ігара часта згадваюць. Гэта вельмі добра».

Пра завяршэнне працэсу ў справе Ігара Лосіка і іншых палітзняволеных (яго судзяць з Мікалаем Статкевічам, Сяргеем Ціханоўскім ды іншымі), якіх судзяць разам з ім, нічога не вядома. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, прысуд можа быць агучаны ўжо да канца месяца. На пачатку лістапада споўніцца роўна 500 дзён, як Ігар Лосік знаходзіцца ў няволі.


18:05 20/10/2021


Загрузка...
Загрузка...